Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан заявіла, што ў Берасьцейскай, Гомельскай і Горадзенскай абласьцях Беларусі зафіксавана каля 40 выпадкаў захворваньня на адзёр, піша Tut.by.
У Берасьцейскай вобласьці зафіксаваны толькі 1 выпадак адру, у Гомельскай — 11, у Горадзенскай — 28.
Першы выпадак захворваньня сёлета выявілі ў лютым у пяцігадовай дзяўчынкі з Ваўкавыску — крыніцу інфэкцыі не знайшлі, але вядома, што дзяўчынка ня мела належнай прышчэпкі, бо бацькі адмовіліся ад вакцынацыі. У Гомельскую вобласьць вірус трапіў праз мужчыну са Жлобіна, які адпачываў ва ўкраінскай Адэсе (ва Ўкраіне фіксавалі ўспышку адру).
Летась у Беларусі быў зафіксаваны толькі адзін выпадак захворваньня на адзёр. Цягам 2016–2017 году ахоп прафіляктычнымі прышчэпкамі ад адру склаў 98% дзяцей (іх робяць ва ўзросьце ад 1 да 6 гадоў).
Першы час адзёр праяўляецца як звычайная вострая рэсьпіратарная вірусная інфэкцыя. Сярод сымптомаў — высокая тэмпэратура, высыпка, боль у горле, кашаль, запаленьне сьлізістай абалонкі вачэй. Лекарам лепей паведамляць, калі хворы быў за мяжой. Сярод краінаў, дзе цяпер цяжкая сытуацыя з захворваньнямі на адзёр, — Украіна, Італія, Румынія, Сэрбія, Вялікая Брытанія, Грэцыя, Нямеччына, Латвія, Польшча, Францыя і Швэцыя.
Больш за палову тых, хто ў Эўропе хварэў на адзёр у мінулым годзе,— людзі ва ўзросьце да 20 гадоў, больш як 80% зь іх ня мелі прышчэпак.