Гэта рашэньне суду стала першым у гісторыі, па якім Расея вымушаная выплаціць кампэнсацыю з прычыны анэксіі. Расейская Фэдэрацыя ігнаравала пасяджэньні і не давала ніякіх тлумачэньняў суду.
Трацейскі суд у Гаазе пастанавіў, што Расейская Фэдэрацыя павінна пакрыць шэрагу ўкраінскіх кампаній страты за анэксію Крыму. Раней паведамлялася, што ў гэтай справе гаворка ідзе пра суму 159 мільёнаў даляраў, паведамляе УНІАН.
«23 сакавіка 2018 году, пракансультаваўшыся з бакамі, склад арбітражу абвясьціў аб заканчэньні слуханьняў справы ў адпаведнасьці з артыкулам 29 (1) Арбітражнага Рэглямэнту Камісіі ААН па праве міжнароднага гандлю 1976 году. 2 траўня 2018 году, параіўшыся, склад арбітражу вынес аднагалоснае рашэньне, што тычыцца пытаньняў адказнасьці і стратаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе суду, перададзеным УНІАН.
Як гаворыцца ў пастанове суду, Расея адказная за парушэньне правоў ўкраінскіх інвэстараў, пачынаючы з 21 сакавіка 2014 году, калі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб анэксіі Крыму.
Варта адзначыць, што такое рашэньне стала першым у гісторыі, па якім Расея вымушана выплаціць кампэнсацыю з прычыны анэксіі. Пазоў супраць Расеі падавалі 18 ўкраінскіх кампаній, а таксама адна фізычная асоба.
Трацейскі суд пацьвердзіў сваю юрысдыкцыю ў справах аб маёмасных адносінах у Крыме улетку 2017 году. Расея рашэньне не прызнала, пасьля чаго пачала ігнараваць разгляд справы. У судзе нагадваюць, што пасьля правядзеньня слуханьняў па сутнасьці спрэчкі з 5 па 6 кастрычніка 2017 году склад арбітражу запрасіў бакі прадставіць дадатковыя пісьмовыя тлумачэньні. 11 сьнежня 2017 году пазоўнікі прадставілі свае тлумачэньні разам, Расейская Фэдэрацыя ня прадставіла ніякіх тлумачэньняў.
24 красавіка Ўкраіна заклікала Міжнародны суд ААН выканаць свае паўнамоцтвы па справе «Ўкраіна супраць Расейскай Фэдэрацыі» і пацьвердзіць рашэньне трыбуналу аб тым, што расейскія ўлады абавязаныя зьняць забарону на дзейнасьць Мэджлісу.
У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль называе анэксію паўвострава «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».