Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі чатыры мовы роўныя». Што кажуць пра беларусізацыю 1920-х дакумэнты з украінскіх архіваў


Адразу пасьля ўстанаўленьня на большай тэрыторыі Беларусі камуністычнай улады, дзеячы Беларускай народнай рэспублікі і іншыя «беларускія буржуазныя нацыяналісты» трапілі пад перасьлед. Але ў першыя гады сваёй улады камуністы дэкляравалі неабходнасьць вырашэньня «нацыянальнага пытаньня». Найперш, калі меркаваць па архіўных дакумэнтах, ішлося пра неабходнасьць падтрыманьня беларускай культуры і мовы.

Пры гэтым галоўнай прычынай, якая нібыта перашкаджала беларусізацыі, на нарадах часта называлі распаўсюджаны да сёньня аргумэнт — людзі ня хочуць размаўляць па-беларуску і ня хочуць атрымліваць адукацыю на «ламанай» мове.

Беларускае і ўкраінскае пытаньне як агульнае для Саветаў

У Дзяржаўным архіве найвышэйшых органаў улады і кіраваньня Ўкраіны захоўваюцца беларускія дакумэнты ад 1918 і да савецкіх часоў.

У гэтым будынку захоўваюцца архівы вышэйшых органаў улады Ўкраіны
У гэтым будынку захоўваюцца архівы вышэйшых органаў улады Ўкраіны

Дакумэнты беларускага (ужо савецкага) ураду траплялі ва Ўкраіну паводле звычайнага абмену — рэгіянальныя ўлады інфармавалі суседзяў пра свае рашэньні, якія маглі стаць і для іх узорам. У межах такога абмену ва Ўкраіну пад грыфам «сакрэтна» ўжо ў друкаваным выглядзе на беларускай і расейскай мовах накіроўваліся пратакольныя запісы паседжаньняў Савету народных камісараў і Прэзыдыюму Выканаўчага камітэту БССР.

Такой запіскай з грыфам «сакрэтна» суправаджаліся ўсе дакумэнты зь Беларусі
Такой запіскай з грыфам «сакрэтна» суправаджаліся ўсе дакумэнты зь Беларусі

Больш як дзесяць гадоў пасьля кастрычніцкіх падзеяў 1917 году дакумэнты выдаваліся на тагачасным агульнапрынятым правапісе — «тарашкевіцы». Ва Ўкраіну не дасылаліся толькі сакрэтныя рашэньні, хаця яны і разглядаліся на кожным паседжаньні. Усе пратаколы спраўджваліся беларускамоўнымі факсыміле тагачасных кіраўнікоў.

Подпісы старшыні і сакратара Цэнтральнага выканаўчага камітэту Беларусі А. Чарвякова і А. Хацкевіча
Подпісы старшыні і сакратара Цэнтральнага выканаўчага камітэту Беларусі А. Чарвякова і А. Хацкевіча

«Узяць рашучы курс на беларусізацыю»

У сярэдзіне 1920-х гадоў пытаньне беларусізацыі было адным з найчасьцейшых у парадку дня органаў улады. Тады яшчэ частка Гомельскай вобласьці тэрытарыяльна належала ЎССР, а Смаленскай — РСФСР. А ўжо 1 сакавіка 1924 году Рада народных камісараў БССР заслухала справаздачу адмысловай камісіі пра «прыёмку ўездаў Гомельскай і Смаленскай губэрній, якія адышлі БССР». Праўда, яшчэ год пасьля гэтага, прадстаўнікі Народных камісарыятаў адукацыі Расеі, Беларусі і Ўкраіны зьбіраліся на нарады для вырашэньня «нацыянальных пытаньняў».

Паводле тагачасных вышэйшых органаў улады Беларусі, пераход на беларускую мову мусіў закрануць усе сфэры жыцьця — ад адукацыі да выкарыстаньня мовы на бытавым узроўні.

Напрыклад, у чэрвені 1930-га ЦВК БССР разглядаў пытаньне «Аб становішчы беларусізацыі вайсковых частак». Яе тэмпы былі прызнаныя недастатковымі, але такая ацэнка ўвязвалася менавіта з «супраціўленьнем з боку варожых капіталістычных элемэнтаў»:

Пратакол паседжаньня ЦВК ад 16 чэрвеня 1930 году
Пратакол паседжаньня ЦВК ад 16 чэрвеня 1930 году

«Прэзыдыум ЦВК адзначае, што, пры наяўнасьці посьпехаў у галіне вывучэньня пытаньняў бягучай палітыкі БССР, наглядаецца ў паасобных выпадках зьвядзеньне беларусізацыі толькі да вывучэньня беларускае мовы, пры адсутнасьці больш глыбокага вывучэньня эканомікі, гісторыі клясавай барацьбы і гісторыі партыі, як БССР, так і Заходняй Беларусі. Зусім слабы адбітак знаходзяць у палітычна-выхаваўчай працы Чырвонай арміі важнейшыя пытаньні барацьбы партыі і рабочае клясы БССР з праявамі беларускага нацыянал-дэмакратызму і нацыянал-апартунізму і шавінізму іншых колераў і іх роля ў падрыхтоўцы нападу на СССР з боку сусьветнага капіталу, у тым ліку і польскага фашызму», — адзначалася ў пастанове.

Недастатковымі ў жніўні таго ж, 30-ага года, прызналі і тэмпы беларусізацыі Гомельшчыны.

«Прымаючы пад увагу, што пастанова 2-й сэсіі ЦВК БССР VI скліканьня аб беларусізацыі апаратаў устаноў па Гомельскай акрузе яшчэ цалкам нявыканана, прапанаваць Гомельскаму акруговаму выканаўчаму камітэту, раённым выканаўчым камітэтам і саветам акругі ўзяць рашучы курс на паляпшэньне якасьці работы па беларусізацыі устаноў і арганізацый. Зьвярнуць асаблівую ўвагу на чыгуначныя ўстановы, дабіўшыся поўнага пераводу іх работы ў межах БССР на беларускую мову», — адзначалася ў адпаведнай пастанове ЦВК БССР.

ЦВК БССР дэкляраваў поўны перавод усіх сфэр жыцьця на беларускую мову. Пастанова ад 9 жніўня 1930 году.
ЦВК БССР дэкляраваў поўны перавод усіх сфэр жыцьця на беларускую мову. Пастанова ад 9 жніўня 1930 году.

«Размаўляюць на ламанай мове і ня хочуць пераводу на родную мову»

Што выклікала «незадавальняючыя» тэмпы пераходу на родную мову, можна зразумець па стэнаграме двухдзённай нарады па ўкраінскім і беларускім пытаньнях, што праходзіла 29-20 красавіка 1925 году пад старшынствам Н. Мухатдзінава — прадстаўніка Рады нацыянальных меншасьцяў па адукацыі нацыянальнасьцяў нерасейскай мовы, створанай у сыстэме Народнага камісарыяту адукацыі РСФСР.

Пратакол нарады па беларускім і ўкраінскім пытаньнях. 1925 год
Пратакол нарады па беларускім і ўкраінскім пытаньнях. 1925 год

Ва ўступным слове Н. Мухатдзінаў адзначыў, што праблемы разьвіцьця нацыянальных моў беларусаў і ўкраінцаў вырашаліся найгорш у параўнаньні зь іншымі нацыянальнасьцямі савецкай краіны:

Стэнаграма выступу Н. Мухатдзінава на нарадзе
Стэнаграма выступу Н. Мухатдзінава на нарадзе

«Шэраг ГубАНА (губэрнскіх аддзелаў народнай асьветы — РС) адгаворваюцца тым, што ўкраінцы і беларусы размаўляюць на ламанай мове, што насельніцтва не жадае пераводу школ на родную мову і гэтак далей. Пасьля націску з цэнтра мы ўжо дасягнулі пэўных зрухаў».

У той жа час прадстаўнікі Беларусі і Ўкраіны агучвалі іншыя прычыны, галоўная зь якіх — адсутнасьць кваліфікаваных пэдагогаў, якія добра ведаюць нацыянальныя мовы.

Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі дапамагала беларускімі падручнікамі ўкраінскім школам, дзе навучаліся беларусы
Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі дапамагала беларускімі падручнікамі ўкраінскім школам, дзе навучаліся беларусы

Дарэчы, некаторыя расейскія функцыянэры ў пытаньнях разьвіцьця нацыянальных меншасьцяў прапанавалі стварыць нацыянальныя раёны ў іншых савецкіх рэспубліках, дзе кампактна пражывалі беларусы і ўкраінцы. І ўжо ў межах гэтых раёнаў ствараць беларуска- і ўкраінскамоўныя школы, сэкцыі ды хаты-чытальні.

Так, паводле інфармацыі Рады нацыянальных меншасьцяў па адукацыі нацыянальнасьцяў нерасейскай мовы пры Народным камісарыяце адукацыі РСФСР, на расейскай тэрыторыі пражывалі каля 800 тысяч беларусаў і 7 мільёнаў украінцаў.

Выступ намесьніка старшыні Рады нацменшасьцяў па асьвеце нацыянальнасьцяў нерасейскай мовы пра развіцьцё нацыянальных моў
Выступ намесьніка старшыні Рады нацменшасьцяў па асьвеце нацыянальнасьцяў нерасейскай мовы пра развіцьцё нацыянальных моў

«У нас чатыры мовы роўныя»

На гэтай жа нарадзе сябра калегіі Народнага камісарыяту адукацыі БССР Язэп Каранеўскі патлумачыў праблемы разьвіцьця беларускай мовы тым, што «да 1917 года Беларусі наагул нібыта і не існавала, пра беларусаў ведалі толькі акадэмікі, масы ж да рэвалюцыі сябе зусім ня выявілі».

Выступ сябра калегіі Народнага камісарыяту адукацыі БССР Язэпа Каранеўскага на нарадзе па беларускім і ўкраінскім пытаньнях, красавік 1925 году
Выступ сябра калегіі Народнага камісарыяту адукацыі БССР Язэпа Каранеўскага на нарадзе па беларускім і ўкраінскім пытаньнях, красавік 1925 году

Паводле яго, з 1917 да 1921 году пытаньне знаходзілася ў плоскасьці агітацыі: «Шмат хто лічыў пытаньне вар’яцтвам. І пакуль не было дырэктыў, праца прасоўвалася слаба. Ня трэба забываць, што і імя Беларусі не было, а быў Паўночна-Захадны край, дзе яшчэ жывуць габрэі, якія лічыліся найбольш крамольным народам і да нас высылалі губэрнатараў самых ярых рэакцыянэраў і русіфікатараў. Да 17-га году ў нас не было ніводнай беларускай школы. Нам давялося пачаць літаральна з пустога месца».

«Да 1924 году мы існавалі ў межах шасьці ўездаў, мы былі маленькай тэрыторыяй і моцы ня мелі. У 1920 годзе мы выдалі цыркуляр, згодна зь якім усе ўкраінскія настаўнікі, якія ведалі мову і побыт беларусаў, мусілі быць камандзіраваныя ў Беларусь», — распавядаў Язэп Каранеўскі.

«Праца яшчэ ўскладняецца тым, што ў нас ёсьць раўнапраўныя мовы — чатыры: расейская, беларуская, габрэйская і польская — і праца ідзе па ўсіх чатырох разрэзах», — тлумачыць ён далей складанасьці разьвіцьця беларускай мовы.

Язэп Каранеўскі пра посьпехі ў беларусізацыі ў сярэдзіне 1920-ых гадоў
Язэп Каранеўскі пра посьпехі ў беларусізацыі ў сярэдзіне 1920-ых гадоў

Пазьней, у 1929 годзе, Язэп Каранеўскі ўзначаліў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, а ў 1937 годзе быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ў шпіянажы на карысьць Польшчы і расстраляны.

На афіцыйных блянках — чатыры мовы

Адметна, што і на афіцыйных блянках народных камісарыятаў БССР як мінімум да 1931 года іхныя назвы друкаваліся на чатырох мовах.

Блянк Народнага камісарыяту працы БССР, датаваны 13 лютага 1931 году
Блянк Народнага камісарыяту працы БССР, датаваны 13 лютага 1931 году

Але ўжо ў 1929 годзе супраць прадстаўнікоў нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі, якія бралі ўдзел у працэсе беларусізацыі, пачаліся рэпрэсіі. Найбольш масавай стала справа арганізацыі «Саюз вызваленьня Беларусi» — па ёй былі асуджаныя амаль 90 чалавек. Гэтыя справа фактычна паклала канец беларусізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG