З усіх свабодаў свабода слова — самая нязручная. Яна не прыносіць непасрэдных даброт, не вядзе да эканамічнага росту. Яна, па вялікім рахунку, стварае толькі праблемы ды непрыемнасьці.
Філязофская дылема свабоды слова ў тым, што значная частка людзей (ледзь стрымліваюся, каб не напісаць «большасьць», але, хутчэй за ўсё, так і ёсьць — большасьць) успрымаюць яе як свабоду прамаўляць і пашыраць свае правільныя ідэі і думкі, але пры гэтым людзі маюць жаданьне заткнуць альбо нават забараніць думкі чужыя, «няправільныя», «шкодныя» і «небясьпечныя». Гэта непазьбежна, бо гэта чалавечае, «занадта чалавечае».
Геніяльны рэжысёр Мілаш Форман, які днямі пайшоў ад нас, сказаў: «Парнаграфія — гэта тая цана, якую мы плацім за свабоду слова». І людзі заўсёды знаходзяць праявы, вобразна кажучы, «парнаграфіі» як нагоду абмежаваць свабоду слова. Бо матывы, каб змагацца са свабодай слова, заўсёды «высакародныя» — «барацьба з расейскай прапагандай», паліткарэктнасьць ці змаганьне супраць «мовы нянавісьці».
(Дарэчы, варта адзначыць, што ў ЗША, у адрозьненьне ад некаторых краінаў Эўропы, у юрыдычным сэнсе «мовы нянавісьці» не існуе, ніякія спрэчныя ці нават зьняважлівыя выказваньні на адрас нейкіх сацыяльных, нацыянальных, расавых ці рэлігійных груп не караюцца законам. Закон карае за правакацыйныя выказваньні на адрас канкрэтнага чалавека, гэта называюць fighting words. У свой час, яшчэ ў 1992 годзе, Вярхоўны суд пастанавіў, што спроба выдзеліць нейкую катэгорыю, групу парушае канстытуцыйнае права на свабоду слова).
У Беларусі ўлады сабраліся змагацца са сваёй «парнаграфіяй» — ананімнасьцю ў інтэрнэце. Некаторыя аўтары спрабуюць угледзець у гэтым нешта станоўчае — барацьбу з расейскімі тролямі. Упэўнены, аднак, што цяперашнюю беларускую ўладу менш за ўсё турбуюць расейскія тролі, якія на 90 працэнтаў ідэйна супадаюць з афіцыйным Менскам.
Упэўнены, што цяперашнюю беларускую ўладу менш за ўсё турбуюць расейскія тролі, якія на 90% ідэйна супадаюць з афіцыйным Менскам
Выкарыстоўваньне псэўданімаў мае шмат яркіх прыкладаў у беларускай і ўсясьветнай гісторыі прэсы і літаратуры. У 1994 годзе ў «Белорусской деловой газете» зьявіўся яркі і загадкавы аўтар, які хаваўся пад псэўданімам МЖ. Ён у сваіх публіцыстычных артыкулах даваў інфармацыю «адтуль» — і было зразумела. што аўтар знаходзіцца ўнутры ўлады. Даволі хутка журналісты і палітыкі небеспадстаўна вырашылі, што гэта Аляксандар Фядута (які тады працаваў начальнікам управы грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта) — але сам ён ніколі не прызнаваў аўтарства гэтых тэкстаў. Без «ананімнасьці» публікацыя гэтых артыкулаў была б немагчымая, і беларуская публіцыстыка і палітычная гісторыя страціла б важнага і яркага пэрсанажа.
Прычына атак на свабоду слова ў тым, што яе сёньня, як і раней, шмат дзе ўспрымаюць як інструмэнт, каб дасягаць нейкіх іншых (неабходных дзяржаве) мэтаў. Для адных гэта ўмацаваньне беларускага сувэрэнітэту, для другіх — уздым расейскага патрыятызму, для трэціх — каб людзі былі талерантнымі і паліткарэктнымі і выходзілі на вуліцы вітаць мігрантаў.
Але трэба зразумець, што свабода слова не павінна быць інструмэнтам — нават дзеля самых прыгожых мэтаў. Бо яна сама — абсалютная каштоўнасьць. Такая самая, як падзел уладаў і правы чалавека. Тыя самыя натуральныя правы, дадзеныя чалавеку ад нараджэньня.
І каштоўнасьць свабоды слова патрэбная нам не таму, што яна дадае дабрабыт ці павялічвае ВУП — многія краіны ў сёньняшнім сьвеце багацеюць і без усялякіх свабодаў. Проста пэўная частка чалавецтва (яе яшчэ часам называюць «цывілізаванае грамадзтва») цягам сваёй гісторыі пераканалася і вырашыла, што бяз гэтай каштоўнасьці ня будзе і самога гэтага цывілізаванага грамадзтва.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.