Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328»: галадоўка пачалася на Горадзеншчыне


Ілюстрацыйнае фота. Сустрэча жанчын з руху «Маці 328» з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта 2 траўня 2018
Ілюстрацыйнае фота. Сустрэча жанчын з руху «Маці 328» з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта 2 траўня 2018

10 траўня апоўдні ў Лідзе пачала галадоўку Людміла Лапко. Яна далучылася да 11 жанчын з руху «Маці 328», якія працягваюць галадаць у Калінкавічах і Пухавіцкім раёне.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

  • 11 жанчын працягваюць галадоўку ў Калінкавічах і Востраве 14-я суткі. 10 траўня да іх далучылася Людміла Лапко зь Ліды.
  • 11 траўня галадоўніцы з Калінкавічаў паедуць у Менск, каб каля адміністрацыі Лукашэнкі завяршыць галадоўку.
  • Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці што да спажыўцоў наркотыкаў.
  • 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.
  • 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК кодэксу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.

Паводле Людмілы Лапко, яна падтрымлівае ўсе патрабаваньні галадоўніц і дадае да іх сваё, просіць асабістай сустрэчы са старшынём Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам.

З 2015 году я вяду барацьбу за адмену прысуду майму сыну, які атрымаў 11 гадоў нібыта за распаўсюд наркотыкаў, хоць доказаў гэтаму ніякіх няма.

«З 2015 году я вяду барацьбу за адмену прысуду майму сыну, які атрымаў 11 гадоў нібыта за распаўсюд наркотыкаў, хоць доказаў гэтаму ніякіх няма. Хачу паказаць спадару Сукалу раздрукоўку званкоў, на якую спасылаецца сьледзтва: дзе там распаўсюджаньне?» — сказала Свабодзе Людміла Лапко.

Жанчыны, якія ёй спачуваюць, аднесьлі пісьмовае паведамленьне аб галадоўцы ў Лідзкі райвыканкам. Паведамленьне ў Лідзкім райвыканкаме не прынялі і запатрабавалі, каб Лапко прыехала сама. Яна паехала ў райвыканкам.

Лапко таксама была расчараваная вынікамі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Валянціна Сукалы, пасьля якой старшыня Вярхоўнага суду заявіў у адрас галадоўніц, што «нельга ціснуць на правасудзьдзе».

«Гэтая сустрэча падарвала нашы надзеі, што нас пачулі і нешта сапраўды робіцца. Таму я вырашыла падтрымаць галадоўку», — заявіла Свабодзе Людміла Лапко.

«Ён нас не пачуў». Галадоўніцы з руху «Маці 328» адказалі на заяву Лукашэнкі

Паводле яе, на выходныя да галадоўкі ў Лідзе могуць далучыцца яшчэ жанчына зь Ліды і сямейная пара з Горадні.

У Горадні працягвае галадоўку Ларыса Жыгар, якая пачала галадаць у Пухавіцкім раёне і вярнулася ў свой горад. Паводле яе, на выходныя яна таксама зьбіраецца ў Ліду, каб патрымаць тых, хто там будзе галадаць.

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Праўда, пасьля выходных я мушу спыніць галадоўку з прычыны таго, што 18-га ў мяне прызначана доўгатэрміновае спатканьне з сынам у вязьніцы. Я папросту баюся, каб там не абамлець. А таму трэба выйсьці з галадоўкі і набрацца сілаў, падрыхтавацца да сустрэчы», — сказала Свабодзе Ларыса Жыгар.

5 пытаньняў арганізатарцы пратэсту руху «Маці 328» Ларысе Жыгар на 13 дзень галадоўкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG