Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 10 траўня прэзэнтавала прапановы зьмяненьняў у «наркатычны» артыкул 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Канапацкая падрыхтавала прапановы супольна з прадстаўнікамі афіцыйна не зарэгістраванай партыі «Беларускай хрысьціянская дэмакратыя».
У чым сутнасьць прапаноў
- Дзеці да 18 гадоў не павінны падлягаць крымінальнаму перасьледу. Цяпер жа крымінальная адказнасьць за захоўваньне і збыт наркотыкаў існуе з 14 гадоў.
- Тэрмін прысуду павінен вызначацца не па вазе знойдзеных наркотыкаў, як цяпер, а ў залежнасьці ад магчымай фінансавай выгады ад іх продажу.
- Прапануецца ўвесьці тры новыя паняцьці для ацэнкі колькасьці наркотыкаў: у значным памеры, у буйным памеры і ў асабліва буйным памеры.
- Прапануецца ўвесьці новае паняцьце «распаўсюд наркотыкаў праз інтэрнэт».
- Ніжняя мяжа тэрміну прысудаў павінна быць зьменшаная па ўсіх артыкулах, верхняя — па некаторых.
Працэс прыманьня зьменаў «ня просты»
На прэзэнтацыі прысутнічала група жанчын, чые дзеці асуджаныя па «наркатычным» артыкуле. Канапацкая патлумачыла ім, што працэс унясеньня зьменаў у заканадаўства «ня просты». Спачатку трэба атрымаць заключэньні пра зьмены ад зацікаўленых арганізацый, сярод якіх, напрыклад, Вярхоўны суд, Міністэрства юстыцыі ды іншыя.
Затым усе дакумэнты накіроўваюцца ў Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў на юрыдычную экспэртызу. І толькі пасьля гэтага дэпутат Палаты прадстаўнікоў можа ініцыяваць зьмены ў заканадаўства.
Яшчэ раней з ініцыятывай зьмякчэньня пакараньня па артыкуле 328 выступіла камісія па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў. Прапановы павінны былі паступіць у Палату ўжо зь меркаваньнямі ўраду яшчэ ў сакавіку. Але тых меркаваньняў дагэтуль няма.
Эўразьвяз таксама зацікаўлены ў зьменах
Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі амбасадарка Андрэа Віктарын, якая выступіла на прэзэнтацыі, заявіла, што неаднойчы ўздымала гэтае пытаньне перад беларускімі ўладамі. Яна сказала, што Эўразьвяз падтрымлівае дыфэрэнцыяцыю пакараньняў у залежнасьці ад аб’ёму наркотыкаў і што трэба разьдзяліць такія паняцьці, як ужываньне і збыт наркатычных сродкаў.
Па дадзеных БХД, у Беларусі больш за 15 000 чалавек асуджаныя паводле артыкула 328, многія зь іх непаўналетнія. Тэрміны пазбаўленьня волі за незаконны абарот наркотыкаў вагаюцца ад 6 да 14 гадоў.
Ад 27 красавіка 2018 году больш за 10 сваякоў зьняволеных трымаюць галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненьні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы.
Што важна ведаць пра галадоўку
- 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Каленкавічах і Востраве 14-я суткі. 10 траўня да іх далучылася Людміла Лапко зь Ліды.
- 11 траўня галадоўніцы з Каленкавічаў паедуць у Менск, каб каля адміністрацыі Лукашэнкі завяршыць галадоўку.
- Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьня адказнасьці для спажыўцоў наркотыкаў.
- Сустрэча галадоўніц з генпракурорам Беларусі, якая мелася адбыцца 4 траўня, адкладзеная на няпэўны час.
- 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Каленкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
- 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Каленкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
- Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула Крымінальнага кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.