Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця чакае, што беларуская эканоміка ў 2018 годзе вырасьце на 3%, паведамляе БелаПАН.
Летась валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 2,4%, а ў першым квартале 2018 году — на 5,1%.
Што паўплывала на станоўчы прагноз экспэртаў:
- павелічэньне зьнешняга попыту;
- аднаўленьне ўзроўню спажываньня хатніх гаспадарак;
- вырашэньне энэргетычнай спрэчкі з Расеяй;
- паступленьне траншаў крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця;
- зьнешняе фінансаваньне, прыцягнутае зь міжнародных рынкаў капіталу;
- зьніжэньне інфляцыі да 4,9% за год;
- павелічэньне рэзэрваў да 7 млрд даляраў (але яны па-ранейшаму адносна нізкія ў параўнаньні са зьнешнімі абавязаньнямі, зазначаюць эканамісты ЭБРР).
«Доўгатэрміновыя пэрспэктывы па-ранейшаму залежаць ад маштабаў структурных рэформаў. Мы прагназуем, што ў 2018–2019 гадах беларуская эканоміка будзе расьці на 3% у год», — гаворыцца ў дакладзе ЭБРР.
Разрыў паміж Беларусьсю і заходнімі суседзямі павялічыцца
Падобныя ацэнкі раней агучыў Усясьветны банк. Ён прагназуе рост ВУП на 2,9% у 2018 годзе, 2,7% — у 2019-м і 2,5% у 2020 годзе.
«Пэрспэктывы росту беларускай эканомікі застаюцца складанымі з прычыны патрэбаў у зьнешнім фінансаваньні і нявырашаных унутраных структурных праблемаў», — сказала на красавіцкай прэзэнтацыі агляду эканаміст Усясьветнага банку Марына Сідарэнка.
«Нізкія тэмпы росту прывядуць да павелічэньня разрыву ў даходах на душу насельніцтва паміж Беларусьсю і суседнімі краінамі», — сказала Марына Сідарэнка. Згодна з прагнозам Усясьветнага банку, эканомікі краін Балтыі і Польшчы будуць расьці ў сярэднім больш як на 3 працэнты ў год.
Міжнародны валютны фонд у сваю чаргу прагназуе рост беларускага ВУП на 2,8% у 2018 годзе і 2,4% у 2019-м. Інфляцыя ў Беларусі, паводле МВФ, будзе ня большай за 6%.