Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна на перамовах у Менску заявіла пра імкненьне да мірнага вырашэньня канфлікту на Данбасе


«Прэзыдэнт-гатэль» у Менску, дзе праходзяць пасяджэньні кантактнай групы
«Прэзыдэнт-гатэль» у Менску, дзе праходзяць пасяджэньні кантактнай групы

4 траўня ў Менску адбыўся чарговы раўнд перамоваў Трохбаковай кантактнай групы (ТКГ) па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Пасярэднік ад АБСЭ на перамовах па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе ў Менску пасол Марцін Сайдзік назваў аднаўленьне мабільнай сувязі на акупаваных тэрыторыях посьпехам ТКГ, а таксама канстатаваў рост колькасьці парушэньняў рэжыму прыпыненьня агню на лініі сутыкненьня.

Марцін Сайдзік
Марцін Сайдзік

Ад АТА да Апэрацыі аб’яднаных сілаў, але прыярытэт — мірнаму шляху

Украіна з 30 красавіка 2018 году памяняла фармат збройнай апэрацыі на Данбасе з Антытэрарыстычнай апэрацыі на Апэрацыю абʼяднаных сілаў (ААС).

Гэтая тэма абмяркоўвалася сёньня на сустрэчы ТКГ у Менску, заявіў, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, амбасадар Сайдзік. Акрамя таго, вядома, што бакі зьвярнулі ўвагу на выказваньні камандуючага Абʼяднанымі сіламі генэрал-лейтэнанта Сяргея Наева ў інтэрвію агенцтву «Укрінфарм», дзе той заявіў, што ў яго «няма ніякага жаданьня ўсталёўваць любы кантакт з кіраўніцтвам тэрарыстычных арганізацый».

Амбасадар Сайдзік, камэнтуючы выказваньні Наева і рэакцыю на іх падчас перамоваў у Менску, заявіў:

«Украінскі бок на перамовах, другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, падкрэсьліў украінскую пазыцыю, прынятую прэзыдэнтам Парашэнкам, якая заключаецца ў тым, што Ўкраіна шукае вырашэньня канфлікту на Данбасе толькі мірнымі і дыпляматычнымі сродкамі».

Такую пазыцыю пацьвердзіла і прэс-сакратарка Леаніда Кучмы Дар’я Аліфэр:

«Украінскі бок застаецца адданы Менскім дамоўленасьцям і выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязаньні, вырашэньне канфлікту магчымае толькі палітыка-дыпляматычным шляхам».

Наступнае паседжаньне ТКГ заплянаванае на 16 траўня.

Перамовы Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе рэгулярна праходзяць у Менску. У 2017 годзе Беларусь арганізавала 26 сустрэч трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Апошнім часам, аднак, чуваць меркаваньні, што перамовы пра ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны могуць быць перанесеныя зь Менску ў іншае месца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG