Пра гэта Свабодзе ўвечары 7 траўня сказаў Генадзь Фядыніч, старшыня Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).
«Сёньня мяне і Ігара Комліка выклікалі ў Сьледчы камітэт на 15 гадзіну. А выйшлі мы адтуль толькі пасьля паловы на сёмую. Перад намі паклалі тамы, у якіх зафіксаваныя вынікі экспэртызы нашых кампутараў. Іх правяралі супрацоўнікі Сьледчага камітэту. Пакуль нічога канкрэтнага болей сказаць не магу».
Паводле Фядыніча, 8 траўня ён і Комлік зноў запрошаныя да сьледчых. Але гэтым разам праз афіцыйную позву. Раней у Сьледчы камітэт лідэра і бухгальтара РЭП выклікалі праз тэлефон.
З гісторыі «справы прафсаюзу РЭП»
Кіраўніка прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгальтара Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году, на іх завялі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У той жа дзень пасьля ператрусаў у офісах РЭП Фядыніча вызвалілі, а Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленьнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго, як і ў Фядыніча, узялі падпіску аб нявыезьдзе, а справу працягнулі яшчэ на 3 месяцы. Апошні раз справу працягвалі да 1 траўня 2018 году.