Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ ёсьць сьведка дастаўкі наймітаў «ЧВК Вагнера» ​​ў Сырыю


Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) заявіла, што атрымала дадзеныя аб перапраўленьні ў Сырыю байцоў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі, так званай «ПВК Вагнера» вайскова-марскімі сіламі Расеі.

У паведамленьні на сайце СБУ сьцьвярджаецца, што інфармацыю украінскім спэцслужбам перадаў былы расейскі вайсковец — 23-гадовы ўраджэнец Якуціі Мікалай Каваленка, затрыманы пры спробе нелегальна перасячы расейска-ўкраінскую мяжу. Пры сабе ў Каваленкі быў вайсковы білет «з запісам аб узнагароджаньні за ўдзел у ваеннай апэрацыі ў Сырыі».

Падчас допыту ён паведаміў, што ў 2015-2017 гадах служыў па кантракце мэханікам касьмічнай сувязі на ракетным крэйсэры «Варяг». Паводле яго, у сьнежні 2015 году крэйсэр даставіў з Уладзівастоку ў сірыйскі порт Тартус «30-40 чалавек у форме без апазнавальных знакаў», як мяркуецца, байцоў «ПВК Вагнер». З сабой яны везьлі «гуманітарны груз», які нагадваў скрыні са зброяй. Магчыма, аўтаматамі і гранатамётамі, выказаў здагадку Каваленка. Ён таксама распавёў, што камандзе крэйсэра было катэгарычна забаронена размаўляць з гэтымі людзьмі.

Расія адпраўку прыватных вайсковых кантрактнікаў у Сырыю адмаўляе. Наёмніцтва ў Расеі забаронена заканадаўствам.

Паводле дадзеных выданьня Republic, у шэрагах расейскай «Прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера» паводле стану на люты 2018 году лічыцца 3602 чалавекі. Выдаткі на «ПВК Вагнера» за апошнія два з паловай гады — ад пачатку ваеннай апэрацыі Расеі ў Сырыі — склалі больш за 16 мільярдаў рублёў. Фінансаваньнем «ПВК Вагнера», паводле дадзеных СМІ, займаецца расейскі бізнэсовец Яўген Прыгожын, якога называюць сябрам прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна.

7 лютага наёмнікі «ПВК Вагнера» трапілі пад удар антытэрарыстычнай кааліцыі ЗША ў сырыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор. Дакладная колькасьць загінулых расейцаў невядомая. Масква пацьвердзіла гібель пяцярых грамадзянаў Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG