Можа ў будучыні хопіць хоць бы разуменьня, каб устрымацца ад недарэчных папрокаў за «тэлеграму кайзэру», якую беларуская ўлада, баюся, яшчэ доўга будзе дасылаць. І, магчыма, атрымліваючы той жа адказ.
На прэсавай канфэрэнцыі 10 красавіка Аляксандар Лукашэнка ізноў выказаўся на тэму БНР. Паводле яго з гэтай рэспублікай «ня ўсё відавочна»: стваральнікі БНР, з аднаго боку, «хацелі адзінства дзяржавы», але з другога, «зьвярталіся па дапамогу да нямецкага кайзэра». З гэтага кіраўнік дзяржавы зрабіў палітычную выснову, што калі так невідавочна, то і рабіць 25 сакавіка дзяржаўным сьвятам недарэчна.
Варта сказаць, што можна ўбачыць пэўны новы акцэнт у стаўленьні Лукашэнкі да БНР у параўнаньні зь яго ж выступам напярэдадні сёлетняга Дня волі. Тады ён казаў, што тымі падзеямі ня варта ганарыцца, што гэта «сумная падзея» і наагул параўноўваў БНР нават з Галакостам.
Зараз прынамсі яму «ня ўсё відавочна» у гэтай справе. Гэта ўжо прагрэс. Але цікава, што дзеячам БНР па сутнасьці нічога, акрамя той злашчаснай «тэлеграмы кайзэру», і не закідаецца ў адмоўным сэнсе.
Гэтую тэлеграму памінаў і сам Лукашэнка, і колішні кіраўнік БТ, цяпер старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька , і міністар замежных справаў Уладзімер Макей у інтэрвію Euronews, калі тлумачыў: «Мяне, напрыклад, вучылі ў школе, што кіраўнікі БНР былі здраднікамі, якія спрабавалі ўсталяваць шчыльнае супрацоўніцтва з кайзэрам».
Грунтоўныя адказы з гістарычнага пункту гледжаньня давалі ў свой час на гэтыя звыклыя абвінавачваньні Андрэй Чарнякевіч і Сяргей Шупа.
Але я — больш пра палітычны сэнс гэтай фіксацыі ў догме, пра спадчыну БНР, пра адвечна беларускае, увасобленае ў тых жа Лукашэнку, Макеі і Давыдзьку.
Найперш — пра догму. Яна нават у назьве адрасата — "тэлеграма кайзэру". А чаму не нямецкаму ці германскаму імпэратару? А пісалі б брытанскаму каралю, дык папракалі б «тэлеграмай кінгу»? Антрапалягічна цікавае «завісаньне ў часе». Расейскі друк часоў Першай сусьветнай прыдумаў гэты слоўны трук, немцы ж ворагі — дык няможна і нашага і іх манарха аднолькава называць, будзем іхняга замежным словам называць. І дарослыя людзі праз 100 гадоў працягваюць гуляцца ў гэтую дзіцячую магію — нельга назваць імпэратарам, толькі кайзэр.
Тут варта прыгадаць яшчэ адну тэлеграму, якую ў савецкія часы ніхто не прыгадваў і якой БНР ніхто не папракаў. А тэлеграма гэтая была прэзыдэнту ЗША Вудра Вільсану. І пасланая яна была пасьля капітуляцыі Нямеччыны ў Першай сусьветнай вайне і перад пэрспэктывай заняцьця тэрыторыі Беларусі Чырвонай арміяй. Прыводжу па кнізе Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР»:
У імя культуры і чалавечнасьці, у імя пачаткаў гуманнасьці, абвешчаных панам Прэзыдэнтам Паўночна-Амэрыканскіх Злучаных Штатаў Рада Беларускай Народнай Рэспублікі просіць уратаваць бездапаможную Беларусь ад разгрому і ў гэтых мэтах ужо цяпер да адыходу акупацыйнай арміі забясьпечыць ёй вонкавую недатыкальнасьць прызнаньнем яе самастойнасьці і незалежнасьці і ўнутраную бясьпеку перадачай у рукі Рады цывільнага кіраваньня краем.
Калі глядзець палітычна, дык зварот куды больш антысавецкі і антырасейскі, чым тая тэлеграма нямецкаму імпэратару. Вільгельма ІІ не прасілі абараніць Беларусь ад расейскай арміі, гэта было забясьпечана аўтаматычна — капітуляцыяй Расеі ў Берасьці за 3 тыдні да ўтварэньня БНР. А Вільсана наўпрост прасілі прадухіліць беларускі паход Чырвонай Арміі.
Але што цікава — ніякія савецкія падручнікі, гістарыяграфія, прапаганда ніколі не папракалі Раду БНР гэтай тэлеграмай Вільсану. Чаму? У 20-я гады напэўна таму, што заставалася рэха Першай сусьветнай, амэрыканцы ўсё ж былі саюзьнікі хай і царскай, але Расеі. Ды і далёка тады была Амэрыка, яна не ўспрымалася, як гаспадыня сьвету. Ну напісалі і напісалі. А вось кайзэру — гэта непрыгожа.
Дарэчы, і тут зь цягам часу адбылося парадаксальнае атаясамленьне розных асобаў і часоў. Лукашэнка, Макей і Давыдзька вучыліся ў школе ў 50-60 гады, пасьля ўжо Другой сусьветнай вайны. І ў прапагандзе, і ў гістарыяграфіі ды і масавай сьвядомасьці савецкіх людзей адбылася «склейка» Вільгельма ІІ і Гітлера. Першая сусьветная была сапраўды жахлівай вайной, хіба ня самай жахлівай за ўсю папярэднюю гісторыю. Але нават у разгар яе ніхто, нават самыя зацятыя ворагі, не ўспрымалі кіраўнікоў супрацьлеглага боку як абсалютнае зло.
Ніякага аналягу Нюрнбэрскага працэсу пасьля Першай сусьветнай вайны не было, таго ж Вільгельма, а тым больш нямецкіх генэралаў і палітыкаў, не судзілі і ня вешалі. Ну вайна, ну крывавая, ну ворагі былі, але ворагі - не злачынцы. Так тады глядзелі на гэта.
Юзэф Пілсудзкі падчас той вайны ня тое што слаў тэлеграмы, а ствараў польскія вайсковыя часткі для ўдзелу ў вайне з Расеяй на баку Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны дзеля стварэньня незалежнай Польшчы. І ніхто яго тым пасьля вайны не папракаў. Таму што Вільгельм ІІ не ўспрымаўся як вырадак роду чалавечага.
Ну а савецкія школьнікі Давыдзька, Лукашэнка і Макей так і ўспрымалі — як Гітлера. Дык якая ж была жахлівая БНР — Гітлеру тэлеграмы слала.
Насамрэч, як ні парадаксальна, але тая тэлеграма Вільгельму была ня столькі дэманстрацыяй ляяльнасьці, колькі спробай здабыць, забясьпечыць пэўныя ўладныя паўнамоцтвы. Бо трэба разумець палітычны кантэкст. Расея капітулявала ў вайне. Расея аддала гэтую тэрыторыю пераможнаму праціўніку. Гэта зараз, праз сто гадоў, мы ведаем, што літаральна празь некалькі месяцаў Нямеччына прайграла вайну. Адкуль у сакавіку 1918 году дзеячы БНР маглі ведаць, што гісторыя павернецца менавіта так?
А пасылаць Макея ў Лёндан, калі «англичанка гадит» матухне-Расеі — гэта не «тэлеграма кайзэру»?
Ну так, дзеячы БНР не былі зацятымі і адданымі патрыётамі Расеі. Гэта праўда. Маглі б напісаць тэлеграму Вільгельму — праклінаем цябе, вернецца яшчэ матухне-Расеі яе спрадвечная Белая Русь. Ну хіба тым можна папракнуць, што такую не напісалі. Але ў суседзяў, таксама адданых Расеяй пад кантроль пераможцы, у Літве, ва Ўкраіне Нямеччына прызнала нацыянальныя ўрады. Акупацыйны кантроль, рэальную ўладу і там ажыцьцяўлялі акупацыйныя нямецкія войскі. Дык насамрэч і перад Радай БНР не было дылемы — ці мы застаёмся вернымі Расеі ці мы прызнаем нямецкі кантроль. Была дылема — ці ў межах нямецкага кантролю, сілавога панаваньня, мы вырвем нейкі кавалак самастойнасьці, засталбім, хай на будучыню, нашае права на ўладу, ці гэта будзе тэрыторыя, кіраваная выключна немцамі. І яшчэ раз — размова ішла не пра немцаў з зондэркамандамі, Галакостам і спаленымі Хатынямі, чаго тады і блізка не было.
Дык у кантэксьце гэтай рэальнай дылемы, што азначала тэлеграма кайзэру? Спроба вырваць кавалак самастойнасьці, магчымасьць зьбіраць падаткі, ствараць войска і паліцыю, вучыць дзяцей грамаце. Кайзэр (ну ўжыву чарговы раз нехлямяжы савецкі тэрмін) не адказаў. Як і Вільсан напрыканцы 1918 году.
Але я — ня толькі пра палітыка-гістарычны экскурс. Але і пра сучаснасьць. А вось чаму Беларусь не прызнала незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі? Нашы ж людзі там, рускія, скажа нехта. Лукашэнка некалі тлумачыў на саміце СНД — дык заходнікі ціснуць. А гэта не «тэлеграма кайзэру»? А езьдзіць у Кіеў да Парашэнкі, калі у Данбасе «рускія людзі змагаюцца з украінскім нацыстамі», а пасылаць Макея ў Лёндан, калі «англичанка гадит» матухне-Расеі — гэта не «тэлеграма кайзэру»?
Не выключаю, што паўстань з труны Луцкевічы, Тарашкевіч і іншыя дзеячы БНР і сустрэнься з тымі ж Лукашэнкам ці Макеям, дык і сказалі б ім: «Мужыкі, мы вас разумеем. Такі няўдалы расклад, такія суседзі ў нашай Бацькаўшчыны — далёкія і блізкія. Такі наш беларускі лёс. Але вам больш пашанцавала, чым нам».
Ніхто цяжкія беларускія дылемы ніякім цудам не вырашыць. І яны насамрэч прыкладна аднолькавыя, што сто гадоў таму, што зараз, што ў будучыні.
Ну, можа, у той будучыні хопіць хоць бы разуменьня, каб устрымацца ад недарэчных папрокаў за «тэлеграму кайзэру». Якую беларуская ўлада, баюся, яшчэ доўга будзе дасылаць. І, магчыма, атрымліваючы той жа адказ.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.