Падчас акцыі, якая прайшла ў розных гарадах Расеі, затрымана каля 1600 чалавек. Паведамляецца пра затрыманьні дзяцей. Ёсьць пацярпелыя ад дзеяньняў паліцыі.
Журналіста Аляксея Аляксандрава затрымалі на Пушкінскай плошчы ў Маскве.
«Мяне літаральна занесьлі ў аўтазак, чалавек шэсьць схапілі, заламалі рукі, схапілі за ногі і пасьля панесьлі. Схапілі за вушы і літаральна ўціснулі тварам у аўтобус. Адзін супрацоўнік АМАП біў мяне па назе, каб я расставіў іх шырэй», — распавёў Аляксей.
Пазьней журналіста адпусьцілі.
5 траўня ў Расеі праходзілі пратэстныя акцыі «Ён нам ня цар». Яны арганізаваныя прыхільнікамі апазыцыянэра Аляксея Навальнага да чарговай інаўгурацыі Ўладзіміра Пуціна на пасаду прэзыдэнта 7 траўня.