Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крым застаецца часткай Украіны, санкцыі супраць Расеі застануцца, — Дзярждэпартамэнт ЗША


Сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт
Сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт

Чатыры гады таму Расея правяла незаконны, сфабрыкаваны «рэфэрэндум» ва Ўкраіне, спрабуючы прыкрыць ім анэксію ўкраінскай тэрыторыі, заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт.

«Жыхары Крыму былі вымушаныя галасаваць пад наглядам цяжка ўзброеных расейскіх войскаў. Сьцьвярджэньням Расеі, што ўкраінцы зрабілі свабодны выбар у гэтым фіктыўным „рэфэрэндуме“, заўсёды бракавала праўдападобнасьці», — заявіла Наўэрт.

Паводле яе, на працягу чатырох гадоў Расея ўжывала «гвалт і прымус» да тых, хто выступаў супраць анэксіі паўвострава.

«Расейская акупацыйная ўлада ўжыла супраць крымскіх татараў, этнічных украінцаў, праўкраінскіх актывістаў, чальцоў грамадзянскай супольнасьці і незалежных журналістаў палітычна матываваныя перасьледы і рэпрэсіі, мэтадычна душачы адначасова няўрадавыя арганізацыі і незалежныя СМІ», — сказала яна ў заяве.

Акрамя таго, Наўэрт назвала незаконнымі прэтэнзіі Расеі на ўкраінскую тэрыторыю, якія расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін агучыў падчас наведваньня акупаванага паўвострава 14 сакавіка.

«На сваім перадвыбарным мітынгу ў Крыме прэзыдэнт Пуцін паўтарыў незаконныя прэтэнзіі Расеі на ўкраінскую тэрыторыю, яшчэ раз адкрыта прадэманстраваўшы, што расейская ўлада грэбуе міжнародным парадкам і не паважае тэрытарыяльную цэласнасьць сувэрэнных дзяржаў», — гаворыцца ў заяве Наўэрт.

Яна дадала, што ЗША пацьвярджаюць прыхільнасьць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах.

«Крым ёсьць часткай Украіны, і нашы санкцыі ў дачыненьні Крыму застануцца ў сіле да той пары, пакуль Расея ня верне кантроль над паўвостравам Украіны», — адзначыла прэс-сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 14 сакавіка прыбыў у акупаваны Крым, дзе ў Севастопалі ўзяў удзел у «мітынгу-канцэрце ў гонар рэфэрэндуму аб узьяднаньні Крыму з Расеяй». Перад гэтым ён агледзеў будаўніцтва новага аэрапорту Сімфэропаль і Керчанскага моста.

Расея ў лютым 2014 акупавала ўкраінскі Крым і затым заявіла пра ўваходжаньне паўвострава ў яе; сусьветная супольнасьць асудзіла гэты крок і не пагадзілася зь ім, Генэральная асамблея ААН дзьвюма рэзалюцыямі пацьвердзіла ўкраінскі статус Крыму і адпрэчыла прэтэнзіі Расеі, а таксама прызнала яе дзяржавай-акупантам. У Маскве кажуць пра нібыта законнасьць захопу Крыму, насуперак міжнароднаму праву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG