Сярэдняя зарплата беларускага ІТ-спэцыяліста складала ў канцы 2017 году 1763 даляры. Пра гэта сьведчаць дадзеныя штогадовага дасьледаваньня ІТ-парталу dev.by, у якім паўдзельнічалі звыш 2000 чалавек.
Калі сярэдні месячны заробак беларускага айцішніка вырас за год на 75 даляраў, то мэдыянны (заробак супрацоўніка, які знаходзіцца пасярэдзіне зарплатнага сьпісу) застаўся на ўзроўні 1500 даляраў.
«Захаваньне мэдыяннай зарплаты на фоне росту сярэдняй азначае, што ў галіне працягваецца экстэнсіўны рост, — заключаюць аўтары дасьледаваньня. — Выплаты дасьведчаным спэцыялістам дазваляюць расьці сярэдняй зарплаце, а прыток пачаткоўцаў зь невысокімі заробкамі захоўвае мэдыянны паказчык на ранейшым узроўні».
Паводле dev.by, «стрыжневыя» спэцыялісты на ІТ-рынку — кіраўнікі камандаў (Team Lead). У іх мэдыянны заробак складае каля 3000 даляраў, а ніжні паказчык перавышае 2000.
Пра рост заробкаў у мінулым годзе заявіла рэкордная колькасьць беларускіх айцішнікаў — 62,4%. Пры гэтым 61,7% рэспандэнтаў ня супраць папрацаваць за мяжой.
Амаль 89% айцішнікаў месьцяцца ў Менску, амаль палова зь іх маюць уласнае жытло.
Сярэдні ўзрост супрацоўніка ІТ-індустрыі — 28,6 год, а доля жанчын перавышае 19%.
Больш за траціну прадстаўнікоў галіны — выпускнікі БДУІР.