15 жыхароў Валыні, у якіх забралі пашпарты, год адпрацавалі ў Беларусі і нічога за гэта не атрымалі.
Сьледчае ўпраўленьне паліцыі Валынскай вобласьці ў межах крымінальнай справы аб гандлі людзьмі просіць праваахоўныя органы Беларусі дапамагчы сабраць доказы вінаватасьці грамадзяніна Ўкраіны, які вэрбаваў жыхароў Валадзімір-Валынскага раёну Валынскай вобласьці для працы ў ААТ «Зэмбінскі» ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці.
Паводле матэрыялаў справы, падазраваны вывез у Беларусь 15 мясцовых жыхароў, якім паабяцаў вялікія заробкі і добрыя ўмовы працы, але на справе забраў у іх дакумэнты, каб яны не маглі вярнуцца дадому, і прысвойваў іхныя грошы.
Паліцыя Валынскай вобласьці просіць беларускія праваахоўныя органы правесьці агляд будынкаў і вагончыкаў, дзе пражывалі вывезеныя ўкраінцы, а таксама вылучыць дакумэнтацыю ААТ «Зэмбінскі» аб афармленьні іх на працу і налічэньні заробкаў. Паводле сьледзтва, украінцы працавалі ў ААТ «Зэмбінскі» з 1 студзеня 2016 году да 1 студзеня 2017-га і былі задзейнічаныя на выпасе кароў і доглядзе іх.
Згодна з украінскім заканадаўствам, грамадзяніну Ўкраіны, які «прадаваў людзей у працоўную эксплюатацыю», пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Справа расьсьледуецца з кастрычніка 2017 году. Імёны пацярпелых пакуль не называюцца.