Калінкавіцкіх галадоўніц, удзельніц руху «Маці 328», якія 2 траўня сустракаліся з кіраўніцай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Качанавай, на 4 траўня зноў запрасілі ў Менск. Гэтым разам на сустрэчу з генэральным пракурорам Аляксандарам Канюком.
Пра новую паездку ў Менск Свабодзе паведаміла адна з актывістак руху «Маці 328» з Калінкавіч Ліяна Шуба.
«Хоць мы і змучаныя, але паедзем: Тацяна Канеўская, я і яшчэ адна жанчына з аргкамітэту арганізацыі «Наша права».
Маці асуджаных паводле крымінальнага артыкулу 328 даўно шукалі сустрэчы з генэральным пракурорам Аляксандарам Канюком. І толькі пасьля абвяшчэньня галадоўкі такая мажлівасьць зьявілася. Яны кажуць, што павязуць свае прапановы наконт зьмены заканадаўства.
Працяг: Сустрэча генпракурора з галадоўніцамі з Калінкавіч адкладзеная на няпэўны час
Што важна ведаць:
- 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
- Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкула 328.
- 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Калінкавічаў сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы «Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку.
Актывістак руху «Маці 328», які галадаюць, агледзелі лекары; пыталіся, ці ёсьць псыхічныя хваробы
Пасьля ўчорашняй паездкі ў Менск пагоршылася самаадчуваньне 66-гадовай Людмілы Пімяноўскай, якая галадае за ўнука Станіслава, асуджанага на 9 гадоў зьняволеньня.
«Будзем прасіць сваякоў забраць Людмілу Міхайлаўну. У яе дома і са здароўем мужа праблемы — ён таксама патрабуе догляду», — кажа Алена Казакова, гаспадыня кватэры, дзе ў Калінкавічах галадаюць сем жанчын.
Алена патлумачыла, што на сустрэчы ў адміністрацыі Лукашэнкі ім удалося расказаць пра дзейнасьць органаў наркакантролю. Яны, па словах жанчыны, часта самі даюць нарказалежнаму чалавеку грошы, каб той набыў «дозу» і падбухторыў іншага нарказалежнага да ўжываньня наркотыкаў, а пасьля здаў яго ў міліцыю.
«Сілаў фізычных і душэўных на паездку і сустрэчу з Натальляй Качанавай мы патрацілі болей, чым маем выніку», — дадае ўдзельніца паездкі Ліяна Шуба з Жлобіну.
Галадоўніцы кажуць, што чакаюць абяцаны Натальляй Качанавай пісьмовы адказ, калі новы законапраект пра незаконнае абарачэньне наркатычных і псыхатропных рэчываў паступіць на разгляд у Палату прадстаўнікоў.
«Маці 328» адмовіліся спыніць галадоўку пасьля сустрэчы ў адміністрацыі Лукашэнкі
Гэты адзін з трох пунктаў патрабаваньняў. Як толькі ён будзе выкананы, жанчыны маюць параіцца наконт спыненьня пратэставай галадоўкі.
«Да таго часу мы будзем працягваць галадаць. Бо пакуль ніякага рэальнага выніку няма», — удакладняе спадарыня Ліяна.
Галадоўку віцебскіх «Маці 328» сарвалі людзі ў цывільным
Віцяблянка Натальля Шарыпа зьбіралася сёньня перадаць у гарвыканкам заяву пра пачатак галадоўкі актывістак руху «Маці 328». Але яна заўважыла, што за ёй сочаць двое мужчын у цывільным. Потым да іх далучыліся яшчэ чалавек шэсьць.
«Яны ўвесь час хадзілі вакол нас, здымалі на відэакамэры, як я размаўляю з прадстаўнікамі СМІ, нават мяняліся бэйсболкамі — напэўна, каб быць непазнавальнымі», — распавяла Свабодзе Шарыпа.
Яна пабаялася правакацый і адмовілася ад абвяшчэньня галадоўкі, каб ня выклікаць праблем для сябровак. У галадоўцы зьбіраліся ўзяць удзел дзьве жанчыны. Другую патэнцыйную ўдзельніцу тэрмінова накіравалі ў замежную службовую выправу.
У Горадні плянуюць пачаць галадоўку на наступным тыдні
У Горадні актывісткі руху «Маці 328» паведамілі абласным уладам вобласьці, што далучаюцца да агульнай галадоўкі з наступнага тыдня.
У звароце на імя старшыні аблвыканкаму напісана, што ўдзелам у галадоўцы яны выказваюць свой пратэст супраць беззаконьня ў Сьледчым камітэце, судах, і нязгоду з жорсткімі выракамі для іх родных.
Зварот да ўладаў Горадзенскай вобласьці аднесьлі Ганна Яўстрат і Вікторыя Абуховіч. Яны мяркуюць, што ў галадоўцы возьмуць удзел да 8 чалавек.
Паводле жанчын, галадоўка мае пачацца з наступнага тыдня, паколькі некаторыя зь яе ўдзельніц цяпер знаходзяцца на доўгатэрміновай сустрэчы ў вязьніцы са сваімі роднымі.
«Найбольш рэальнае, чаго мы цяпер патрабуем — унесьці зьмены ў законапраект аб зьмякчэньні крымінальнага артыкулу 328 — зазначыла Ганна Яўстрат. — А таксама сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам».
Ганна Яўстрат расказала, што яе муж курыў марыхуану, але ніколі яе не распаўсюджваў. Аднойчы пачаставаў госьця, які яго вельмі ўпрошваў, пасьля чаго быў арыштаваны і асуджаны на 9 з паловай гадоў.
Ганна Яўстрат і Вікторыя Абуховіч заяўляюць, што лічаць сваіх мужоў вінаватымі, але тэрмін пакараньня ня можа быць 9 з паловай і 17 гадоў.
«Такія пакараньні могуць датычыць тых, хто „крышуе“ гэты бізнэс, хто завозіць наркотыкі ледзь ня тонамі ў Беларусь, а не для закладчыкаў і тых, хто спажывае», — упэўненая Вікторыя Абуховіч.
Муж Вікторыі Абуховіч лічыўся дробным закладчыкам, прызнаў сваю віну ў частцы 3 артыкулу 328.
«А ў суд прывялі 8 чалавек, якіх ён нават і ня бачыў, і ўжо ў прысудзе было запісана, што дзейнічаў у складзе арганізаванай злачыннай групы і асуджаны ўжо паводле часткі 4», — кажа Вікторыя.
Яе мужу было 19 гадоў на момант учыненьня злачынства, пры гэтым пракурор запрасіў для яго 19 гадоў зьняволеньня, пакаралі 17 гадамі.
***
Актывісткі руху «Маці 328», чые сыны, мужы ды ўнукі асуджаны на вялікія тэрміны паводле крымінальнага артыкулу 328 («Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў») пачалі галадоўку 27 красавіка.
Яны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам для размовы аб праблемах вязьняў, асуджаных паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу за распаўсюд наркотыкаў. Жанчыны настойваюць на лібэралізацыі гэтага артыкулу і на ўтварэньні камісіі, якая пачне вывучаць былыя крымінальныя справы, заведзеныя паводле яго.
Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу — «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» — прадугледжвае пакараньне ад пяці гадоў абмежаваньня волі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.