Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маларыцкім раёне на адзёр захварэлі трое. Яшчэ дзесяць — пад назіраньнем


Вакцына для прафіляктыкі адру, сьвінкі і краснухі
Вакцына для прафіляктыкі адру, сьвінкі і краснухі

У Маларыцкім раёне лябараторна пацьвердзілі тры выпадкі захворваньня на адзёр, піша TUT.BY са спасылкай на галоўнага лекара Маларыцкага раённага шпіталя Пятра Селівончыка.

Захварэлі жыхары Маларыты і вёскі Ляхаўка 1999, 2000 і 2008 гадоў нараджэньня. Іх не прышчаплялі ад адру. Лекары назіраюць яшчэ за 10 асобамі, якія кантактавалі з хворымі. Меркавана, адзёр перадаўся праз грамадзяніна Ўкраіны, які гасьцяваў у Беларусі.

На 3 красавіка было зафіксавана каля 40 выпадкаў захворваньня на адзёр — у Берасьцейскай, Гомельскай і Горадзенскай абласьцях.

Першай захварэла сёлета ў лютым 5-гадовая дзяўчынка з Ваўкавыску. Крыніцу інфэкцыі ня выявілі. На Гомельшчыну вірус трапіў праз жыхара Жлобіна, які вярнуўся з адпачынку ў Адэсе (ва Ўкраіне фіксавалі ўспышку адру).

Летась у Беларусі зафіксавалі адзін выпадак захворваньня на адзёр. У 2016–2017 гадах 98% дзяцей мелі прышчэпкі ад адру (іх робяць у веку ад 1 да 6 гадоў).

Напачатку адзёр праяўляецца як звычайная вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя. Сярод сымптомаў — высокая тэмпэратура, высыпка, боль у горле, кашаль, запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй. Лекарам варта паведамляць, калі хворы быў за мяжой. Сярод краінаў, дзе цяпер можна заразіцца адром, — Украіна, Італія, Румынія, Сэрбія, Вялікая Брытанія, Грэцыя, Нямеччына, Латвія, Польшча, Францыя і Швэцыя.

Больш за палову тых, хто ў Эўропе летась хварэў на адзёр, — людзі ў веку да 20 гадоў, больш як 80% зь іх ня мелі прышчэпак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG