Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў, што Расея гатовая прыняць футбольны чэмпіянат сьвету. Але ня ўсе стадыёны здадзеныя 


Будаўніцтва стадыёну ў Калінінградзе
Будаўніцтва стадыёну ў Калінінградзе

У Сочы на стадыёне «Фішт» прайшло паседжаньне аргкамітэту чэмпіянату сьвету ў футболе 2018 году пад старшынствам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Удзел у ім браў і ганаровы госьць — кіраўнік ФІФА Джані Інфантына.

Пуцін заявіў, што падрыхтоўка да мундыялю «практычна завершаная».

«У Расеі да турніру гатовыя, — запэўніў ён. — Зроблена вельмі шмат, надыходзіць самы адказны этап наладжваньня ўсіх мэханізмаў, задзейнічаных у працэсе правядзеньня сусьветнага першынства».

Інфантына, у сваю чаргу, павіншаваў усіх, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі турніру, «з праведзенай працай».

Тым ня меней, як адзначаюць спартовыя выданьні, ступень «высокай гатоўнасьці» выклікае сумневы. Дабудаваць і ўвесьці ў эксплюатацыю стадыёны, якія ў чэрвені-ліпені 2018 году будуць прымаць матчы чэмпіянату сьвету, Расея абавязалася да 1 сьнежня мінулага году. Аднак шэраг арэнаў не былі гатовыя і ФІФА пагадзілася перанесьці дату на тры месяцы — на 1 красавіка гэтага году.

Але не ўдалося ўкласьціся і ў гэтыя тэрміны: 6 з 12 стадыёнаў знаходзіліся ў працэсе «дабудоўваньня». Правілы ФІФА прадугледжваюць, што мусіць працаваць уся неабходная iнфраструктура, ня толькі сама арэна.

Паводле справаздачы месячнай даўнасьці, толькі 5 стадыёнаў адпавядалі неабходным патрабаваньням: алімпійскі «Фішт» у Сочы, маскоўскія «Адкрыцьцё-Арэна» і «Лужнікі», «Казань Арэна» і стадыён «Санкт-Пецярбург». Тое, што за месяц удалося завершыць іншыя даўгабуды, сумняваюцца нават у Расеі. Прынамсі вядома, што стадыёны ў Самары і Калініградзе яшчэ дабудоўваюцца.

У той жа час многія эўрапейскія палітыкі заклікалі да «палітычнага байкоту» спаборніцтваў у Расеі. 60 эўрадэпутатаў апублікавалі адкрыты ліст з заклікам да ўрадаў усіх краінаў Эўразьвязу не наведваць чэмпіянат сьвету.

Урады Вялікай Брытаніі і Ісьляндыі ўжо абвясьцілі, што іх прадстаўнікі не паедуць у Расею. Такое рашэньне прынята ў адказ на атручваньне былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG