Аляксандар Лукашэнка 5 красавіка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі Беларусі — Віталя Дрожжу. Пасьля прызначэньня міністар выдаліў сваю старонку «ЎКантакце», дзе публікаваў свае фоты са зброяй і целамі забітых жывёлаў.
Копія старонкі са здымкамі засталася на сайце archive.is. На момант публікацыі міністар мае старонку ў «Аднаклясьніках», дзе ў публічным доступе разьмешчаны ягоны здымак з забітым дзіком.
***
Новы міністар Віталь Дрожжа нарадзіўся ў Карэлічах Гарадзенскай вобласьці ў 1978 годзе, адвучыўся ў БДТУ і Акадэміі кіраваньня. Ад 2013 году працаваў генэральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», да таго — служыў у міліцыі, кіраваў лясьніцтвам на Лагойшчыне, быў галоўным інспэктарам-рэвізорам у Мінлясгасе, кіраваў Бабруйскай лясной гаспадаркай.
«Глядзіце, каб усё было сумленна і прыстойна, — перадае БЕЛТАсловы Аляксандра Лукашэнкі. — Мы ўзмацняем кантроль, я пра гэта часта гавару, за працай кіраўнікоў, асабліва сябраў ураду, міністраў, таму што некаторыя проста абнаглелі. І з такімі мы разьбіраемся імгненна».
Лукашэнка загадаў новаму міністру «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы. Яшчэ ў сярэдзіне лютага Лукашэнка прыгадаў, што абяцаў перамагчы карупцыю яшчэ ў 1994 годзе. Два дні таму ён казаў, што ад карупцыі «ўжо людзі стогнуць у некаторых раёнах».
Чытайце таксама