Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як стартап беларусаў у Крэмніевай даліне вучыць базы дадзеных разумець мову людзей


Сан-Францыска. @Shutterstock
Сан-Францыска. @Shutterstock

У Крэмніевай даліне месьціцца штаб-кватэра створанага беларусамі стартапа FriendlyData, які спрашчае працу з базамі дадзеных для нетэхнічных спэцыялістаў. Сузаснавальнік і генэральны дырэктар кампаніі Міхал Румянцаў распавёў Свабодзе, як за два гады пабудаваць інавацыйную кампанію з чыстай ідэі ды прабіцца ў Крэмніевую даліну.

Якую праблему вырашае стартап беларусаў

FriendlyData дапамагае людзям без тэхнічных ведаў (маркетолягам, мэнэджэрам, спэцыялістам па продажах) задаваць пытаньні базе дадзеных на звычайнай чалавечай мове ды імгненна атрымліваць адказы.

«З нашым сэрвісам дастаткова напісаць у пошукавым радку ці спытаць голасам, напрыклад: „Які сярэдні прыбытак з кожнага кліента за мінулы месяц?“ — і вы атрымаеце адказ з вашай базы дадзеных», — тлумачыць генэральны дырэктар і сузаснавальнік кампаніі Міхал Румянцаў.


Сэрвіс не захоўвае кліенцкую інфармацыю і выкарыстоўвае толькі зьвесткі пра структуру базы дадзеных. Гэта, па словах менчука, робіць рашэньне бясьпечным для кліентаў.

«Унікальны падыход да працы з мэтададзенымі (дадзенымі пра дадзеныя. — РС) і падтрымка розных тэкставых фарматаў дазваляе нам лёгка наладжваць рашэньне пад працу з рознымі мовамі. Напрыклад, FriendlyData ўжо разумее беларускую мову», — кажа сузаснавальнік стартапа.

​Згодна з апошнімі тэстамі, FriendlyData — гэта найбольш дакладнае на рынку рашэньне для аналізу інфармацыі, уведзенай у сыстэму з дапамогай так званай апрацоўкі натуральнай мовы (NLP) — галіны вылічальнай лінгвістыкі і штучнага інтэлекту.

«Мы дасягнулі гэтага за кошт інавацыйнага падыходу да распрацоўкі парсэра (разборшчыка мовы). Гэты падыход ужо запатэнтаваны і спалучае правераныя гадамі мэтады NLP і наватарскія сродкі машыннага навучаньня», — кажа Міхал.

Міхал Румянцаў
Міхал Румянцаў

Для 75% супрацоўнікаў інструмэнты бізнэс-аналітыкі недасяжныя

Магчымасьць гаварыць з базай дадзеных на звычайнай мове немагчыма пераацаніць, кажа кіраўнік FriendlyData. Найчасьцей такія апэрацыі патрабуюць альбо спэцыфічных навыкаў (напрыклад, веданьня SQL — адмысловай мовы, каб рабіць запыты да базы дадзеных), альбо ўзаемадзеяньня са складанымі інтэрфэйсамі ці прыцягненьня прафэсійных дата-аналітыкаў.

«У сярэдняй сучаснай кампаніі каля 25% людзей карыстаюцца інструмэнтамі для бізнэс-аналітыкі, а для ўсіх астатніх дадзеныя недасяжныя. Пры гэтым роля дадзеных падчас прыманьня рашэньняў у бізнэсе ўзрастае з кожным годам. Наша мэта — зрабіць дадзеныя даступнымі для ўсіх», — кажа Міхал Румянцаў.

Без падобнага інструмэнта пошук адказу можа заняць гадзіны ці нават дні — пры тым, што ў большасьці буйных арганізацый унутраныя дадзеныя кампаніі захоўваюцца ў базах дадзеных, і аб’ёмы інфармацыі велізарныя.

Стартап паўстаў з пошуку квіткоў

Ідэя прадукту зьявілася ў 2016 годзе, калі Міхал набываў авіяквіток у Нарвэгію. Ён дакладна ведаў пункт прыбыцьця, дату і ліміт на кошт квітка, але каб атрымаць патрэбны вынік на адпаведным сайце, прыйшлося рабіць некалькі апэрацыяў.

«FriendlyData — гэта натуральны працяг майго папярэдняга вопыту: раней я працаваў у кампаніі, якая стварае сыстэмы адміністраваньня для баз дадзеных. Такі вопыт дапамог мне зразумець аб’ём рынку і наяўнасьць праблемы, — кажа суразмоўца.

Паводле яго, перш чым распачаць працу над стварэньнем сэрвісу, яны пагутарылі з прадстаўнікамі дзясяткаў буйных кампаній, для большасьці зь якіх хуткі доступ да дадзеных — вялікая праблема.

Аляксандар Зайцаў (зьлева), Міхал Румянцаў і Аляксей Зяновіч
Аляксандар Зайцаў (зьлева), Міхал Румянцаў і Аляксей Зяновіч

Спачатку каманда стартапа складалася з трох чалавек і працавала ў Менску. У другой палове 2016 году Міхал, а таксама яго калегі Аляксей Зяновіч і Аляксандар Зайцаў займелі падтрымку нью-ёрскага стартап-аксэлератара Starta, у межах якога стартапам дапамагаюць запусьціць бізнэс: адшукаць інвэстараў, кансультантаў, першых кліентаў. Наўзамен на долю ў кампаніі беларусы атрымалі кансультацыйную дапамогу і офіс у Нью-Ёрку.

Што даў удзел у глябальным аксэлератары

Летась Румянцаў з калегамі сталі першай кампаніяй беларускага паходжаньня, якая прайшла адбор у культавы стартап-аксэлератар у Крэмніевай даліне 500 Startups.

Пад брэндам працуе таксама вэнчурны фонд, тут запрашаюць да спонсарства ўсясьветна вядомыя кампаніі, праводзяць платныя канфэрэнцыі і прапануюць кансалтынгавыя паслугі. На першым этапе фонд інвэстуе ў кожны прыняты стартап па 150 тысяч даляраў у абмен на долю ў кампаніі памерам 6%.

Міхал прэзэнтуе праект перад удзельнікамі аксэлератара 500 Startups

За шэсьць год існаваньня 500 Startups інвэстыцыі ад яго атрымалі каля 1800 кампаній з 60 краінаў сьвету, многія зь якіх сталі пасьпяховымі ў розных галінах ІТ-бізнэсу.

Па словах Міхала, удзел у прэстыжным аксэлератары адкрыў перад FriendlyData шмат магчымасьцяў.

«Апроч самой праграмы, якую праводзяць экспэрты ўсясьветнага ўзроўню па маркетынгу, продажах, пабудове прадукту і фінансах, мы сталі часткай вялікай сям’і, якая складаецца зь некалькіх тысяч заснавальнікаў стартапаў з усяго сьвету, уласна каманды 500 Startups і шматлікіх мэнтараў, — кажа ён. — Гэтыя тыя сувязі, якія застануцца на ўсе жыцьцё і будуць дапамагаць ня толькі ў разьвіцьці дзейнага бізнэсу, але і ўва ўсіх новых пачынаньнях».

Калі кожны радок коду рухае наперад

Цяпер, праз паўтара года, офісы FriendlyData месьцяцца ў Крэмніевай даліне (Сан-Францыска) і ў Менску. Шлях ад бізнэс-ідэі да продажаў прадукту беларусы прайшлі ўсяго за год.

Галоўны беларускі сайт пра IT-індустрыю dev.by назваў FriendlyData стартапам 2017 году ў Беларусі, а сайт з Сан-Францыска ProgrammableWeb — адным з самых цікавых праектаў году ў катэгорыі «Вялікія дадзеныя і аналітыка».

На міжнародным сэрвісе для пошуку IT-прадуктаў і стартапаў Product Hunt прапанова FriendlyData трапіла ў топ-3 прадуктаў году ў катэгорыі «Інструмэнты для распрацоўшчыкаў».

Кампанія трапіла ў праграму падтрымкі ІТ-гіганта Google, атрымаўшы «глыбокую маркетынгавую дапамогу».

Міхал дадае: галоўнае звычайна адбываецца незаўважна, у офісе за кампутарам.

«Кожны радок коду, кожная размова з кліентам і кожны дасланы email рухаюць нас наперад, і таму галоўным дасягненьнем і гонарам я лічу магчымасьць працаваць і расьці разам зь вельмі таленавітымі і матываванымі аднадумцамі, якія і складаюць нашу каманду», — кажа ён.

Большая частка каманды FriendlyData — беларусы. Але агулам у Беларусі, на думку суразмоўцы, вельмі цяжка знайсьці людзей з вопытам і разуменьнем спэцыфікі працы ў прадуктовых стартапах.

Каманда FriendlyData
Каманда FriendlyData

«Беларуская ІТ-індустрыя ў асноўным накіраваная на аўтсорсінг (праца на замову), і гэта дае свой адбітак на рынку працы», — мяркуе ён.

Як інжынэр ператварыўся ў прадпрымальніка?

Спачатку Міхал працаваў у невялікай кампаніі, дзе рабіў літаральна ўсё. А потым пераймаў чужы вопыт.

«За апошнія некалькі год мне дапамагалі людзі з усяго сьвету. Калі я ня ведаю, як вырашыць пэўную бізнэс-праблему, то зьвяртаюся да людзей, якія яе ўжо вырашалі. У ЗША людзі вельмі ахвотна дзеляцца вопытам і дапамагаюць адзін аднаму», — кажа ён.

І дадае, што вельмі б хацеў, каб такая культура разьвівалася і ў Беларусі.

«Я стараюся дапамагаць прадпрымальнікам-пачаткоўцам і дзяліцца сваім вопытам: праводжу вэбінары, выступаю на профільных імпрэзах, зараз запускаю блог пра тое, як рабіць стартап. І адначасова дапамагаю парадамі некалькім пэрспэктыўным стартапам зь Беларусі», — кажа ён.

Паводле стваральніка FriendlyData, узровень беларускай стартап-экасістэмы (якая ўключае ў сябе інфраструктуру, людзей і ўсё, што адбываецца вакол стартапаў) расьце з кожным годам.

«Беднасьць на прыродныя рэсурсы і малы ўнутраны рынак не пакідаюць іншага выбару Беларусі, як разьвіваць галіну інфармацыйных тэхналёгій (якая патрабуе толькі людзкіх рэсурсаў) і ад самага пачатку арыентавацца на глябальны рынак», — перакананы Румянцаў.

Парк высокіх тэхналёгій у Менску
Парк высокіх тэхналёгій у Менску

Стартапэрскі расклад: «праца з раніцы да позьняй ночы»

Амаль увесь мінулы год Міхал Румянцаў правёў у ЗША.

«Зараз, пакуль рыхтуем запуск новага прадукту, я ў Менску, і ўвогуле ў гэтым годзе хочацца зьмяніць жыцьцёвы балянс на карысьць Беларусі», — кажа ён.

Ці шмат даводзіцца працаваць? Так, але час знаходзіцца ня толькі для гэтага.

«Стартапэрскі дзённы расклад вельмі просты: праца з раніцы да позьняй ночы. На выходных вандрую па Каліфорніі ці шпацырую ўздоўж акіяна», — кажа ён.

Згадваючы, што адразу спадабалася ў ЗША, Міхал кажа: людзкі падыход без залішняга фармалізму і бюракратыі. Але землякоў папярэджвае, што ёсьць і іншыя адрозьненьні ад Беларусі, пра якія варта ведаць таму, хто зьбіраецца прыехаць.

«У ЗША, асабліва ў Каліфорніі, вельмі чульліва ставяцца да гендэрнай роўнасьці, таму пэўнымі дзеяньнямі, натуральнымі для нашай культуры (напрыклад, калі саступіць месца жанчыне), можна выклікаць непаразуменьне», — дадае стартапэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG