Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі запрацуе адзіная візавая прастора Беларусі і Расеі?


Беларуска-расейская мяжа. Фота @Shutterstock
Беларуска-расейская мяжа. Фота @Shutterstock

Такое пытаньне прагучала 15 траўня ў Менску, дзе прайшоў круглы стол адносна міграцыйнай палітыкі так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Аднак адказу на яго ні ў Менску, ні ў Маскве няма.

Ні намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня ў пытаньнях міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Расеі Дзьмітры Дземідзенка, ні намесьнік дырэктара другога дэпартамэнту краін СНД Міністэрства замежных спраў Расеі Дзьмітры Вятроў не змаглі сказаць журналістам, калі ж канкрэтна пачне дзейнічаць адзіная візавая прастора так званай саюзнай дзяржавы.

Паводле Дземідзенкі, чатыры раўнды перамоваў, якія ўжо правялі экспэрты дзьвюх краін, не зьнялі ўсіх пытаньняў.

«Нашыя заканадаўствы адрозьніваюцца працэнтаў на 20. Вось толькі адзін прыклад — тэрміны дзеяньня візаў, якія даюць замежнікам Беларусь і Расея, розныя. А трэба дамагчыся ўніфікацыі. І калі ўсё гэта будзе пройдзена, я не бяруся сказаць», — выказаўся Дземідзенка.

Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун патлумачыў Свабодзе, што меў на ўвазе ягоны расейскі калега.

Расея мае адпаведнае пагадненьне з Эўразьвязам, а Беларусь — не

«Расея мае адпаведнае пагадненьне з Эўразьвязам. І таму яна ў візавых пытаньнях прытрымліваецца прынцыпу шэнгену. Напрыклад, расейцы выдаюць гадавую візу грамадзяніну Нямеччыны. Па ёй ён мае права наведваць Расею па 90 дзён у кожным з паўгодзьдзяў. У нас жа такой дамовы з Брусэлем няма. І таму той жа нямецкі грамадзянін па беларускай візе можна знаходзіцца на нашай тэрыторыі ня болей за 90 дзён, але цягам не паўгодзьдзя, а цэлага году», — патлумачыў Бягун.

Чаму Масква і Менск не сьпяшаюцца

Калі канкрэтна запрацуе адзіная візавая прастора, дагэтуль невядома. Але, падобна, ня сёлета. Бо, як заўважыў намесьнік дзяржсакратара так званай саюзнай дзяржавы Аляксандар Кубрын, ёсьць плян мерапрыемстваў па адзінай візавай прасторы і ўзаемным прызнаньні візаў. Гэты дакумэнт ужо ўхваліў так званы саюзны Саўмін. А разьлічаны ён на 2017–2020 гады.

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў, камэнтуючы сытуацыю для Свабоды, адзначае, што ні Масква, ні Менск не сьпяшаюцца дапрацоўваць неабходныя дакумэнты.

«Мабыць, таму, што гэтая праблема ня ёсьць насамрэч актуальнай. І Расея, і Беларусь марудзяць. Калі б было супольнае жаданьне хутчэй стварыць адзіную візавую прастору, то яны ўжо знайшлі б нейкі кампраміс», — лічыць палітоляг.

Расея: Беларускі «бязьвіз» нам не пашкодзіў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG