Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чужая вайна, чужая Перамога. Адказ Юрыю Варонежцаву


Нехта з камэнтатараў маіх тэкстаў заўважыў, што я жыву «в какой-то другой стране». Гэта няпраўда. Я жыву ў Беларусі, якую добра ведаю і люблю. «В какой-то другой стране» жывуць многія мае землякі. Я нават ведаю назву гэтай «страны» — рускі тэлевізар.

Яны нічога ня ведаюць пра Эпоху Адраджэньня ў Беларусі, пра барока і замкі, магдэбурскае права, пра Скарыну і Статуты ВКЛ, дзякуючы якім у нас было вяршэнства закону, пра паўстаньні за незалежнасьць XVIII-XIX стагодзьдзяў, пра Нашаніўскую пару, пра БНР… У рускім тэлевізары гэтага не паказваюць.

Яны ня ведаюць, што правы чалавека — гэта найперш не пра «галубых», а — права на жыцьцё і свабоду, яны ніколі не задумваліся пра сваю ўласную самаацэнку і тое, што чалавек у сваім жыцьці можа мець і рэалізоўваць самыя неверагодныя жаданьні, калі ён ня шкодзіць іншым. Гэтага ўсяго таксама ў рускім тэлевізары няма. Што выбары могуць быць сумленнымі, а судовая ўлада — незалежнай ад прэзыдэнта, што чыноўнікі могуць быць кампэтэнтнымі і што ніякая Вялікая Перамога не важнейшая за тое, што я пералічыў.

Усё, што лучыць сёньня беларускую нацыю, — гэта ня нейкая там супольнасьць лёсу, а месца жыхарства і «Эўраопт».

«Какая-то другая страна» — гэта сіюмінутнае, не зьвязанае з тваім асабістым учора і заўтра, шоў, дзе ўсё на сьвеце даводзіцца да абсурду, і так з дня ў дзень, ты атрымліваеш ін’екцыі гэтага абсурду і «падсядаеш» на яго, як на наркотык. У выніку, як трапна заўважыў яшчэ адзін камэнтатар, усё, што лучыць сёньня беларускую нацыю, — гэта ня нейкая там супольнасьць лёсу, а месца жыхарства і «Эўраопт». Далей шляхі разыходзяцца. Адныя ідуць у рускі тэлевізар, другія — чытаць умоўнага Караткевіча, то бок у абсалютна розныя краіны. Настолькі розныя, што нават варожыя. Мне не падабаецца агрэсія рускага тэлевізара і я абіраю Беларусь, якую добра ведаю і люблю.

На мой мінулы тэкст пра Перамогу адгукнуўся Юры Варонежцаў, вядомы навуковец і палітык. Ён знайшоў у тэксьце тры памылкі. Маўляў, я:

«1. Праігнараваў паняцьце «прычынна-выніковая сувязь». Не было б Перамогі — не было б Беларусі і беларусаў. Спрачацца з гэтым, прынамсі, глупа».

Дазволю сабе такое глупства. Пытаньне ўмоўнага ладу ў гісторыі — гэта пытаньне веры, а зусім не аксіёма, не аб’ектыўны факт. Хочаш верыш — хочаш ня верыш, твая справа. Але ёсьць і аргумэнты.

Вайну ў Гітлера насамрэч выйграла заходняя кааліцыя, а па выніку і немцы як народ таксама.

Калісьці мяне моцна ўразіла тэза, што вайну ў Гітлера насамрэч выйграла заходняя кааліцыя, а па выніку і немцы як народ таксама. Рэальна перамог той, у каго бонусы Перамогі. Беларусы і Беларусь ніякіх бонусаў не набылі — наадварот, татальныя страты, людзкія, матэрыяльныя, у тым ліку і тэрытарыяльныя. Рускія набылі веліч дзяржавы і цэлы сацыялістычны лягер як сфэру сваіх уплываў. Гэта калі мы будзем разважаць як палкаводцы. Хоць мне бліжэй пункт гледжаньня звычайнага чалавека.

Майго дзеда Каленіка я ніколі ня бачыў, бо ён загінуў пад Смаленскам у 1942-м. Ён быў прызваны ў санітары, меў за 40 гадоў, дома сям’я — 9 дзяцей. Баба засталася адна і ўсю гэтую араву ратавала. Вёску спалілі немцы і сям’я жыла ў лесе ў зямлянцы. Ну якая мне тут Перамога? Дагэтуль не разумею, як баба Хвядора ўмудрылася захаваць усіх дзяцей. У вайну і ў пасьляваенным калгасе, дзе жылося зусім не лягчэй, чым у лесе. Менавіта насуперак абставінам мая непісьменная бабуля выгадавала мяне, унука, беларусам. І гэта была даволі тыповая для Беларусі сытуацыя. Беларусь і беларусы выжылі насуперак абставінам, калі заўгодна, насуперак Перамозе, пасьля якой асабліва сьвядомых прадстаўнікоў нацыі НКВД яшчэ доўга лавіў і адстрэльваў па лясах. Але мы выжылі новымі пакаленьнямі.

Беларусь і беларусы выжылі насуперак абставінам, калі заўгодна, насуперак Перамозе.

Зь іншага боку, хіба Кубэ быў менш прабеларускім акупантам за Панамарэнку, які выпісваў ордэры на арышт Купалы і Коласа, які дабіваў беларускую нацыянальную эліту бадай што пад нуль? Калі б Кубэ ўдалося перамагчы энкавэдэшных засланцаў кшталту Ваўпшасава, што было б?.. Гітлер ня вечны, як і ягоны сымпатык Лукашэнка, вечная Беларусь.

Кіруючыся толькі статыстыкай стратаў, я раблю выснову, што камуністы былі для беларусаў такім самым абсалютным злом, як і нацысты. І гэта не пытаньне маёй веры ці няверы, не пытаньне ўмоўнага ладу гісторыі.

«А хто сьвяткуе? І што сьвяткуе? — піша Юры. — Тут другая памылка… Паглядзіце вынікі сацапытаньняў недзяржаўных службаў. Каля 80 адсоткаў беларусаў усіх узростаў і поглядаў лічаць, што Перамога — гэта тое, чым трэба ганарыцца. Зь вялікім адрывам ад іншых пазыцый».

Тут мы вяртаемся да «какой-то другой страны», да рускага тэлевізара. «Ганарыцца» — таксама пытаньне веры. На маю думку, сёньня гэта ўвогуле шкоднае пачуцьцё, калі гаворка ідзе пра Перамогу, армію, вайну. Прапаганда заклікае ганарыцца гэтым тады, калі больш ганарыцца няма чым. Што да статыстыкі, дык большасьці беларусаў камфортна жывецца пры той сацыялцы, якую яны маюць, большасьць задаволеная сваім пажыцьцёвым прэзыдэнтам, адсутнасьцю выбараў, уседазволенасьцю сілавікоў і бязьдзейнасьцю законаў. Літаральна кожны можа быць схоплены на вуліцы людзьмі ў цывільным і проста зьнікнуць бясьсьледна. На маю думку, ганарыцца Перамогай — гэта ганарыцца і гэтым вось усім, як вынікам, як здабыткам, як «бонусам». А яшчэ страхам ды абыякавасьцю да ўласнага жыцьця, што і змушае большасьць беларусаў хацець ганарыцца.

«І трэцяя памылка, — піша Юры. — Памылка многіх. Перамога — гэта ўжо рэлігія. Так, шмат што тут — міты. Як і ў любой рэлігіі. Улады перахапілі ініцыятыву і выкарыстоўваюць яе ў сваіх мэтах. А шкада…»

Ізноў пытаньне веры. Але верыць можна і ў сатану. Калі ўлады перахопліваюць ініцыятыву ў рэлігіі, яно так і атрымліваецца. Нездарма так шырока ходзіць сёньня тэрмін «победобесие». А ўспомніце прыход Гітлера да ўлады, масавую істэрыю, веру большасьці, калі ўсё і ўся даводзіцца да абсурду.

Насамрэч для рускіх і беларусаў гэта была вельмі розная вайна і пагатоў Перамога.

Насамрэч для рускіх і беларусаў гэта была вельмі розная вайна і пагатоў Перамога. Для рускіх — свая, для беларусаў — яшчэ адна акупацыя, якая не завершылася вызваленьнем чалавека па сёньняшні дзень.

Думаю, зьменіцца яшчэ пакаленьне, прыйдуць новыя людзі, якія ня будуць жыць у рускім тэлевізары, якім будзе цікава, хто яны, адкуль і што было перад імі, і ўся гэтая ліпа абляціць дагала. Яны будуць жыць не «в какой-то другой стране», а ў Беларусі, якую будуць добра ведаць і любіць, набліжаючы ў тым ліку і сваю Перамогу над злом.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG