Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі абвінаваціла Вялікабрытанію ў датычнасьці да забойства Распуціна і зьнішчэньні абарыгенаў у Аўстраліі 


Марыя Захарава.
Марыя Захарава.

Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава абвінаваціла брытанскія спэцслужбы ў забойстве Грыгорыя Распуціна. Выступаючы на брыфінгу, яна заявіла, што такія высновы можна зрабіць пасьля чытаньня кнігі былога агента Скотланд-Ярду Рычарда Калена, у якой нібыта прыводзяцца архіўныя дакумэнты афіцэраў брытанскай выведкі.

Акрамя таго, па словах Захаравай, Лёндан датычны да гібелі расейскага імпэратара Паўла I і палітычнага дзеяча Конга Патрыса Люмумбы. Усе гэтыя забойствы прадстаўніца МЗС назвала дзяржаўнымі замовамі. Захарава назвала Вялікабрытанію «сусьветным рэкардсмэнам па генацыдзе». Паводле яе ацэнак, брытанцы зьнішчылі да 95 адсоткаў абарыгенаў Аўстраліі падчас калянізацыі.

Захарава адзначыла, што зрабіла гэтыя заявы ў адказ на абвінавачваньні брытанскіх уладаў у датычнасьці Расеі да забойстваў на замову за мяжой. Лёндан лічыць, што за нападам на былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў брытанскім горадзе Солсбэры 4 сакавіка стаіць менавіта Расея. Па дадзеных сьледзтва, Скрыпалей атруцілі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», вырабленым на расейскай тэрыторыі.

Расея ўсе абвінавачваньні адмаўляе. Міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў заявіў, што пры нападзе было выкарыстана іншае рэчыва — хімікат BZ, які распрацоўвалі ЗША і Вялікабрытанія. Лаўроў спаслаўся на высновы хімічнай лябараторыі ў швайцарскім горадзе Шпіц, але ў самой лябараторыі заяву міністра не пацьвердзілі. Пазьней высновы расейскіх уладаў абверглі экспэрты Арганізацыі па забароне хімічнай зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG