На сайце «Ўкантакце» ў суполцы «Транспарт Беларусі» зьявіліся паведамленьні пра тое, што для маршрутак міжгародніх і міжабласных зносін адмененыя конкурсы. Гэта адно з асноўных патрабаваньняў прыватных перавозчыкаў, існаваньне якіх апынулася пад пагрозай пасьля ўступленьня ў сілу абноўленага заканадаўства ў студзені-лютым.
Сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры Салігорскім райвыканкаме Павал Якімовіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што прынятае вуснае рашэньне пра адмену конкурсаў, «але мы чакаем, каб гэта было пакладзена на паперу».
«Пра адмену конкурсаў сказаў кіраўнік Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Аляксандар Турчын у прысутнасьці прадстаўнікоў Міністэрства транспарту, рэгулярных і нерэгулярных перавозчыкаў», — сказаў Павел Якімовіч.
Якраз найперш адмены конкурсаў патрабавалі прыватныя маршрутчыкі.
«Парадаксальная сытуацыя: закон ёсьць, правілаў няма»
Пракамэнтаваць сытуацыю карэспандэнт Свабоды папрасіў дырэктарку Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Жанну Тарасевіч.
Раней працоўная група пад яе кіраўніцтвам з удзелам дзяржаўных і прыватных перавозчыкаў, Міністэрства транспарту і іншых структур падрыхтавала для Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва аналітычную запіску, у якой прадстаўленыя два сцэнары вырашэньня пытаньня.
Працоўная група прапанавала два сцэнары вырашэньня крызісу з маршруткамі ў Беларусі
«Практычна ў гэтых двух сцэнарах, адзін зь якіх прапанавалі рэгулярныя перавозчыкі, а другі — нерэгулярныя, ёсьць прапановы пра адмену конкурсаў. Нерэгулярныя прапанавалі зусім іх адмяніць, а рэгулярныя — адмяніць конкурс на пэўны пэрыяд дзеля ўваходу суб’ектаў гаспадараньня на гэты рынак. То бок для пераходу зь нерэгулярных у рэгулярныя зносіны. Але пакуль ніхто нічога не адмяняў», — сказала Жанна Тарасевіч.
Паводле дырэктаркі бізнэс-саюзу, каб адмяніць конкурсы для маршрутчыкаў, патрэбны ўказ прэзыдэнта.
Жанна Тарасевіч паведаміла, што на днях адбылася яшчэ адна працоўная нарада з удзелам кіраўніка Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Аляксандра Турчына. І цяпер рыхтуецца аналітычная запіска для Савету міністраў, у якой будуць акрэсьленыя праблемы і прапанаваныя магчымыя рашэньні.
«Я думаю, што 10 траўня зьявіцца дакумэнт зь меркаваньнем Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, які і будзе накіраваны ў Савет міністраў», — сказала Жанна Тарасевіч.
А пакуль што прыватныя перавозчыкі працягваюць працу па ранейшых правілах.
«Перавозчыкі практычна працуюць у нерэгулярных перавозках. Правілаў на аўтамабільныя перавозкі няма. Мінулыя адменены, а новыя пакуль толькі ў праекце, яшчэ не зацьверджаныя. Таму зьявілася такая парадаксальная сытуацыя: закон ёсьць, правілаў няма», — сказала Жанна Тарасевіч.
Стратныя рэйсы прыпыняюць
Пра тое, што сытуацыя мяняецца, сьведчыць і той факт, што дзяржаўнае прадпрыемства «Мінсктранс» паведаміла пра прыпыненьне з 21 траўня чатырох рэгулярных рэйсаў па маршруце Менск-Салігорск праз Слуцак.
Начальнік упраўленьня арганізацыі перавозак «Мінсктранса» Аляксандар Фамін патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што гэтыя перавозкі былі стратныя.
«Ужо наладжаны рэгулярныя маршруты з аўтастанцыі „Паўднёва-заходняя“. Калі ёсьць маршруткі іншых перавозчыкаў, мы палічылі, што гэтыя рэйсы эканамічна немэтазгодныя», — сказаў Аляксандар Фамін.
Цяпер перавозкамі на Салігорск зоймуцца прыватнікі.
Гісторыя пытаньня
23 студзеня 2018 году набыў сілу закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», а 26 лютага — прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», якія істотна зьмянілі сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.
Аналіз працоўнай групы паказаў, што да ўступленьня ў сілу новага заканадаўства на рынку міжгародніх перавозак працавала больш за 40 тысяч транспартных адзінак, зь іх толькі 8–10 тысяч ад рэгулярных (у асноўным дзяржаўных) перавозчыкаў. Нерэгулярныя маршруткі рабілі ў 3–20 разоў болей рэйсаў паміж Менскам і буйнымі гарадамі, чым рэгулярныя.
Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксі, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі, а значыць, ня мусілі выконваць цэлы шэраг умоваў ды патрабаваньняў.
Многія прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу. У некаторых гарадох Беларусі былі перабоі ў міжгароднім злучэньні, дзяржава пусьціла дадатковыя рэйсы.
«Мінтранс і рэгулярныя маршрутчыкі хочуць заблякаваць нерэгулярных»
Працоўная група прыйшла да наступных высноў:
- Праект прынятага закону не абмяркоўваўся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці.
- У законе захаваная мадэль рэгулярных перавозак старога ўзору, якая дзесяцігодзьдзямі даводзіла сваю нежыцьцяздольнасьць.
- Новыя нормы закону найперш накіраваныя на больш жорсткае рэгуляваньне нерэгулярных перавозчыкаў, якія за 15–20 гадоў сфармавалі свае маршрутныя сеткі.
- Закон «ня даў ніякіх альтэрнатываў» для працягу працы нерэгулярных перавозчыкаў.
- Міністэрства транспарту і камунікацый спрабавала «ў „ручным“ рэжыме кіраваць працэсам» і аказалася не гатовае да рэалізацыі закону.
Тысячы беларусаў выказаліся ў падтрымку прыватных маршрутак
Маршрутачны крызіс выклікаў абурэньне многіх жыхароў Беларусі.
Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены закон «Аб аўтамабільных перавозках». Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш за 11 тысяч чалавек.
Па выніках сходу ўладальнікаў прыватных міжгародніх маршрутак 29 сакавіка ў Менску яго ўдзельнікі аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта 81 тысячу подпісаў беларусаў з патрабаваньнем пакінуць для прыватных маршрутак ранейшыя ўмовы працы.