Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Расеі: брытанскія ўлады, магчыма, «зрэжысіравалі напад» на Скрыпаля і яго дачку

абноўлена

Дырэктар дэпартамэнту ў пытаньнях нераспаўсюджваньня і кантролю над узбраеньнямі МЗС РФ Уладзімір Ермакоў заявіў 21 сакавіка на брыфінгу для замежных паслоў, што брытанскія ўлады маглі самі зрэжысіраваць напад на былога выведніка Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію, якія былі атручаныя ў Солсбэры 4 сакавіка.

«Тут элемэнтарная лёгіка падказвае толькі два магчымыя варыянты: брытанскія ўлады альбо ня здольныя забясьпечыць абарону ад такога роду, вобразна кажучы, тэракту на сваёй тэрыторыі, альбо яны самі наўпрост ці ўскосна — я нікога ні ў чым не абвінавачваю — зрэжысіравалі напад на расейскую грамадзянку [Юлію Скрыпаль] Трэцяга проста няма» — заявіў Ермакоў, перафразуючы фразу брытанскага прэм’ера Тэрэзы Мэй.

Мэй, выступаючы ў панядзелак 12 сакавіка ў парлямэнце, назвала «вельмі верагоднай» дачыненьне Расеі да атручваньня Скрыпаля баявым атрутным рэчывам «Навічок» і таксама казала пра два варыянты:

«Мы ведаем, што Расея раней вырабляла гэтае рэчыва і цяпер здольная гэта рабіць», — сказала Мэй. Яна запатрабавала ад расейскіх уладаў растлумачыць, ці зьяўляецца выкарыстаньне атрутнага рэчыва ў Солсбэры вынікам «прамога дзеяньня» расейскай дзяржавы ці вынікам страты кантролю над запасамі падобных рэчываў.

Расейскія ўлады выразных тлумачэньняў наконт «Навічка» так і не далі. Аднак заяўлялі пра:

  • «украінскі сьлед» рэчыва,
  • што «Навічок» маглі зрабіць дзе заўгодна,
  • што «Навічок» вырабляўся ў Вялікабрытаніі, ЗША, Чэхіі і Швэцыі, а таксама пра захоўваньне рэчыва ў краінах Балтыі,
  • што «Навічка» ў Расеі наогул ніколі не было.

Начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны Мінабароны РФ Ігар Кірылаў у панядзелак таксама заявіў, што «У Заходняй Эўропе вяліся працы па стварэньні атрутных рэчываў новага пакаленьня», і што «Навічок» можна стварыць «на спэцыяльным абсталяваньні, выкарыстоўваючы апублікаваную формулу».

Кіраўнік Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін выказваў тую ж вэрсію, што і Ермакоў:

«Відавочна зусім, што да гэтага датычныя органы ўлады, спэцслужбы Вялікабрытаніі», — сказаў ён.

Паводле апошняй вэрсіі брытанскіх сьледчых, атрутнае рэчыва магло быць падкладзена ў валізку Юліі Скрыпаль, калі яна ляцела ў Вялікабрытанію да бацькі. Але дзе гэта было зроблена, дагэтуль невядома.

Брытанскі міністар замежных справаў Борыс Джонсан паралельна выступіў у парлямэнце каралеўства, дзе заявіў, што час атакі ў Солсбэры, верагодна, больш цесна зьвязаны зь нядаўнімі выбарамі ў Расеі.

«Напярэдадні выбараў ці напярэдадні якога-небудзь важнага палітычнага моманту так робяць многія недэмакратычныя фігуры: часта прывабнай магчымасьцю зьяўляецца стварэньне ва ўяўленьні мас вобразу ворага», — цытуе міністра агенцтва Reuters.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG