Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка «ніколі ня ставіў задачы» зрабіць заробкі «па пяцьсот», — міністар эканомікі


Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі даў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ, у якім закрануў тэму сярэдняга заробку ў 1000 рублёў, або 500 даляраў.

Вядоўца заявіў, што «тэарэтычна мы жа можам заўтра зрабіць сярэдні заробак у краіне ў 1000 рублёў, бо шмат на якіх ключавых прадпрыемствах дзяржава выступае ў якасьці кіраўніка», але спытаў Уладзімера Зіноўскага, ці не нясе гэта нейкіх пагрозаў.

Уладзімер Зіноўскі, архіўнае фота
Уладзімер Зіноўскі, архіўнае фота

«Я проста вам хачу сказаць, што ніколі любымі шляхамі ні ўрад, ні тым больш прэзыдэнт ня ставілі такой задачы, — заявіў Зіноўскі ў адказ. — На канкрэтных прадпрыемствах павінна ўсё ж прадукцыйнасьць працы апераджаць рост заробкаў, тады гэта атрымаецца добры балянс, тады будуць расьці заробкі».

Ён таксама адзначыў, што прыбыткі, атрыманыя ад росту прадукцыйнасьці працы і росту валавога ўнутранага прадукту, маюць ісьці ня толькі на падвышэньне заробкаў, але найперш на скарачэньне вонкавай запазычанасьці прадпрыемстваў.

Аляксандар Лукашэнка ў 2005 годзе
Аляксандар Лукашэнка ў 2005 годзе

Аляксандар Лукашэнка ўпершыню «анансаваў» заработную плату «па пяцьсот» даляраў у 2005 годзе, з таго часу рэгулярна абяцае дасягненьне такіх сярэдніх заробкаў і ставіць задачы дасягнуць такіх лічбаў (у даляравым эквіваленце «па пяцьсот» атрымлівалася толькі на некалькі месяцаў, пасьля або беларускі рубель падаў да даляра, або заробкі зьмяншаліся).

Так, у мінулую сераду Лукашэнка заявіў, што патрабаваньне росту заробкаў гэта «ня нейкі папулізм» і ён не патрабуе «зряплаты». У той жа дзень Нацбанк заявіў пра штучны рост заробкаў беларусаў, які паскарае інфляцыю.

На наступны дзень Лукашэнка абураўся неэфэктыўнасьцю дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемстваў, бо «мы прывыклі забіраць грошы настаўнікаў і лекараў і накіроўваць іх туды, дзе яны павінны зарабляцца і наадварот накіроўвацца ў бюджэт».

Сярэдні заробак у Беларусі ў сакавіку склаў 926 рублёў 80 капеек — амаль «па пяцьсот» у даляравым эквіваленце. У мінулым лістападзе Лукашэнка адклаў заробкі «па пяцьсот» на ІІ квартал 2018 году. Паводле зьвестак Белстату, на лістапад 2017 году (навейшых лічбаў няма) толькі 13,7% беларусаў мелі сярэдні заробак у 1000 рублёў і больш. Мэдыянны заробак (гэта значыць, не сярэдні з усіх заробкаў, а заробак сярэднестатыстычнага беларуса) быў роўны 635,4 рубля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG