Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізацыя па забароне хімічнай зброі адпрэчыла заяву Лаўрова наконт атручваньня Скрыпаля


Кіраўнік лябараторыі Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) Марк-Майкл Блюм 18 красавіка заявіў, што ва ўзорах, сабраных экспэртамі арганізацыі ў брытанскім горадзе Солсбэры, не было рэчыва BZ.

Пра тое, што былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію маглі атруціць BZ, а ня рэчывам «Новичок», раней заяўляў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

«Рэчыва BZ, аб якім згадваецца ў публічных заявах, знаходзілася ў кантрольных узорах, падрыхтаваных лябараторыяй АЗХЗ ў адпаведнасьці з парадкам кантролю якасьці, — адзначыў Блюм. — Яны не мелі нічога агульнага з ўзорамі, сабранымі групай экспэртаў АЗХЗ ў Солсбэры».

Пра наяўнасьць у пробах з Солсбэры рэчыва BZ, якое «ніколі не выраблялася ў Расеі», Сяргей Лаўроў заявіў 14 красавіка. Ён сьцьвярджаў, што АЗХЗ ў выніковым дакладзе аб атручваньні былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў Солсбэры не ўлічыла высновы швайцарскіх экспэртаў з цэнтру хімічнага і радыялягічнага аналізу ў Шпіцы. А тыя, па водле яго словаў, нібыта ідэнтыфікавалі ў пробах рэчыва пад назвай BZ, якое ўжывалі краіны NATO.

15 красавіка ў твітэр-акаўнце швайцарскай лябараторыі апублікавана некалькі запісаў у якасьці рэакцыі на словы Лаўрова. У прыватнасьці, гаворыцца, што ў іх няма сумневаў адносна высноваў брытанскай лябараторыі, якая выявіла, што атрутнае рэчыва належала да клясы «Новичок».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG