Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўшануюць ахвяраў Катыні і смаленскай катастрофы


10-га красавіка аддзелы Саюзу палякаў па ўсёй Беларусі ўшануюць ахвяраў катынскай трагедыі і смаленскай катастрофы.

Паводле Анжалікі Борыс, старшыні непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў (СПБ), у Менску 10 красавіка з ініцыятывы амбасады Польшчы ў Беларусі сябры мясцовай арганізацыі СПБ возьмуць удзел у сьвятой імшы і жалобным канцэрце, які адбудзецца ў менскім катэдральным касьцёле.

Горадзенскае аддзяленьне Саюзу палякаў сумесна з прадстаўнікамі консульства Польшчы ў Горадні памянуць ахвяраў катынскай трагедыі і смаленскай катастрофы каля «Катынскага крыжа» на Гарнізонных могілках. Пасьля гэтага ў пабэрнардынскім касьцёле Горадні адбудзецца сьвятая імша па ахвярах катынскай трагедыі і смаленскай катастрофы.

Жалобныя імпрэзы, паводле Борыс, маюць таксама адбыцца ў Берасьці. У касьцёле адбудзецца імша, пасьля чаго адбудзецца прагляд фільму «W imię honoru».

Анжаліка Борыс расказала Свабодзе, што 7 красавіка дэлегацыя ў складзе ста сяброў СПБ з розных гарадоў Беларусі наведалі месца катынскай трагедыі, а таксама месца катастрофы ТУ-154 побач з аэрапортам «Паўночны» ў Смаленску, дзе 8 гадоў таму загінулі 96 прадстаўнікоў эліты польскай дзяржавы, у тым ліку прэзыдэнт Рэспублікі Польшча Лех Качыньскі з жонкай Марыяй Качыньскай.

Анжаліка Борыс
Анжаліка Борыс

​«Для нас было вельмі важна памаліцца каля „Катынскага крыжа“, прыгадаць ахвяраў катынскай трагедыі і ўшанаваць іх памяць, — сказала Свабодзе Борыс. — А таксама важна было наведаць месца катастрофы ўрадавага самалёта, у якім загінулі 96 прадстаўнікоў польскай эліты. Многія з гэтых людзей непасрэдна апекаваліся Саюзам палякаў Беларусі, дапамагалі нам, мы іх асабіста ведалі і заўсёды ўдзячныя за ўсё, што яны для нас зрабілі. І гэта ніколі не забываецца», — сказала Свабодзе Анжаліка Борыс.

У катастрофе польскага ўрадавага самалёта 10 красавіка 2010 году пад Смаленскам загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі і 95 чалавек з урадавай дэлегацыі ды экіпажу самалёта. Дэлегацыя ляцела ў Катынь ушанаваць ахвяраў катынскага расстрэлу — масавага зьнішчэньня савецкімі ўладамі ў 1940 годзе польскіх грамадзянаў (у асноўным палонных афіцэраў Польскага войска). У Катыні і іншых месцах масавых забойстваў палякаў было расстраляна звыш 20 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG