Аб’яднаная грамадзянская партыя пачала справаздачна- выбарчую кампанію, паведамілі Свабодзе 2 траўня ў партыйным офісе. Зьезд, на якім будуць выбіраць новага старшыню, заплянаваны на 8 ліпеня.
Перад гэтым пройдуць абласныя канфэрэнцыі, першая зь якіх, у Гомельскай вобласьці, прызначаная на 26 траўня.
Цяперашні лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які ачольвае партыю з 2000 году, паведамляў, што ня мае намеру вылучацца на пасаду старшыні.
Пакуль аб сваім жаданьні балятавацца на кіраўніка АГП заяўлялі двое: дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і цяперашні намесьнік Лябедзькі Васіль Палякоў з Гомля.
Але, як падкрэсьліваюць у апараце АГП, «любы сябра партыі можа вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні, прапаноўваць сваю праграму і праводзіць выбарчую кампанію, удзельнічаючы ў сходах і канфэрэнцыях».
Некаторыя палітолягі называюць у якасьці магчымых прэтэндэнтаў на кіраўніка АГП яшчэ Аляксандра Дабравольскага і Мікалая Казлова.