Міністэрства замежных справаў Расеі паведаміла 17 сакавіка аб высылцы 23 дыпляматаў зь Вялікай Брытаніі. За тры дні да таго Лёндан вырашыў выслаць з Брытаніі расейскіх дыпляматаў і замарозіць актывы расейскіх алігархаў.
Брытанскія дыпляматы абвешчаныя ў Расеі «пэрсонамі non-grata», маюць пакінуць краіну цягам тыдню. Таксама Расея адклікала згоду на функцыянаваньне Генэральнага консульства Брытаніі ў Санкт-Пецярбурзе і спыніла дзейнасьць Брытанскай Рады ў Расейскай Фэдэрацыі, пакінула за сабой права на «іншыя меры ў адказ».
Паводле Расеі, меры прынятыя «у адказ на правакацыйныя дзеяньні брытанскага боку і бяздоказныя абвінавачваньні Расейскай Фэдэрацыі ў сувязі са здарэньнем у Солсбэры 4 сакавіка».
Вялікая Брытанія вырашыла выслаць расейскіх дыпляматаў у сувязі з, як мяркуецца, іхнымі сувязямі са спэцслужбамі. Гэта адбылося пасьля замаху на забойства — атручваньня — 4 сакавіка былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.
Брытанскія праваахоўнікі і дыпляматы шэрагу заходніх краінаў мяркуюць, што замах на Скрыпаля быў учынены расейцамі – магчыма нават, з асабістага загаду Ўладзіміра Пуціна. Вялікая Брытанія вырашыла выслаць расейскіх дыпляматаў з краіны і замарозіць актывы расейскіх алігархаў. Брытанская паліцыя папярэдзіла расейскіх мігрантаў: рызыкі іхнай бясьпекі ўжо ня нізкія.