Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За чый кошт жыве Крым пасьля анэксіі Расеяй


Эканамічны рост Крыму з пачатку 2017 года перавысіў 10%, паведамлялі крымскія чыноўнікі. Рэгіён прагрэсуе, гаворыцца ў матэрыялах «Мінэканамразьвіцьця Крыму»: даходы на душу растуць, беспрацоўе скарачаецца. Але за кошт чаго «расьце» эканоміка паўвостраву?

Да 2020 года датацыі і субсыдыі з расейскага фэдэральнага бюджэту павінны скласьці 79% бюджэту Крыму.

У бліжэйшыя гады Масква бязвыплатна пералічыць Крыму суму, роўную прыкладна тром гадавым бюджэтам Ульянаўскай вобласьці Расеі. Ці палова кошту Крымскага моста.

Даходы самога Крыму — за кошт здабычы карысных выкапняў. Амаль 90% прыбытку крымскіх прадпрыемстваў і арганізацыяў прыпадаюць на продаж газу і руды.

Паліграфія, мэталюргія, вытворчасьць транспартных сродкаў і абсталяваньня прыносяць толькі страты.

Стратнае ў Крыме кожнае трэцяе прадпрыемства (35%), паведамляла выданьне «Крым. Реалии» ў студзені 2018 году. Гэта адносіцца нават да гатэльна-рэстаранага бізнэсу — тут у мінус працуе амаль кожны другі гатэль або рэстаран (46,7%).

За 2017 год крымскія прадпрыемствы заплацілі на 23% падаткаў менш, чым у 2016 годзе.

Паводле кіраўніка анэксаванага Крыму Сяргея Аксёнава, расьце колькасьць інвэстыцыяў у Крым.

«Аб’ём заяўленых інвэстыцыяў у рамках свабоднай эканамічнай зоны ўжо перавысіў 100 мільярдаў рублёў, а колькасьць яе ўдзельнікаў пераваліла за тысячу. Сярод іх, дарэчы, ёсць замежныя ўдзельнікі», — заявіў Аксёнаў.

Пры бліжэйшым разглядзе аказваецца, што амаль 80% гэтых інвэстыцыяў — сродкі з таго ж фэдэральнага бюджэту. Сярод прыватных інвэстараў — расейскія бізнэсмэны Чайка-малодшы, Кавальчук, Косьцін.

Пры гэтым толькі 32 з 186 крымскіх інвэстыцыйных праектаў рэалізуюцца насамрэч, паведамляла выданьне Крым. Реалии, спасылаючыся на міністра эканамічнага разьвіцьця расейскага ўраду Крыму Андрэя Мельнікава.

Дзясяткі праектаў, заключаных у першыя гады пасьля анэксіі, ужо фактычна ануляваныя, пісаў праект Крым. Реалии ў канцы 2017 года. У тым ліку скасаваны інвэстыцыйны дагавор з фірмай расейскага актора Міхаіла Парэчэнкава аб стварэньні кінастудыі ў Сімфэропалі.

За 2017 год у анэксаваным Крыме пабудавалі амаль удвая менш жыльля, чым да анэксіі: 549,5 м2 супраць 963 м2.

Грузаабарот з 2016 года упаў на 10%. У 2013 годзе аўтамабільным транспартам перавезлі 17,6 млн тонаў — гэта ў сем разоў больш грузаў, чым у 2017 годзе (2,4 млн тонаў).

Крымскія цэны на нафтапрадукты завышаныя, але ўлады абяцаюць, што пасьля адкрыцьця Крымскага моста яны зраўняюцца з агульнарасейскімі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG