Пракуратура Галяндыі пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да двух будаўнічых кампаніяў, якія маглі ўдзельнічаць у будаўніцтве моста ў Крым.
Dematec Equipment, якая месьціцца ў горадзе Додэўаард, па дадзеных пракуратуры, паставіў на будоўлю капёр (дызэльны молат для забіваньня паляў), а Biljard Hydrauliek з гораду Мілсбээку магла быць пастаўшчыком дэталяў для гэтага молата і праводзіла наладку абсталяваньня.
Эўразьвяз у канцы 2014 года наклаў на Расею санкцыі за анэксію Крыма ва Ўкраіны. За парушэньне санкцыйнага рэжыму бізнэсам у ЭЗ пагражаюць буйныя штрафы: да 820 тыс. эўра. Асобна таксама могуць быць пакараныя кіраўнікі такіх прадпрыемстваў: ім пагражае штраф на суму да 82 тыс. эўра і нават турма на тэрмін да 6 гадоў.
Абвінавачваньні мэнэджэрам Dematec Equipment і Biljard Hydrauliek яшчэ не прад’яўленыя. Але вядома, што работнікі кампаніяў езьдзілі ў Расею, а расейская дэлегацыя наведвала Мілсбээк перад тым, як абсталяваньне было пастаўлена.