Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пра расейска-брытанскі канфлікт: высылкай дыпляматаў праблему ня вырашыць


Паліцыянты ля дома, дзе жыў Скрыпаль
Паліцыянты ля дома, дзе жыў Скрыпаль

Афіцыйны Менск лічыць, што вінаватыя ў атручэньні ў Вялікай Брытаніі былога агента ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, у якім Лёндан абвінаваціў Маскву, павінны быць пакараныя. Пра гэта 4 красавіка заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Мірончык у прыватнасьці працытаваў міністра Ўладзіміра Макея, які раней агучыў пазыцыю Беларусі, што «любое абвастрэньне міжнароднай сытуацыі не спрыяе нармальным стасункам, і мы вельмі занепакоеныя тымі падзеямі, якія адбыліся ў Солсберы. Вінаватыя за гэта павінныя быць прыцягнутыя да адказнасьці, і Беларусь выступае менавіта за такі падыход. Але спачатку трэба дакладна ўстанавіць вінаватых».

Сёньня ў Гаазе адбудзецца паседжаньне Міжнароднай арганізацыі забароны хімічнай зброі, і прадстаўнік Беларусі Мікалай Барысевіч выкажа там афіцыйную пазыцыю Менску.

Ад сябе Дзьмітры Мірончык дадаў, што высылкай дыпляматаў гэтае пытаньне ня вырашыш. «Урэшце, менавіта гэтыя людзі мусяць дамаўляцца», — сказаў прадстаўнік МЗС.

У канцы сакавіка міністар замежных справаў Беларусі наведаў Вялікую Брытанію ўпершыню з 1993 году.

Сяргей Скрыпаль, архіўнае фота
Сяргей Скрыпаль, архіўнае фота

Атручэньне Скрыпаля: як разьвіваліся падзеі

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Сьледчыя лічаць, што іх атруцілі вырабленым у Расеі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Лёндан заявіў, што да злачынства мае дачыненьне Крэмль, але Расея абвяргае абвінавачваньні.

14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных справаў Расеі абвясьціла аб «люстраных захадах» у дачыненьні 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.

4 красавіка Ўладзімір Пуцін падчас візыту ў Турцыю заявіў, што «даведаўся пра інцыдэнт са сродкаў масавай інфармацыі», а такое рэчыва, як «Навічок», магло быць выраблена «прыкладна ў 20 краінах сьвету».

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG