Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўніцы з «Маці 328» пайшлі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. ВІДЭА

абноўлена

Удзельніцы руху «Маці 328» з Калінкавічаў ля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі
Удзельніцы руху «Маці 328» з Калінкавічаў ля адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі

Сем галадоўніц руху «Маці 328» накіраваліся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, дзе а 16-й гадзіне мела распачаца сустрэча з кіраўніцай спраў Натальляй Качанавай. Іх суправаджаюць муж адной з галадоўніц і жанчына, якая прывозіла ім лекі.

Што важна ведаць:

  • Журналістаў не пусьцілі на сустрэчу актывістак «Маці 328» з кіраўніцай спраў Лукашэнкі Качанавай.
  • 27 красавіка ў вёсцы Востраў на Меншчыне пачалі галадоўку 6 актывістаў руху «Маці 328». Сёньня галадаюць ня менш за 14 чалавек у розных гарадах.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў ад 2013 году паводле 328-га артыкулу (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • Ад 3 траўня да галадоўкі «Маці 328» далучацца ўдзельнікі руху ў Віцебску і Горадні.
  • У Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні паводле «наркатычнага» артыкулу 328.

На ўваходзе ў адміністрацыю Лукашэнкі забіраюць тэлефоны

Ва ўдзельнікаў сустрэчаў у прэзыдэнцкай адміністрацыі забіраюць мабільныя тэлефоны, распавялі ў эфіры Свабоды сваякі асуджаных паводле крымінальнага артыкулу 328.

«Тут працэдура якая: абшукалі, тэлефоны забралі, запісалі, зафіксавалі. Тэлефоны забіраюць, у іх ёсьць адмысловая камэра, куды пад нумарамі кладуць гэтыя тэлефоны», — распавяла ўдзельніца «Маці 328», якая плянуе далучыцца да галадоўкі руху ў Пухавічах Людміла.

Улады ня выканалі патрабаваньне галадоўніц пра прысутнасьць журналістаў

«Мы хацелі, каб на сустрэчы прысутнічалі незалежныя журналісты, але нам адмовілі. Сказалі, што заяўлена было 7 чалавек, папярэдне пра журналістаў не казалі», — распавяла ў жывым відэаэфіры Свабоды ўдзельніца руху «Маці 328» Тацяна.

Віцебск і Горадня далучацца да галадоўкі

Ад 3 траўня да галадоўкі «Маці 328» далучацца 8 удзельнікаў руху ў Віцебску. Таксама пачнуць галадаць і ўдзельнікі «Маці 328» у Горадні, іх колькасьць пакуль не называецца.

Удзельнікі руху «Маці 328» чакаюць вынікаў сустрэчы каля адміністрацыі кіраўніка краіны
Удзельнікі руху «Маці 328» чакаюць вынікаў сустрэчы каля адміністрацыі кіраўніка краіны

Таксама два чалавекі далучацца да галадоўкі ў Магілёве. Удзельнікі руху «Маці 328» з Магілёву і Чавусаў далучыліся да галадоўкі 27 красавіка. Колькі ўсяго чалавек вядзе галадоўку на дадзены момант, не паведамляюць з мэтаў бясьпекі. Вядорма, што іх ня менш за 14.

Ля адміністрацыі Лукашэнкі зьбіраюць грошы для асуджаных паводле 328

Падчас сустрэчы ля адміністрацыі кіраўніка дзяржавы ўдзельніца «Маці 328» Марына Владыка зьбірае сродкі для 12 чалавек-сіротаў, асуджаных паводле «наркатычнага» артыкулу 328. Гэтыя грошы пойдуць на:

  • перадачы і пасылкі для асуджаных;
  • матэрыяльную і юрыдычную дапамогу.

«Каб падаць наглядную скаргу, трэба заплаціць адну базавую велічыню. Дзе іх узяць, калі ў іх няма там заробку? Нашая дзяржава не зьвяртае на гэта ўвагі. Калі вы пасадзілі, калі вы бачыце што няма ніякага заробку і дапамогі, то гэтая наглядная скарга мусіць быць бясплатнай. Вось яны сядзяць і ня могуць падаць нагляднай скаргі, нейкі наступны крок зрабіць», — распавяда Марыда Владыка.

Шосты дзень працягваецца галадоўка маці асуджаных за наркотыкі, якія патрабуюць лібэралізацыі крымінальнага заканадаўства за захоўваньне і ўжываньне наркотыкаў і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. ІНФАГРАФІКА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG