Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Радаўніцу міліцыя паставіцца да людзей нападпітку «з паразуменьнем»


На могілках у Чарнобыльскай зоне. Архіўнае фота
На могілках у Чарнобыльскай зоне. Архіўнае фота

На Радаўніцу беларуская міліцыя будзе ставіцца да людзей нападпітку на могілках з паразуменьнем. Пра гэта журналістам 13 красавіка сказаў супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Ўладзімер Станілевіч.

«Могілкі — грамадзкае месца. І знаходжаньне там у п’яным стане, безумоўна, ёсьць парушэньнем грамадзкага парадку. Але ж у Беларусі існуе шматгадовая традыцыя памінаць памерлых з ужываньнем сьпіртовых напояў, — сказаў Станілевіч. — Таму міліцыя зарыентаваная так: калі чалавек нападпітку не перашкаджае іншым, не стварае канфліктных сытуацый, ставіцца да яго трэба з паразуменьнем».

Будуць дадатковыя аўтобусы і цягнікі

240 дадатковых адзінак аўтамабільнага транспарту будуць працаваць у Менску на Радаўніцу, сказаў начальнік аддзелу «Сталічнага транспарту і сувязі» Аляксандар Капцюх.

Паводле яго, трасы маршрутаў на могілкі застануцца традыцыйнымі. Маўляў, людзі ўжо прызвычаіліся да іх, і няма патрэбы нешта зьмяняць. Кошт праезду будзе такі самы, як і ў звычайныя дні. Уладальнікі праязных квіткоў змогуць карыстацца імі без абмежаваньняў.

Прадстаўнік Беларускай чыгункі Аляксандар Захарэвіч сказаў, што падчас «доўгіх сьвятаў» чыгуначнікі плянуюць перавезьці сама меней 840 тысяч пасажыраў.

Каб не ствараць напружанай абстаноўкі, сфармуюць дадатковыя саставы. На красавіцкія і травеньскія сьвяты і выходныя дні БЧ прызначыла дадаткова 91 цягнік па Беларусі і 16 міжнародных цягнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG