Пасьля амаль двух тыдняў масавых дэманстрацыяў прэм’ер-міністар Армэніі Сэрж Саргсьян сышоў у адстаўку. Апазыцыя пратэставала супраць прызначэньня Саргсьяна, які на працягу 10 папярэдніх гадоў займаў пасаду прэзыдэнта. У нядзелю, 22 красавіка, на плошчу Рэспублікі ў Ерэване выйшлі, паводле розных ацэнак, ад 35 да 100 тысяч чалавек. Гэта стала найбуйнейшай акцыяй пратэсту ў найноўшай гісторыі Армэніі.
Пасьля прызначэньня апазыцыя заявіла пра пачатак «негвалтоўнай аксамітнай рэвалюцыі». Пратэстоўцы казалі, што акцыя бестэрміновая, а людзі ня пойдуць з вуліц, пакуль прэм’ер-міністар не адмовіцца ад сваёй пасады.
Раней сам Саргсьян 21 красавіка заявіў, што гатовы сысьці, але толькі пасьля таго, як забясьпечыць бясьпечнае разьвіцьцё рэспублікі і дасягне «годнага ўрэгуляваньня карабахскай праблемы». Тады ён таксама сказаў, што ўлады паважаюць права грамадзянаў на мірныя мітынгі, і заклікаў апазыцыю да перамоваў.
На наступны дзень падчас публічнай сустрэчы з лідэрам пратэсту, кіраўніком апазыцыйнай партыі «Елк», Ніколам Пашыньяном Саргсьян перамовы сарваў. Ён заявіў, што патрабаваньні апазыцыі — «шантаж дзяржавы» і што палітычная партыя, якая набрала 7-9% галасоў, ня мае права казаць ад імя ўсяго народу Армэніі, і адразу ж пакінуў прэс-канфэрэнцыю. Перамовы доўжыліся не даўжэй за тры хвіліны.
Праз паўтары гадзіны Пашыньяна і яшчэ дваіх дэпутатаў затрымалі. Разам зь імі толькі за адзін дзень у паліцэйскія пастарункі трапілі больш за 250 чалавек.
Да пратэстоўцаў на плошчу Рэспублікі выходзіў новы прэзыдэнт Армэн Саргсьян — ён правёў кароткія перамовы зь Ніколам Пашыньянам. У адным з сваіх раньніх зваротаў прэзыдэнт распавёў, што ён «глыбока заклапочаны» сытуацыяй, якая склалася ў краіне, а «нецярпімасьць дасягнула піку».
Пратэсты ўспыхнулі пасьля таго, як парлямэнт зацьвердзіў Сэржа Саргсьяна на пасадзе прэм’ер-міністра. Гнеў апазыцыі выклікала тое, што Саргсьян, займаючы пасаду прэзыдэнта, у 2015 годзе правёў канстытуцыйную рэформу, якая зьмяніла форму кіраваньня з паўпрэзыдэнцкай рэспублікі на парлямэнцкую. Гэта азначае, што менавіта Саргсьян атрымаў бы ўсю паўнату ўлады, бо менавіта прэм’ер, а не прэзыдэнт цяпер лічыцца першай асобай Армэніі.
Адначасна МУС Армэніі называе стыхійныя акцыі незаконнымі і абяцае ў выпадку неабходнасьці ўжыць для разгону пратэстоўцаў сілу.
Удзень 22 красавіка паліцыя пачала разганяць шэсьце ў Ерэване сьветлашумавымі гранатамі, частку людзей зьбівалі гумовымі дубінкамі, некалькім журналістам пагражалі і разьбівалі тэхніку, а на некаторых пратэстоўцаў у сталіцы нападалі арганізаваныя групы ў масках і без апазнавальных знакаў.
Тым ня менш найбуйнейшы мітынг апазыцыі на плошчы Рэспублікі паліцыя разганяць ня стала.
Акцыі пратэсту падтрымаў фронтмэн знакамітага гурту System of a Down Сэрж Танк’ян. Музыкант армянскага паходжаньня распавёў, што сам хацеў бы далучыцца да жыхароў Ерэвану, і абяцаў зрабіць гэта «ў найбліжэйшым часе».
На фота ніжэй — юная жыхарка Ерэвану Лусінэ Буртаян. Як успамінае фатограф Эймас Чапл, які зьняў гэты кадар, дзяўчынка сама падышла ўсутыч да кардону паліцыі. «Вы далучыцеся да нас? Чаму вы бароніце яго [Сэржа Саргсьяна]? Чаму вы не зь людзьмі?» — усхліпвала дзяўчынка.
У панядзелак, 23 красавіка, на вуліцы зноў выйшлі з дэманстрацыямі студэнты, але гэтым разам акрамя звычайных жыхароў да іх далучыліся вайскоўцы і вэтэраны. Неўзабаве пасьля першых паведамленьняў Міністэрства абароны Армэніі асудзіла гэтае рашэньне і абяцала ужыць захады ў дачыненьні да службоўцаў, якія «самавольна» пакінулі вайсковыя часткі. Што будзе зь імі пасьля адстаўкі прэм’ера, як і з затрыманымі, пакуль невядома.
У афіцыйным звароце Сэржа Саргсьяна, апублікаваным на сайце ўраду Армэніі, было напісана: «Нікол Пашыньян меў рацыю. Я памыляўся. Цяперашняя сытуацыя мае некалькі рашэньняў, але я не пайду ні па адным з гэтых шляхоў. Гэта не маё. Я пакідаю сваю пасаду лідэра краіны. Вулічны рух супраць таго, каб я займаў гэты пост, я выконваю ваша патрабаваньне. Міру, гармоніі і лёгікі нашай краіне. Дзякуй».