Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца ЗША ў ААН: Кроў сырыйскіх дзяцей — на руках Расеі


Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, архіўнае фота
Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН, архіўнае фота

Рада Бясьпекі ААН правяла экстранае пасяджэньне для абмеркаваньня меркаванай хімічнай атакі ў сырыйскім горадзе Дума 7 красавіка.

Дзевяць дзяржаў, сярод якіх ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, запатрабавалі скліканьня 9 красавіка экстранага пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН аб меркаваным прымяненьні хімічнай зброі ў Думе. Расея таксама запатрабавала сабраць Раду Бясьпекі ААН, паставіўшы на абмеркаваньне пытаньне пра «пагрозу міжнароднаму міру і бясьпецы».

Адкрываючы пасяджэньне, адмысловы пасланец ААН па Сырыі Стафан дэ Містура падкрэсьліў, што сытуацыя вакол Сырыі небясьпечная разьвіцьцём падзей, якія могуць нэгатыўна паўплываць на міжнародную бясьпеку ня толькі на рэгіянальным, але і на глябальным узроўні.

Прадстаўнік Расеі паставіў пад сумнеў факт ужываньня хімічнай зброі

Сталы прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя
Сталы прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя

​Значную частку свайго выступу сталы прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя прысьвяціў крытыцы дзеяньняў Злучаных Штатаў і саюзьнікаў. Паводле яго, ЗША, а таксама Вялікая Брытанія і Францыя, якія «сьлепа ідуць сьледам за ЗША», без усялякіх падстаў занялі канфрантацыйную пазыцыю ў дачыненьні да Сырыі і Расеі і вымушаюць усіх ісьці за сабой. Ён абвінаваціў тры сталіцы ў тым, што Дамаск і Масква сталі аб’ектам «паклёпу, абразаў, шантажу».

Нябензя паказаў ролю Расеі ў станоўчым сьвятле, як сілу, якая спрабуе стабілізаваць сытуацыю ў Сырыі.

Гаворачы пра хімічную атаку ў Думе, ён паставіў пад пытаньне сам факт нападу з ужываньнем хімічнай зброі. Паводле Нябензі, няма ніякіх паказаньняў сьведак, якія пацьвярджаюць гэты інцыдэнт, а расейскія спэцыялісты, якія знаходзяцца там, нічога не знайшлі. «Яны ўзялі пробы грунту, якія паказалі адсутнасьць нэрвова-паралітычных і хлёрыстых рэчываў», — заявіў расейскі дыплямат.

Прадстаўніца ЗША: «Расейскі рэжым, чые рукі ў крыві сырыйскіх дзяцей, ня здольны адчуваць сорам​»

Нікі Гэйлі (у цэнтры) у зале Рады Бясьпекі ААН
Нікі Гэйлі (у цэнтры) у зале Рады Бясьпекі ААН

Нікі Гэйлі, сталая прадстаўніца ЗША, адпрэчыла абвінавачваньні Расеі і прапанавала прадэманстраваць здымкі і відэазапісы наступстваў хімічных нападаў: фатаздымкі «бальніц, якія сталі аб’ектам хімічных нападаў, бамбаваныя бочкавымі бомбамі; аўтамабілі „хуткай дапамогі“ і ратавальнікаў, атакаваныя з тым, каб павялічыць колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва».

Заклікаючы Раду пераадолець спробы Расеі заблякаваць любыя рашэньні, зьвязаныя з патэнцыйнымі ваеннымі злачынствамі ў Сырыі, яна падкрэсьліла, што «расейскі рэжым, чые рукі ў крыві сырыйскіх дзяцей, ня здольныя адчуваць сорам, гледзячы на выявы сваіх ахвяраў. Мы спрабавалі рабіць гэта ў мінулым».

Гэйлі абвінаваціла Маскву ў дапамозе сырыйскім уладам. Расейскія вайсковыя дарадцы, паводле яе, кіруюць аблогай раёнаў, якія знаходзяцца пад кантролем апазыцыі, расейскія самалёты прыкрываюць гэтыя апэрацыі з паветра.

Яна нагадала, што Масква 11 разоў выкарыстала сваё права вэта для таго, каб прадухіліць дзеяньні Рады Бясьпекі па сьлядах злачынстваў супраць мірнага насельніцтва, што Расея паклала канец працы так званага «сумеснага мэханізму» па расьсьледаваньні нападаў з ужываньнем зброі масавага паражэньня.

Нікі Гэйлі заклікала Раду Бясьпекі падтрымаць праект рэзалюцыі з патрабаваньнем забясьпечыць неабмежаваны доступ гуманітарнай дапамогі ў Думу і аднавіць міжнародны незалежны мэханізм, які б забясьпечваў апэратыўнае расьсьледаваньне магчымых хімічных нападаў у Сырыі.

ЗША маюць намер пакараць «монстра, які скінуў хімічную зброю на сырыйцаў»

Нікі Гэйлі папярэдзіла, што ЗША маюць намер гарантаваць пакараньне «монстра, які скінуў хімічную зброю на сырыйцаў». Яна нагадала пра заяву прэзыдэнта Дональда Трампа, які папярэдзіў у панядзелак аб тым, што адказныя за гэтую атаку панясуць адказнасьць. Паводле яе, пасяджэньні амэрыканскага кіраўніцтва, на якіх абмяркоўваюцца крокі ў адказ, адбываюцца ў дадзены момант.

ЗША ня выключылі прымяненьне вайсковай сілы супраць рэжыму Асада ў адказ на меркаваную хімічную атаку.

Сябры Рады Бясьпекі не прынялі ніякіх рашэньняў у панядзелак. Чакаецца, што ў аўторак яны працягнуць абмеркаваньне праекту рэзалюцыі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў абвясьціць аб «важных рашэньнях» на працягу двух сутак. Адказваючы на пытаньне аб магчымай датычнасьці Расеі да хімічных нападаў, прэзыдэнт Трамп ўпершыню ня выключыў такой магчымасьці і папярэдзіў, што вінаватыя ў гэтых «зьверствах» панясуць расплату.

Арганізацыя забароны хімічнай зброі пачала праверку інфармацыі пра магчымае прымяненьне атрутных рэчываў 7 красавіка ў Думе. Мэдыцынскія крыніцы паведамілі, што ахвярамі суботняга бамбаваньня Думы сталі ад 48 да 60 чалавек, а таксама пра тысячу параненых і пацярпелых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG