Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што Макей размаўляў з Лаўровым перад візытам у Лёндан


Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў, архіўнае фота
Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 27 сакавіка знаходзіцца ў Лёндане з працоўным візытам. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзіў прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык.

Сёньня Ўладзімер Макей і дзяржаўны міністар па гандлёвай палітыцы Вялікай Брытаніі Грэг Хэндс падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж урадамі Беларусі і Вялікай Брытаніі.

У праграме знаходжаньня Макея яшчэ некалькі мерапрыемстваў, у прыватнасьці «круглы стол» на тэму «Сучасная Беларусь і яе месца ў Эўропе». Гэтую дыскусію арганізоўвае лёнданскі Цэнтар эўрапейскіх рэформаў. Кіраўніка гэтага цэнтру Чарльза Гранта Макей прымаў у Менску 4 студзеня.

Пра што гаварылі перад Лёнданам Макей і Лаўроў

На афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі зьявілася паведамленьне пра тое, што 24 сакавіка адбылася тэлефонная размова двух міністраў замежных спраў: Беларусі і Расеі.

Паводле гэтай інфармацыі, яны «абмеркавалі актуальныя пытаньні беларуска-расейскіх дачыненьняў, графікі двухбаковых кантактаў на розных узроўнях, а таксама правядзеньне ў Менску ў красавіку чарговага пасяджэньня Рады міністраў замежных спраў Садружнасьці Незалежных Дзяржаў». Акрамя таго, Макей і Лаўроў «абмяняліся думкамі па актуальных пытаньнях міжнароднага і рэгіянальнага парадку дня».

Вядома, дыпляматы, як яны самі кажуць, працуюць без выходных. Але чаму два міністры раптам размаўлялі ў суботу?

Экспэрт: пра што насамрэч гаварылі тады два міністры, ведаюць толькі яны

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў размове са Свабодай зьвярнуў увагу на тое, што міністры замежных спраў Беларусі і Расеі гаварылі адразу пасьля таго, як Макей вярнуўся з Грузіі, куды ён езьдзіў разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Ёсьць падставы лічыць, што яны абмяркоўвалі выказваньні беларускага кіраўніка пра тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі. Яны выклікалі вострую рэакцыю Сухумі, аж да спэцыяльнай заявы з гэтай нагоды Міністэрства замежных спраў непрызнанай Абхазіі», — кажа Якаўлеўскі.

Другая магчымая тэма размовы — візыт Макея ў Вялікую Брытанію.

«Тэлефонная размова адбылася пасьля таго, як Лёндан адмовіў Лаўрову ў плянавым візыце з прычыны „справы Скрыпаля“. І хоць візыт беларускага міністра рыхтаваўся яшчэ да пачатку „дыпляматычнай вайны“, тут міністрам было пра што пагаварыць», — мяркуе суразмоўца.

Экспэрт лічыць, што Макею зараз будзе няпроста. З аднаго боку, зьнешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расеі маюць агульную праграму каардынацыі сваіх дзеяньняў на міжнароднай арэне. З другога боку, Менску абсалютна не патрэбна псаваць дачыненьні са шматлікімі краінамі Захаду, тым часам як брытанска-расейскі канфлікт ужо перарос у заходне-расейскі.

Раман Якаўлеўскі ня верыць, што Ўладзімер Макей можа стаць пасярэднікам у справе паляпшэньня стасункаў Масквы з заходнім сьветам.

«Такая пастаноўка пытаньня не выглядае рэальнай. Лепшае, што можа зрабіць беларускі міністар, — нейкі зандаж сытуацыі. І ня болей за тое. Пасярэднікам ён дакладна ня будзе».

Беларуска-брытанскія дачыненьні паляпшаюцца

У цэлым адносіны паміж афіцыйнымі Лёнданам і Менскам робяцца лепшымі, лічыць экспэрт.

«Мала хто ведае, што напрыканцы 2017 году сталіцу Вялікай Брытаніі наведала беларуская вайсковая дэлегацыя. Яе ачольваў чалавек, якога ў дадзенай сытуацыі можна назваць калегам Макея, але ў вайсковым мундзіры. Гэта генэрал Войнаў — начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны. І тады бакі падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Гэта вельмі важны і красамоўны крок», — сказаў Якаўлеўскі.

Апошнім у Лёндане быў Сідорскі

Сяргей Сідорскі, архіўнае фота
Сяргей Сідорскі, архіўнае фота

Старажылы Міністэрства замежных спраў Беларусі, кажуць, што апошні раз кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі наведваў зь візытам Вялікую Брытанію яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. Дарэчы, што тычыцца высокага ўзроўню візытаў беларускіх чыноўнікаў у Вялікую Брытанію, то апошнім тут значыцца наведваньне Лёндана ў лістападзе 2008 году Сяргеем Сідорскім. На той час ён займаў пасаду прэм’ера і прыляцеў на Беларускі інвэстыцыйны форум.

Ангельскія міністры не сьпяшаюцца ў Менск

25–26 верасьня 2017 году дзяржаўны міністар у справах Эўропы і Амэрыкі Міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі Алан Дункан наведваў Менск. І, як тады падкрэсьлівалася, «гэта быў першы прыезд у Беларусь прадстаўніка брытанскага ўраду такога ўзроўню».

Чаму Лёндан так важны для Менску ў вайскова-палітычнай сфэры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG