Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія адмовілася ад хуткага ўдару па Сырыі, чакае больш доказаў хімічнай атакі


Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй
Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй у тэлефоннай размове з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам заявіла, што Лёндану неабходна больш доказаў факту хімічнай атакі ў Сырыі, каб далучыцца да нанясеньня ўдараў па гэтай краіне.

Пра гэта ў сераду паведамляе The Times.

Паводле выданьня, Мэй адмовілася ад «хуткай помсты» ва ўмовах падрыхтоўкі візыту інспэктараў Арганізацыі забароны хімічнай зброі (АЗХЗ) у прыгарад Дамаску.

Краіны Захаду ўскладаюць адказнасьць за меркаваную хімічную атаку ў горадзе Дума, пры якой загінулі мірныя жыхары, на рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, Расею і Іран. Дамаск і Масква адмаўляюць, што хімічная атака мела месца. Раней, адказваючы на пытаньне журналістаў пра тое, ці гатовы Лёндан узяць удзел ва ўдарах па Сырыі, Мэй сказала, што вінаватыя ва ўжываньні хімічнай зброі павінны «панесьці адказнасьць».

ЗША ўсклалі на Расею адказнасьць за хімічныя атакі ў Сырыі яшчэ ў студзені. Прадстаўніца ЗША ў ААН ​Нікі Гэйлі 9 красавіка казала, што «кроў сырыйскіх дзяцей — на руках Расеі». Прадстаўнік Расеі Васіль Нябензя тады паставіў пад сумнеў сам факт ужываньня хімічнай зброі.

На паседжаньні Рады Бясьпекі ААН 10 красавіка прыняцьце трох варыянтаў рэзалюцыяў аб ужываньні ў Сырыі хімічнай зброі правалілася: два прапанаваныя Расеяй атрымалі галасы супраць ад краінаў Захаду, прапанаваная ЗША — галасы супраць ад Расеі і Балівіі.

Тым часам ударная група ВМС ЗША на чале з авіяносцам Harry Truman ужо накіроўваецца ў бок Сырыі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абмяркоўваў узьніклую сытуацыю і магчымыя сцэнары дзеяньняў з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Тэрэзай Мэй і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Пасьля гэтага Трамп заявіў, што разглядаюцца «розныя сцэнары дзеяньняў». Увечары 9 красавіка Трамп казаў, што «жорсткае рашэньне наконт Сырыі будзе прынята на працягу 24-48 гадзінаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG