Ва Ўкраіне паводле вынікаў дэкляраваньня даходаў грамадзян за 2017 год зарэгістраваныя рэкордныя зьвесткі — колькасьць мільянэраў у краіне павялічылася на 16 адсоткаў і дасягнула 4 063 чалавекі.
«Пры гэтым адзін грамадзянін задэкляраваў даход памерам больш за 1 мільярд грыўняў», — паведаміў старшыня Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны Міраслаў Продан.
Паводле яго, найбольшая колькасьць мільянэраў — 2270 платнікаў — складаюць грамадзяне ва ўзросьце ад 45 гадоў і вышэйшым. Сярод узроставай катэгорыі ад 30 да 45 гадоў — 1605 мільянэраў, да 30 гадоў — 188.
Наймалодшаму мільянэру з Чаркасаў споўнілася 7 гадоў, а найстарэйшаму з Кіева — 99 гадоў.
У асноўным мільянэры атрымлівалі свае даходы ад дывідэндаў і адсоткаў за дэпазыты, з замежных крыніц, ад апэрацый продажу аб’ектаў рухомай і нерухомай маёмасьці і ў выніку атрыманьня спадчыны.