Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у пятніцу заявіў, што яго адміністрацыя дамовілася пра дату і месца правядзеньня сустрэчы зь лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам.
«У нас зараз ёсьць дата, — сказаў ён, адказваючы на пытаньні журналістаў перад вылетам у Далас, дзе Трамп зьбіраецца прыняць удзел у канфэрэнцыі Нацыянальнай стралковай асацыяцыі (NRA). — У нас ёсьць месца (правядзеньня сустрэчы). Мы аб’явім пра гэта вельмі хутка».
Трамп: «Карэйская вайна завяршаецца!»
Дональд Трамп упэўнены, што гэтая сустрэча скончыцца зь «вельмі добрымі вынікамі». Ён таксама пракамэнтаваў перамовы пра лёс трох грамадзян ЗША, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ў КНДР.
«Мы вядзем вельмі прадуктыўныя перамовы з Паўночнай Карэяй, — сказаў прэзыдэнт ЗША. — Многія падзеі, якія тычацца закладнікаў, ужо адбыліся. І я думаю, што вы ўбачыце яшчэ шмат добрага. Як я ўжо сказаў учора, сачыце за падзеямі».