У аўторак Паўднёвая Карэя пачала дэмантаваць на мяжы з Паўночнай Карэяй гукаўзмацняльнікі, пры дапамозе якіх Сэул на працягу дзесяцігодзьдзяў трансьляваў паўночным суседзям прапагандысцкія перадачы. Аналягічным чынам вырашыў паступіць і Пхэньян.
Гэта стала магчыма пасьля саміту, які прайшоў у дэмілітарызаванай зоне (ДМЗ) на мінулым тыдні.
У 1953 годзе, пасьля спыненьня агню, дэмілітарызаваная зона стала альтэрнатыўным варыянтам ваеннаму стрымліваньню і да сёньняшняга дня ўспрымаецца абодвума бакамі як варожая зона.
Расейская служба ВВС сабрала пяць цікавых мітаў пра мяжу паміж Карэямі, якія аказаліся праўдай.
1. У ДМЗ ёсьць поле для гольфа, якое лічыцца адным з самых небясьпечных у сьвеце. Мячыкі зь яго часам ляцяць на міннае поле.
2. З прычыны практычна поўнай адсутнасьці людзей ДМЗ стала, па сутнасьці, райскім месцам для дзікай прыроды. Там самая вялікая канцэнтрацыя дзікіх жывёл і рэдкіх птушак.
3. Зьвяры часам падрываюцца на мінах, таму што ў ДМЗ адна з самых вялікіх у сьвеце канцэнтрацый розных мін.
4. Пад ДМЗ пракапаныя тунэлі, якія меркавалася выкарыстаць для дывэрсій і дастаўкі кантрабанды.
5. Паўднёвая Карэя вызваляе ад падаткаў тых фэрмэраў, якія селяцца ў ДМЗ.