Дэпутаты Беларусі не выключаюць паўторнага рэфэрэндуму наконт адмены сьмяротнага пакараньня. Пра гэта перад круглым сталом «Прававыя аспэкты адмены сьмяротнага пакараньня», арганізаваным Радай Эўропы, заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч, паведамляе Tut.by.
«Першапачаткова мы спыталі ў народу, у 1996 годзе, і ведаем яго пункт гледжаньня ў гэтым пытаньні. Але гэта сапраўды было даўно, больш за 20 гадоў таму. Таму летась мы прынялі рашэньне праводзіць сустрэчы ў рэгіёнах з насельніцтвам, каб абмяркоўваць гэтую тэму, — сказаў Навумовіч. — Думаю, правільна было б правесьці паўторны рэфэрэндум у гэтым пытаньні. Я як грамадзянін і парлямэнтар не выключаю гэтага».
Паводле Навумовіча, у 2011 годзе Беларусь была найбольш блізкая да таго, каб увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
«Тады мы ўжо казалі пра гэта, але трагічны выпадак у мэтро адсунуў нас на многія гады ў вырашэньні пытаньня. Паводле сацапытаньняў міжнароднага экспэрта спадара Джабара, больш за 50% беларусаў тады выступілі за захаваньне сьмяротнага пакараньня», — сказаў дэпутат.
Навумовіч заявіў, што ў беларускім парлямэнце рыхтуюцца слуханьні пра адмену сьмяротнага пакараньня. Калі яны адбудуцца, парлямэнтар сказаць ня можа. Таксама Беларусь вядзе дыялёг пра аднаўленьне статусу спэцзапрошанага ў ПАСЭ.
«Думаю, што мы павольна і дакладна ідзём да адмены сьмяротнага пакараньня», — адзначыў Навумовіч.
Прадстаўнік Рады Эўропы: «Для нас дзіўна, што ў Беларусі да гэтага часу ўжываюць сьмяротнае пакараньне»
Кіраўнік аддзелу камунікацыі і міжнароднага супрацоўніцтва Рады Эўропы Тацяна Тэрмачыч перад адкрыцьцём круглага стала заявіла, што для Рады Эўропы «дзіўна, што краіна, якая так пацярпела падчас Другой сусьветнай вайны, страціла больш за мільён чалавек, у якой цэлыя вёскі былі зьнішчаныя, да гэтага часу прымяняе сьмяротнае пакараньне». Як падкрэсьліла Тэрмачыч, сьмяротнае пакараньне зьяўляецца «несумяшчальным з чалавечай годнасьцю і справядлівасьцю», паведамляе БелаПАН.
Яна нагадала, што дыялёг аб адмене сьмяротнага пакараньня Рада Эўропы вядзе зь Беларусьсю ўжо працяглы час.
«Адбылася эвалюцыя гэтага дыялёгу, цяпер мы вядзём яго з усімі галінамі ўлады — заканадаўчай, выканаўчай і судовай», — адзначыла Тэрмачыч, але падкрэсьліла, што рэальны прагрэс для Рады Эўропы наступіць тады, калі сьмяротнае пакараньне ў Беларусі адменяць.
Тэрмачыч падкрэсьліла, што ні ў адной краіне, у якой ужо адмянілі найвышэйшую меру пакараньня, гэты шлях ня быў лёгкім, і сказала, што адмена такой меры — гэта «заўсёды праява моцнай палітычнай волі».
Яна таксама нагадала, што адмена сьмяротнага пакараньня зьяўляецца абавязковай умовай для вяртаньня беларускаму парлямэнту статусу спэцыяльнага запрошанага ў ПАСЭ.
Эўразьвяз спадзяецца, што Лукашэнка адменіць сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі, у сьвеце працягваецца тэндэнцыя да адмовы ад сьмяротнага пакараньня — краінаў, дзе яго не ўжываюць, год ад году ўсё болей. Пазытыўныя тэндэнцыі назіраюцца ў цэнтральнай і паўднёвай Афрыцы, Іране і Малайзіі. Але Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю: за 2017 год двух чалавек пакаралі, яшчэ чатырох асудзілі на сьмерць. Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.