Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А то будзе, як у Армэніі». Што Лукашэнка казаў пра армянскую «аксамітную рэвалюцыю»


Пратэсты ў Ерэване супраць прызначэньня экс-прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсьяна прэм'ер-міністрам трывалі 11 дзён
Пратэсты ў Ерэване супраць прызначэньня экс-прэзыдэнта Армэніі Сержа Саргсьяна прэм'ер-міністрам трывалі 11 дзён

Цягам сёньняшняй прамовы ў Нацынальным сходзе Аляксандар Лукашэнка неднаразова вяртаўся да падзеяў у Армэніі, якія прывялі да адстаўкі былога прэзыдэнта і прэм'ер-міністра Сержа Саргсьяна.

Першы раз гэты было зьвязана з канстытуцыйнай рэформай, якая апрыёры «ня можа быць такой, як у Армэніі».

«Я не парушу сваёй клятвы, каб ня здарылася так, як у Армэніі»

«Што тычыцца рэфэрэндуму аб зьмене нормаў Асноўнага закону — нават ня думаў. Я ніколі не парушу сваю клятву, а то будзе, як у Армэніі. Нам зараз не да рэфэрэндуму. Нам галоўнае выстаяць, а не каб муць узьняць у краіне. Трэба спыніць гэтае браджэньне ў грамадзтве. Мы з былым прэзыдэнтам Армэніі пра гэта гаварылі, і я сваю пазыцыю яшчэ тады абсалютна шчыра выказаў. Трэба ўсё рабіць адкрыта і сумленна. Цяпер неабходна будзе запытаць, чым мы новаму ўраду здольныя дапамагчы», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў беларускай Канстытуцыі могуць быць карэктывы «тэхнічнага пляну», але ні ў якім разе не пад канкрэтную асобу.

Спэцназ падчас масавых пратэстаў у Ерэване
Спэцназ падчас масавых пратэстаў у Ерэване

«Ні ў якім разе нельга мяняць асновы дзяржавы пад асобу»

«З народам гуляць нельга, мы гэта ўжо пабачылі ўчора на прыкладзе Армэніі. Ня трэба было пераводзіць прэзыдэнцкую рэспубліку ў парлямэнцкую, вось і вылезла бокам. Ну навошта мяняць асновы дзяржавы, ламаць пад асобу? А калі потым асоба зламаецца? Вось яно і адбылося. У гэтай сытуацыі зычу армянскаму народу толькі аднаго: каб занадта не захапіліся барацьбой. Таму што памяняць улады проста. Потым трэба даваць вынікі. І народ будзе чакаць гэтых вынікаў. Калі хто разьлічвае, што і ў нас створыць падмурак для майданаў і майданутых, то гэтага ня будзе», — запэўніў Лукашэнка.

Недвухсэнсоўна ён даў зразумець, што некаторыя праблемы, якія потым прыводзяць да «каляровых рэвалюцый», зыходзяць ад Расеі. Спаслаўся на бясконцыя «харчовыя войны», пасьля чаго нагадаў, з чаго паўстала незадаволенасьць армянаў уласным урадам.

Серж Саргсьян падчас перамоваў з лідэрам апазыцыі Ніколам Пашыньянам
Серж Саргсьян падчас перамоваў з лідэрам апазыцыі Ніколам Пашыньянам

«Усё пачалося тады, калі Расея падвысіла цэны на энэргарэсурсы»

«Такое адчуваньне, што нас хочуць па адным павыбіваць, павыкідаць з ЭАЭС. З чаго ўсё пачалося ў Армэніі? Два гады таму ўрад падвысіў цэны на расейскі прыродны газ, а потым вымусіў адступіць. Не ад Расеі гэта залежала? Так, ад Расеі. Гэтак жа, як у нашым выпадку, калі з Новай Зэляндыі возяць сабе сухое малако, а ў нас яго няма куды падзець. Дык што ж гэта за саюзьніцтва? Чаго на малдаванаў кідацца, што яны падпісалі дамову пра супрацу з Эўразьвязам? Малдова, Грузія — навошта душыць «малышоў»? — задаўся ён рытарычным пытаньнем.

Таксама Аляксандар Лукашэнка пажадаў «таленавітаму і разумнаму народу Армэніі» справіцца зь цяперашняй сытуацыяй. Ён адзначыў, што гэта не чужая для Беларусі краіна, зыходзячы нават з таго, што знаходзіцца ў «нашым» Эўразійскім эканамічным саюзе.

Людзі сьвяткуюць адстаўку прэм'ер-міністра Сэржа Саргсьяна на вуліцах Ерэвана
Людзі сьвяткуюць адстаўку прэм'ер-міністра Сэржа Саргсьяна на вуліцах Ерэвана

«Аксамітная рэвалюцыя» ў Армэніі. Як гэта было

У Ерэване і іншых гарадах краіны з 13 красавіка праходзілі масавыя акцыі пратэсту супраць супраць прызначэньня прэм’ер-міністрам Сэржа Саргсьяна, які да таго 10 гадоў займаў пост прэзыдэнта краіны.

23 красавіка экс-прэзыдэнт Армэніі Сэрж Саргсьян, прызначаны на пасаду прэм’ера-міністра Армэніі 17 красавіка, абвясьціў пра сваю адстаўку.

«Я памыліўся. Цяперашняя сытуацыя мае некалькі рашэньняў, але я не пайду ні па адным з гэтых шляхоў. Гэта не маё. Я пакідаю сваю пасаду лідэра краіны — прэм’ер-міністра Армэніі», — заявіў Саргсьян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG