Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады 23 краінаў заявілі пра высылку расейскіх дыпляматаў у сувязі са справай Скрыпаля


Супрацоўнікі брытанскай службы надзвычайных сытуацый у камплектах біялягічнай абароны на месцы, дзе знайшлі атручаных. Солсбэры, 8 сакавіка 2018 году
Супрацоўнікі брытанскай службы надзвычайных сытуацый у камплектах біялягічнай абароны на месцы, дзе знайшлі атручаных. Солсбэры, 8 сакавіка 2018 году

Улады 23 краінаў заявілі пра высылку расейскіх дыпляматаў праз адмову Крамля адказваць на пытаньні ў справе аб атручэньні ў Вялікай Брытаніі былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля.

14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі яшчэ 15 краінаў Эўразьвязу, а таксама ЗША, Канада, Нарвэгія, Альбанія, Македонія, Украіна і Аўстралія. Агулам будуць высланыя каля 140 расейскіх дыпляматаў.

Ісьляндыя у якасьцi захадаў на адмову Крамля адказваць на пытаньні ў справе Скрыпаля заявіла аб прыпыненьні ўсіх кантактаў з Расеяй на найвышэйшым узроўні. Акрамя гэтага, улады Ісьляндыі не паедуць на чэмпіянат сьвету па футболе ў Расеі. Раней ад паездкі на чэмпіянат адмовіліся чальцы брытанскага ўраду і каралеўскай сям’і, а таксама прэзыдэнт Польшчы.

Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія 4 сакавіка былі шпіталізаваныя ў крытычным стане праз атручваньне нэрвова-паралітычным рэчывам у ангельскім горадзе Солсбэры. Супраць іх, на думку сьледчых, ужылі распрацаваны ў СССР яд пад назвай «Навічок». Лёндан заявіў, што да злачынства мае дачыненьне Крэмль. Масква абвяргае абвінавачваньні і абяцае адказаць на высылку сваіх дыпляматаў з заходніх краінаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG