Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы «Пясьняр» Віслаўскі запісаў «габрэйскі альбом» па-беларуску. АЎДЫЁ


Аляксандар Віслаўскі на канцэрце Studio Neman у Латвіі, 2016 год
Аляксандар Віслаўскі на канцэрце Studio Neman у Латвіі, 2016 год

Беларускі кампазытар і сьпявак Аляксандар Віслаўскі, які раней граў у ансамблі «Песьняры» і гурце Rouble Zone, а цяпер мае праект Studio Neman, прадставіў на TuzinFM альбом «Толькі б яўрэі былі» — складанку габрэйскіх песень, выкананых на беларускай мове.

У альбом увайшлі сьпевы на словы габрэйскіх паэтаў і народныя габрэйскія сьпевы і гімны, перакладзеныя на беларускую Рыгорам Барадуліным і Алесем Камоцкім, а таксама песьні Барадуліна на габрэйскую тэму. Музыку да паловы песень напісаў сам выканаўца. Самай папулярнай на ранейшых выступах, кажа аўтар, была джазавая «Тумбалалайка».

Прэзэнтацыя альбома адбудзецца на сольным канцэрце ў Ерусаліме 17 траўня, яна будзе прымеркаваная да 70-годзьдзя ўтварэньня дзяржавы Ізраіль.

Аляксандар Віслаўскі ўжо выступаў зь «беларускай габрэйскай» праграмай у Расеі, Украіне, краінах Балтыі, Фінляндыі... Але не ў Беларусі: кажа, тут праграма не запатрабаваная.

«Я не імкнуўся асабліва: прапаноўваў там нешта з кімсьці зрабіць, паўсюль трэба плаціць нейкія грошы... — кажа Віслаўскі Свабодзе. — Але людзі чулі гэта ў іншых краінах. Нехта выпадкова недзе пачуў, дык тут жа запрасілі на тэлевізію ў Фінляндыі, запісалі пяць перадачаў. Зьнялі 19 кліпаў на дзьве праграмы — па ўсёй Эўропе круцяць...»

Ён згадвае, што калі ў 1994 годзе ў Менску рабілі фэстываль габрэйскай песьні, то ў Палац спорту людзі не зьмясьціліся — давялося выносіць калёнкі на вуліцу для тых, каму не хапіла месца ў залі.

Віслаўскі адзначае, што на слабую ўвагу да альбома не крыўдуе, дый запісваў песьні ён ня дзеля папулярнасьці. Маўляў, проста «Бог паклаў на сэрца так зрабіць».

Нацыянальная сьвядомасьць вяртаецца да беларускіх габрэяў

Віслаўскі адзначае, што Беларусь можа лічыцца радзімай для шматлікіх габрэяў: на гэтых землях габрэі жывуць больш за паўтысячы год, маюць глыбокія карані, ідыш быў адной зь дзяржаўных моваў БССР у 1919–1936 годзе, «габрэйскіх пагромаў» на беларускай зямлі амаль не было, калі яны былі па ўсіх суседніх краінах. Цытуе верш Янкі Купалы «Жыды»...

Ён прыгадвае, як бабуля казала яму, што ў нас няма ніводнай сям’і без габрэйскай крыві — і пагаджаецца з гэтым.

Але пасьля 1930-х у кіраўніцтва СССР рэзка пагоршылася стаўленьне да габрэяў, зьявіўся карыкатурны вобраз кепскага «сыяніста-імпэрыяліста» — гэта пакінула глыбокі адбітак у грамадзтве.

Віслаўскі сьцьвярджае, што шмат якія знаёмыя яму габрэі ніколі сябе такімі не назавуць, але паступова нацыянальная сьвядомасьць вяртаецца да беларускіх габрэяў, людзі пачынаюць шукаць свае карані і зьвяртацца да сваёй культуры.

Пасьля прэзэнтацый «беларускай габрэйскай» праграмы Віслаўскі зьбіраецца заняцца альбомам на вершы Янкі Купалы, які ўжо амаль гатовы да выданьня. У яго ўвойдзе і песьня на верш «Жыды».

Слухайце таксама: Альбом Аляксандра Віслаўскага і Studio Neman «Маленьне за Беларусь» на вершы Рыгора Барадуліна >>>

Што страціла Беларусь з ад’ездам габрэяў — Шымон Брыман пра сонныя мястэчкі і пасіўную абшчыну

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG