Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьніку старшыні Партыі БНФ Лукашэвічу забаранілі выезд зь Беларусі


Юры Лукашэвіч
Юры Лукашэвіч

Раніцай 3 траўня беларускія памежнікі зьнялі зь цягніка Менск-Кіеў намесьніка старшыні Партыі БНФ Юрыя Лукашэвіча, паведамляе прэс-служба партыі БНФ.

Лукашэвіч накіроўваўся у Кіеў на беларуска-ўкраінскую канфэрэнцыю «Новае лідэрства для Ўсходняй Эўропы», якую арганізуюць Эўрапейскі рух Украіны і кіеўскае прадстаўніцтва нямецкага Фонду Конрада Адэнаўэра.

Пры пашпартным кантролі ў цягніку Менск-Кіеў памежнікі заявілі Юрыю Лукашэвічу, што яму забаронены выезд за межы Беларусі і вымусілі яго сысьці зь цягніка, паставіўшы ў пашпарт штамп «У выезьдзе адмоўлена».

Афіцыйна тлумачыць падставы адмовы ў выезьдзе памежнікі адмовіліся, але пры гэтым адзначылі, што Лукашэвіч мае «нейкія праблемы зь Белдзяржунівэрсытэтам».

Памежны камітэт: «Забарона на выезд зьвязаная з запазычанасьцямі Лукашэвіча перад дзяржавай»

Пазьней афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі паведаміў БелаПАН, што забарона на выезд зь Беларусі Лукашэвічу зьвязаная з наяўнымі ў яго «запазычанасьцямі перад дзяржавай».

Ён падкрэсьліў, што абмежаваньне на выезд не зьвязанае зь дзейнасьцю Лукашэвіча. «Як толькі разьлічыцца па даўгах, будзе спакойна перасякаць дзяржаўную мяжу», — сказаў Бычкоўскі.

Паводле Бычкоўскага, Лукашэвіч паспрабаваў перасекчы дзяржаўную мяжу, «выдатна ведаючы, што ў яго ёсьць абмежаваньні на выезд».

Юры Лукашэвіч цяперашнюю забарону на выезд зь Беларусі зьвязвае са сваёй новай спробай аднавіць судовыя слуханьні пра ягонае адлічэньне зь Белдзяржунівэрсытэту.

Лукашэвіч паведаміў БелаПАН, што ня ведае, пра якія даўгі перад дзяржавай ідзе гаворка. «Адзінае што, магчыма, гэта нешта зьвязанае з БДУ. Яны мне даслалі, што я нешта вінен, але ня ведаю дакладна», — сказаў Лукашэвіч.

Ён падкрэсьліў, што яго адлічылі паўтара гады таму, і ніхто яму не тэлефанаваў і не пісаў, і толькі калі пару тыдняў таму ён зноў падаў у суд на аднаўленьне слуханьняў па адлічэньні з БДУ, «пасьля гэтага зьявіліся „даўгі“». «Паспрабую на судзе ў панядзелак даведацца», — дадаў ён.

«Так ужо было ўлетку мінулага году, пры маёй першай спробе абскардзіць незаконнае адлічэньне: тады толькі ў судовым працэсе высьветлілася, што ў БДУ было дасланае судовае рашэньне пра арышт мяне на 15 сутак за ўдзел у абароне Курапатаў — я нават ня ведаў да таго пра такі прысуд. Не выключаю, што і гэтым разам праваахоўныя органы і адміністрацыя ўнівэрсытэту, працуючы ў зьвязцы, вынайшлі супраць мяне нейкія новыя прэтэнзіі», — сказаў Юрась Лукашэвіч.

Увесну 2017 году Юры Лукашэвіч, які на той час зьяўляўся лідэрам Моладзі БНФ, быў адлічаны з гістарычнага факультэта Белдзяржунівэрсытэта. Лукашэвіч лічыць, што прычынай адлічэньня стаў ягоны ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў. Яму вынесьлі дзьве вымовы, на падставе якіх потым адлічылі з БДУ. Тады актывіст судзіўся за аднаўленьне ва ўнівэрсытэце, але ў судзе яму адмовілі ў магчымасьці вярнуцца на факультэт.

У студзені 2018 году з другога курсу Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта была адлічаная цяперашняя старшыня Моладзі БНФ Ганна Сьмілевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG