Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына загаварыла пра канстытуцыйны рэфэрэндум


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Якія зьмены ў Канстытуцыю чакаюцца, ні старшыня ЦВК, ні Аляксандар Лукашэнка пакуль ня кажуць.

Прапановы па рэформе выбарчага заканадаўства, падрыхтаваныя міжведамаснай рабочай групай, ня будуць разглядацца, пакуль ня будзе вырашанае пытаньне аб зьмене Канстытуцыі. Пра гэта заявіла журналістам кіраўнік Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына 2 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў.

На пытаньне Свабоды, якія пытаньні могуць быць вынесеныя на рэфэрэндум, Лідзія Ярмошына адмовілася адказваць, дадаўшы, што гэта не яе кампэтэнцыя.

Яна нагадала, што пра магчымасьць правядзеньня рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі Аляксандар Лукашэнка гаварыў яшчэ ўвосень, паведамляе БелаПАН.

«Я агучвала гэта, але думаю, калі і будуць гэтымі пытаньнямі займацца, то перш за ўсё — калегі з Канстытуцыйнага суду. Калі там будуць пытаньні, якія закранаюць Канстытуцыю, то павінны прымаць яны на рэфэрэндуме», — сказала Ярмошына.

«Арганізаваць рэфэрэндум можна вельмі хутка — за 60-70 дзён»

Паводле Ярмошынай, ЦВК будзе займацца непасрэдна падрыхтоўкай правядзеньня рэфэрэндуму.

«Арганізаваць яго можна вельмі хутка, — адзначыла Ярмошына. — Тут, па сутнасьці справы, адзіны тэрмін ёсьць — арганізацыя участкаў для галасаваньня. Тэрытарыяльныя камісіі ў нас усе з тэрмінамі паўнамоцтваў пастаянныя, на іх можа быць ўскладзена выкананьне гэтых абавязкаў. Таму рэальна за 60-70 дзён арганізаваць рэфэрэндум».

Пры гэтым кіраўнік ЦВК ўдакладніла: калі рэфэрэндум будзе праводзіцца па-за рамкамі якой-небудзь выбарчай кампаніі, ён будзе арганізаваны за кошт пазабюджэтных сродкаў. Для гэтага, патлумачыла Ярмошына, будзе размарожаны спэцыяльны рахунак Цэнтарвыбаркаму, на які змогуць пераводзіць сродкі юрыдычныя асобы і грамадзяне. «У нас ёсьць гэтая практыка, калі ў 1996 годзе рэфэрэндум праходзіў за кошт пазабюджэтных сродкаў», — адзначыла яна.

Ярмошына таксама дадала, што на правядзеньне рэфэрэндуму спатрэбіцца «сума ў тры-чатыры разы меншая, чым каштуюць звычайна выбары».

На нядаўняй сустрэчы з судзьдзямі Канстытуцыйнага суду Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «зь цягам чаму прыйдуць да абмеркаваньня ўнясеньня зьменаў у Асноўны закон».

Што менавіта будуць мяняць у Канстытуцыі, Лукашэнка не сказаў. На яго думку, на Канстытуцыю трэба паглядзець з гледзішча нядаўніх захадаў у разьвіцьці ІТ, удасканаленьні эканамічных стасункаў, аптымізацыі дзяржаўнага апарату і наданьня больш шырокіх паўнамоцтваў мясцовым уладам. Лукашэнка таксама адзначыў, што для зьмены Канстытуцыі варта «дакладна выбраць момант», бо самі размовы пра зьмены ў Канстытуцыі «нараджаюць у лепшым выпадку нейкі броўнаўскі рух у нашым грамадзтве».

Пра датэрміновыя выбары

На пытаньне аб магчымых датах правядзеньня наступных прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў кіраўнік ЦВК адказала:

«Я чакаю, калі будуць вызначаныя нейкія глябальныя пытаньні, перш чым уздымаць іншыя. Але я казала, што буду ставіць пытаньне восеньню гэтага году, таму да восені я не гатовая адказаць ні на адно ваша пытаньне, прынамсі, па тэрмінах выбараў».

Што тычыцца разьвядзеньня тэрмінаў прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў па часе, то, як адзначыла Ярмошына, калі будзе вырашана датэрмінова праводзіць наступныя прэзыдэнцкія выбары, то гэтае пытаньне будзе вырашаць парлямэнт, калі парлямэнцкія — то прэзыдэнт. «Але пакуль, калі казаць пра пэрыяд гэтага году, гэта ўсяго толькі папярэднія палітычныя кансультацыі», — удакладніла кіраўніца ЦВК.

Ярмошына падкрэсьліла, што пры вырашэньні аб пераносе парлямэнцкіх выбараў роспуск парлямэнту не спатрэбіцца.

«Перастаньце вы слухаць гэтую ахінею, якую ў нас забіваюць вам у галаву некаторыя нашы экспэрты. Там абсалютна не датэрміновыя выбары — гэта ня роспуск парлямэнту. Гэта зьмяненьне тэрмінаў правядзеньня выбарчых кампаній, якія могуць заўсёды ісьці ў бок зьмяншэньня, але ніколі — у бок павелічэньня. Працэдура роспуску парлямэнту і прызначэньня датэрміновых выбараў — гэта зусім іншая працэдура», — заявіла старшыня Цэнтарвыбаркаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG