У 100-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла другое выданьне кнігі ўспамінаў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы «Дарога» (PDF). У канцы кнігі яна адказвае на 100 пытаньняў Свабоды.
Пра сябе
Ваш самы першы ўспамін.
Я яшчэ не хадзіла, але чамусьці запомніла і дасюль памятаю бляск сонца на паверхні Нёмана ў Стоўпцах.
Ці ведаеце Вы, чаму Вас назвалі Івонкай?
У 1935 годзе ў Канадзе жанчына нарадзіла пяцёра дзяўчатак, адну зь якіх назвалі Івонкай. Маім бацькам спадабалася гэтае імя, і яны пачалі мяне называць Івонкай. Аднак калі пайшлі мяне хрысьціць, дык сьвятар адмовіўся мяне назваць Івонкай, бо ў ягоным календары сьвятых не было такога імя, і запісаў мяне Ёаннай. Для бацькоў і сяброў я назаўсёды засталася Івонкай.
А ці была ў дзяцінстве нейкая сямейная мянушка?
Ніякай мянушкі ніколі ня мела.
Пра што Вы марылі ў дзяцінстве?
Ад самага маленства хацела быць мастаком. Думаю, прычына — у пачуцьці задавальненьня, калі настаўніца панесла па ўсёй школе паказваць маю ілюстрацыю казкі “Бабка і рэпка”. Было мне тады шэсьць гадоў.
Ваш шлях у эміграцыю разам з бацькамі быў пакутлівым — які самы страшны ўспамін?
Самы страшны ўспамін з ваенных часоў — гэта сьвіст бомбаў. Часта ляскала зубамі. Ад вайны, аднак, страшных успамінаў вельмі шмат. Сьмерць маёй сястрычкі Прадславы ў шпіталі, дзе я ляжала зь ёй у адным ложку, — найбольш трагічны.
А самы сьветлы?
Гэта калі мой васьмігадовы брацік Лёнік, якога пасьля цяжкой хваробы мама насіла на руках, першы раз змог стаць на ногі.
Які прадмет (дысцыпліна) у школе быў самым любімым?
Заўсёды любіла жывыя мовы і мастацтва. Але некалькі гадоў самым любімым прадметам была матэматыка, а ў апошні год ліцэю — хімія. Усё залежала ад прафэсійных здольнасьцяў настаўніка.
А які — самым нелюбімым?
Мусіць, ніколі не любіла лаціны.
Ці была ў Вашым жыцьці такая крыўда, якой Вы не даравалі?
Шмат чаго не дарую нашым усходнім суседзям.
Ці лёгка Вы самі даруеце людзям крыўды?
Залежыць звычайна ад глыбіні раны. Але ў гэтым мамэнце не магу прыпомніць ніводнага прыкладу.
Пра што Вы найбольш шкадуеце ў жыцьці?
Шкадую, што прыйшлося пражыць жыцьцё далёка ад зямлі маіх продкаў.
Пасьля таго як у маленстве Вас вывезьлі зь Беларусі, Вы жылі ў некалькіх краінах — у Францыі, Гішпаніі і Канадзе. Дзе пачуваліся найбольш камфортна?
Апрача Францыі, Гішпаніі і Канады, я жыла тры гады ў Даніі — адразу пасьля вайны, калі пасьля нейкага часу мы пачалі жыць больш-менш нармальна, нягледзячы на тое, што жылі ў лягерах для ўцекачоў. Я тады моцна палюбіла Данію. Яшчэ сёньня маю з таго часу сяброў.
Якім чынам навіны з Бацькаўшчыны даходзілі да Вас у часы СССР?
Шмат вестак да нас не даходзіла. Мы не ўяўлялі сабе нават, што людзі між сабой гавораць па-расейску, што ўважаюць сваёй айчынай Савецкі Саюз „ад Берасьця да Ўладзівастоку“! Мы ня верылі, што людзі выяжджаюць у Расею добраахвотна. Ведалі шмат пра замежную палітыку Масквы, але вельмі мала пра “homo sovieticus” і пра ўнутраныя парадкі ў імпэрыі. Ведалі пра псыхіятрычныя шпіталі. Але толькі ад генэрала Грыгарэнкі даведаліся, што ў Беларусі руйнавалі сьвятыні ў шасьцідзясятыя гады.
Які Ваш самы вялікі шанцунак у жыцьці?
Спатканьне з маім мужам. Удзячная за тыя трыццаць сем гадоў, якія мы пражылі разам.
Калі разам з мужам Янкам Вы працавалі на беларускім радыё ў Мадрыдзе, якія тэмы перадачаў лічылі найважнейшымі?
Зьмест беларускіх перадачаў Гішпанскага радыё быў такім, які мы хацелі. Не было з боку Гішпаніі ані цэнзуры, ані загадаў. Пачыналіся перадачы весткамі, прадаўжаліся рэдакцыйным артыкулам на міжнародныя тэмы, а рэшта — зьмест чыста беларускі. Гаварылі пра ўсё, пра што не гаварылася ў Беларусі і не гаворыцца цяпер. Пра палітыку, гісторыю, культуру — не было тэмы, якой бы мы не закраналі. Часта перадавалі артыкулы, апублікаваныя ў беларускай эміграцыйнай прэсе. Перадавалі заявы Рады БНР, заклікі Мікола Абрамчыка з нагоды 25-га Сакавіка. На жаль, нашыя перадачы моцна глушыліся, так што, нягледзячы на іх тэхнічную якасьць, няшмат можна было пачуць у самой Беларусі.
Ці не нудзіла Вас сваім канцылярызмам праца ў Бюро перакладаў ураду Канады?
Праца перакладніка — праца творчая, нягледзячы на тое, што перакладнік перадае на іншай мове думку кагосьці іншага. Нуднай гэтую працу ніколі не ўважала. Пагатоў што Бюро перакладаў Канады было вельмі вялікае, перакладаліся тэксты на розныя тэмы, у розных спэцыяльнасьцях. Я працавала з тэкстамі на палітычныя тэмы, перакладала тэксты Нацыянальнага музэю, Музэю мастацтва Канады, працавала ў Статыстычным бюро, дзе спэцыялізавалася ў дэмаграфіі, у канцы кіравала аддзелам у Міністэрстве здароўя. Празь нейкі час вучыла іншых перакладнікаў. Пасьля мяне папрасілі стварыць аддзел перакладаў з чужаземных моваў на францускую — ім кіравала 14 гадоў. Так што нудна на працы ніколі не было.
Што найцяжэйшае было для Вас як для перакладніцы?
Вечна сьпешная праца.
Ці здараліся ў Вас моманты роспачы і безвыходнасьці, і калі так, што выратоўвала ў такіх сытуацыях?
Так, здараліся. Калі прычыны не залежаць ад мяне — малітва.
Якая галоўная рыса Вашага характару?
Галоўная рыса майго характару — вера. Шмат маіх дасягненьняў — дзякуючы сіле веры.
Адна Вашая дачка, Ганя, паводле адукацыі матэматык, другая, Паўліна, — музыказнаўца. Ці паўплывалі Вы на іхны выбар прафэсіі?
Не, мы абсалютна не ўплывалі на выбар прафэсіі нашых дачок. Пакінулі ім поўную свабоду. Паўлінку прынялі на біялёгію ў прэстыжны ўнівэрсытэт, зьмяніла пляны ў апошні момант. Ганя, вельмі здольная да моваў, апраўдала выбар матэматыкі тым, што ня мела б ніякага задавальненьня, калі б выбрала лёгкі для яе прадмет.
А ці раілі Вы ім пры выбары мужоў?
Не мяшаліся ў іхнае жыцьцё і пры выбары мужоў. Аднак задаволеныя былі з выбару.
Назавіце трох людзей (ня зь ліку блізкіх), якія найбольш на Вас паўплывалі.
Мой прафэсар Жан Сувэрбі зьмяніў мой погляд на мастацтва, настаўніца францускай літаратуры адкрыла вочы на ўсё, што трэба шукаць між радкамі клясычнага тэксту, і — Інгрыд Бэргман у ролі Жанны д’Арк.
Вы казалі пра вялікае ўражаньне, якое зрабіў на вас Васіль Быкаў. Якую галоўную адметнасьць Быкава можаце назваць?
Як і ўсе мы, захапляюся творчасьцю Васіля Быкава. Мела шчасьце пазнаёміцца зь ім і Ірынай Міхайлаўнай у Празе. Пакінулі яны на мяне незабыўнае ўражаньне, і яшчэ цяпер успамінаю цудоўныя мамэнты, праведзеныя разам кругом стала ў іхным памешканьні. Спадар Васіль быў чалавекам спакойным, памяркоўным і адначасна вельмі яскравым і глыбокім. Але перадусім бясконца любіў Беларусь і стараўся перадаць гэтую любоў сваім чытачам.
Чым больш за ўсё ганарыцеся ў жыцьці?
Напйбольш ганаруся, магчыма, тым, што мела адвагу стварыць Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі і ўзначальваць яго восем гадоў. Думаю, што Фонд дапамог шмат каму зь цяпер ужо дарослых беларусаў вырасьці здаровымі і з дасьведчаньнем, якога іншым шляхам не здабылі б. Спадзяюся, што яны ўжываюць гэта на карысьць свайго народу. Таксама ўважаю безумоўным і вялікім гонарам, што суайчыньнікі выбралі мяне Старшынёю Рады БНР.
А пра што шкадуеце?
Шкадаваць ня мае сэнсу, калі чалавек стараецца рабіць усё як найлепш, паводле сваіх магчымасьцяў у дадзены мамэнт. Лёс часам мог бы быць шчадрэйшым да кожнага з нас, але гэта ўжо ад нас не залежыць.
Адзін Ваш зяць музыкант, а другі — палітоляг. З кім больш спрачаецеся?
Абодва мае зяці цудоўныя хлопцы. Разумныя, таленавітыя і, што ўважаю найважнейшым, вельмі добрыя мужы для маіх дзяўчатак. Безумоўна, часам мы не згаджаемся ў той ці іншай справе, але да “вайны” між намі ніколі не даходзіць.
Як Вам падабаецца адпачываць?
Люблю хадзіць па музэях, менавіта — мастацкіх. Захапляюся. І ў гэты момант забываюся на бальшыню складанасьцяў жыцьця.
Якое Вашае любімае сямейнае сьвята?
Яшчэ ў дзяцінстве ў Даніі моцна палюбіла Каляды.
Што азначаюць у Вашым жыцьці грошы, наколькі яны важныя?
Каб было іх болей, безумоўна, прыдаліся б. Але яшчэ ў дзяцінстве навучылася шанаваць іншыя каштоўнасьці, найвялікшай зь якіх уважаю самое жыцьцё.
Ці любіце гатаваць?
На жаль, не навучылася я “любіць гатаваць”, калі мела на гэта магчымасьць. А цяпер запозна.
Маеце нейкія ўласныя “сакрэтныя” рэцэпты?
Не.
Якое віно болей любіце — чырвонае ці белае?
Чырвонае.
Што для Вас музыка?
Музыка — адзін зь вялікіх Божых дароў чалавецтву.
Вашая маладосьць супала з усплёскам The Beatles і Rolling Stones — ці былі вы на іхных канцэртах, хто зь іх вам бліжэйшы?
На жаль, на канцэртах ані Beatles, ані Rolling Stones ніколі не была. Але з мужам вельмі любілі Beatles.
Ці сочыце вы за спартовымі спаборніцтвамі? Калі сустракаюцца беларускія і канадзкія хакеісты — за каго заўзееце?
Безумоўна, сачу, калі бяруць у іх удзел нашыя суродзічы. Каго падтрымліваю, калі гуляюць беларускія хакеісты з канадзкімі? Адгадайце!
За стырном аўтамабіля — Вы асьцярожны шофэр ці агрэсіўны?
Я вельмі асьцярожны шофэр… прынамсі так сама думаю.
Уявіце, што маеце магчымасьць перанесьціся на кароткі час у нейкі год зь мінулага. Які б гэта быў год?
Мусіць, у 1959–60-ы, калі выйшла замуж за Янку.
А які год Вы хацелі б наведаць у будучыні?
У будучыні хацела б наведаць год адраджэньня назаўсёды незалежнай, дэмакратычнай Рэспублікі Беларусі!
Якія кнігі Вы перачытваеце?
Вяртаюся да тэкстаў, якія мяне кранулі сваім прыгаством (гэта часта паэмы) або зьместам. Шмат разоў перачытвала “Апокрыф” Багдановіча.
На што Вы больш спадзеяцеся?
Спадзяюся, што новае пакаленьне асягне тыя мары, якіх не асягнулі мы.
Сьцяг, «Пагоня», мова
Якое першае слова Вы прамовілі? І на якой мове?
У дзяцінстве я ведала толькі адну мову — беларускую. І ўяўляю, што першымі словамі былі «мама» і «тата».
Калі Вы ўпершыню ўбачылі бел-чырвона-белы сьцяг?
Дзіцем, у Беларусі. Іншых сьцягоў у нас ніколі не было.
Што Вы адчулі, калі даведаліся, што ў 1995 годзе бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня былі пазбаўленыя статусу дзяржаўных сымбаляў?
Адчула, што вяртаецца наш народ — добраахвотна! — у няволю. Маёй роспачы не было канца.
Што б Вы сказалі тым, хто лічыць, што Беларусь можа існаваць і безь беларускай мовы?
Мова — увасабленьне душы народу. Так як чалавек ня можа існаваць без душы, народ не народ без сваёй мовы. Усе акупанты, усе калянізатары пачынаюць сваю захопніцкую, асыміляцыйную дзейнасьць ад забароны мовы паняволенага народу.
На Ваш погляд, ці могуць суіснаваць у беларускай мове „тарашкевіца“ і „наркамаўка“?
Спадзяюся, што з часам беларусы вернуцца да тарашкевіцы, бо яна лепш перадае якасьці нашай прыгожай мовы.
Ці верыце Вы, што “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг вернуцца ў якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларусі?
Інакш яно і быць ня можа.
Пра маладосьць і сталасьць
Ці вучыцеся Вы чаму-небудзь у моладзі?
Думаю, што толькі чалавек, які перастаў цікавіцца людзьмі і сьветам вакол сябе, перастае вучыцца. Тады хіба толькі веды і досьвед, якія ён сам яшчэ здольны перадаць наступным пакаленьням, апраўдваюць ягонае існаваньне.
Якія звычкі і якасьці сучаснай моладзі Вам сымпатычныя?
Адвечныя якасьці моладзі: ідэалізм, адвага, вера ў будучыню.
А якія, наадварот, выклікаюць трывогу?
Адсутнасьць цярплівасьці.
Лічыцца, што кожны ўзрост мае свае перавагі. Якія перавагі сталага ўзросту?
Дасьведчаньне. Памяркоўнасьць.
Што б Вы параілі маладым беларусам?
Калі ад вас гэта залежыць, не пакідайце сваёй Радзімы.
Пра веру
Якую ролю ў Вашым жыцьці адыгрывае рэлігія?
Веру ў сілу малітвы.
Хто Вы паводле веравызнаньня — праваслаўная, каталічка, уніятка?
Мяне ахрысьцілі ў праваслаўнай царкве ў Стоўпцах. У жыцьці, аднак, я мела магчымасьць пазнаёміцца зь некалькімі іншымі хрысьціянскімі канфэсіямі і ўважаю, што супольнага між імі шмат болей, чым адрознага. Таму адчуваю сябе перадусім хрысьціянкай.
Якой Вы бачаце ролю Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы?
Веру, што прыйдзе час, калі Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква заменіць у Беларусі расейскае праваслаўе. Яно ў Беларусі заўсёды было на службе імпэрскіх інтарэсаў Расеі.
Пра мастацтва
Калі Вы ўпершыню зразумелі, што будзеце маляваць?
Зразумела, да якой ступені люблю маляваць, калі першы раз узяла ў рукі алавік. Але захаплялася працамі таты яшчэ задоўга перад тым.
Ці лічыце Вы сябе прафэсійным мастаком?
Абсалютна.
Які колер найбольш любімы?
Чырвоны колер на тле белага палатна.
Назавіце трох мастакоў, якія зрабілі на Вас найбольшае ўражаньне. І чым?
Трое мастакоў, якіх я найбольш цаню, — гэта Батычэлі дзеля прыгажосьці ягонай лініі, Пікаса дзеля ягонага пачуцьця свабоды і ягонай адвагі, Шагал дзеля прысутнасьці Беларусі ў ягоным мастацтве.
Ці ўпісваецца беларускае выяўленчае мастацтва ў сусьветны кантэкст?
Безумоўна, і амаль уся École de Paris была выключна беларуская… Ня ўпісваўся ў кантэкст прынамсі заходняга эўрапейскага мастацтва толькі савецкі сацрэалізм.
Ці даводзілася Вам вяртацца да сваіх жывапісных твораў праз доўгі час — дапісваць, дамалёўваць, перарабляць?
Не. Але часам вяртаюся да тае самае тэмы.
Пра БНР
Якое сваё дасягненьне на пасадзе Старшыні Рады БНР лічыце галоўным?
Тое, што Рада працуе, і працуе ў згодзе. Прыгадваюцца дні БНР у Эўрапарлямэнце ў Страсбуры і падпісаньне разам зь лідэрамі беларускіх арганізацыяў Віленскага мэмарандуму.
Што б Вы хацелі зьмяніць у дзейнасьці Рады БНР?
Калі б уважала, што трэба нешта зьмяніць, дык думаю, што дасюль гэта было б зроблена. Статут Рады, прыняты ў 2000 годзе, на маю думку, адпавядае нашым патрэбам.
Хто з Вашых папярэднікаў на пасадзе Старшыні Рады выклікае ў Вас большую сымпатыю?
Усе мае папярэднікі зь вялікай ахвярнасьцю выконвалі прынятыя на сябе абавязкі. Беручы, аднак, пад увагу вельмі цяжкія ўмовы, у якіх гэта рабіў Мікола Абрамчык у пасьляваенны пэрыяд, прыпамінаю яго з асаблівай сымпатыяй.
Якую частку Вашага часу займае праца Старшыні Рады?
Уся мая дзейнасьць зьвязаная з Радай БНР.
Ці не шкадуеце, што ў свой час пагадзіліся абрацца на Старшыню Рады БНР?
Адчуваю вялікую ўдзячнасьць калегам, якія мяне пераканалі пагадзіцца, каб мая кандыдатура была выстаўленая на выбары на сэсіі Рады ў 1997 годзе. Было гэта праз тры месяцы пасьля сьмерці мужа, і я не была пэўная, ці ня будзе для мяне цяжкай гэтая адказнасьць. Але падтрымка родных і суродзічаў дапамагла пераадолець усе цяжкасьці. І пасада гэтая дазволіла мне зьдзейсьніць шмат мэтаў, якіх інакш ня зьдзейсьніла б.
Пра Чарнобыль
Як вядома, у Канадзе пра Чарнобыль даведаліся раней, чым у Беларусі. Якое было першае адчуваньне, ці адразу ўсьвядомілі маштаб небясьпекі?
З мужам пачулі пра ядзерную катастрофу ў СССР, як толькі пра яе заявіла Швэцыя. “Хаця б не зачапіла Беларусь”, — падумалі мы. А калі сказалі, што выбухнуў рэактар на поўначы Ўкраіны і вецер вее на поўнач, — безумоўна, і я, і Янка зразумелі, што Беларусь пацерпіць. Для мяне ў гэты мамэнт скончыўся сьвет, хоць канадыйскія навукоўцы запэўнівалі, што калі б было так страшна, яны пра гэта ведалі б… Пра сапраўдны маштаб катастрофы даведаліся мы толькі ў 1989 годзе. У лістападзе 89-га стварылі Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі.
Што было найцяжэйшым у арганізацыі дапамогі пацярпелым ад Чарнобылю?
Першыя паўтара года было найцяжэй зьбіраць сродкі, нягледзячы на велізарныя высілкі з нашага боку.
Вы спрыялі аздараўленьню ў Канадзе тысячаў беларускіх дзяцей. Калі яны вырасьлі — ці перадаў вам хто-небудзь зь іх словы падзякі?
Ня думаю, што дзеці здавалі сабе справу, колькі адданых людзей працавала, каб дапамагчы ім прыехаць на аздараўленьне ў Канаду. Сем’і дзетак затое пісалі канадзкім сем’ям лісты падзякі. І калі канадзкія сем’і езьдзілі ў Беларусь, каб іх адведаць і зь імі пазнаёміцца, прымалі іх з сапраўднай беларускай гасьціннасьцю.
Чаму, на Ваш погляд, сёньня сьвет менш цікавіцца праблемай Чарнобылю, чым 25 гадоў таму?
Праблема Чарнобылю зьнікла з экранаў тэлевізараў і зь іншых мэдыя дзякуючы перадусім стараньням урадаў пацярпелых краін і высілкам ядзернай індустрыі. А адзінае, чаго хоча народ, — гэта забыцца пра той кашмар. На жаль, Лукашэнка скарыстаў з гэтага, каб узяцца за будоўлю новай АЭС у Астраўцы, якая можа стацца найбольшай бядой, якую ён пакіне па сабе беларускаму народу.
Як Вы ставіцеся да ядзернай энэргетыкі?
Абсалютна не давяраю ядзернай энэргетыцы. На месцы Ангелы Мэркель я таксама пазбавілася б усіх ядзерных электрастанцыяў.
Пра палітыку
Які сусьветны палітычны лідэр у гісторыі ці ў сучаснасьці Вам найбольш сымпатычны?
У той меры, у якой Папа Рымскі Францішак ёсьць ня толькі рэлігійным лідэрам, назаву яго.
Якімі прынцыпамі не павінен ахвяраваць палітык?
Перадусім маральнымі.
А палітычны дзяяч у Беларусі?
Абсалютным прыярытэтам мусіць быць незалежная дзяржава Беларусь.
Што б Вы сказалі Лукашэнку, калі б давялося зь ім сустрэцца?
З Лукашэнкам мне не давядзецца сустрэцца.
Як Старшыня Рады БНР Вы трымаецеся партыйнай нэўтральнасьці. Але калі б Вы не займалі гэтай пасады, якая плынь Вам бліжэйшая — кансэрватызм, лібэралізм, сацыял-дэмакратыя ці нешта яшчэ?
Дзеля таго што я зьяўляюся Cтаршынёй Рады, на такое пытаньне ў гэтым мамэнце адказваць ня буду.
Ад якіх памылак Вы хацелі б засьцерагчы маладых палітыкаў?
Маладыя палітыкі маюць тэндэнцыю ўважаць, што яны ўсё ведаюць і ўсё разумеюць. На жаль, з прычыны іхнага ўзросту не заўсёды бачаць складанасьць або ўсе аспэкты тае ці іншае праблемы. Хацела б ім параіць не адкідаць досьведу старэйшых і браць пад увагу думку і парады сваіх калегаў, у тым ліку і калегаў-жанчын.
Чаго, на Ваш погляд, не хапае беларускім дэмакратычным палітыкам?
Я стаўлюся да беларускіх дэмакратычных палітыкаў зь вялікай павагай. Працуюць яны ў вельмі цяжкіх умовах. Праз інфармацыйную блякаду ня маюць магчымасьці расказаць насельніцтву пра свае праграмы і свае дасягненьні. А ўрадавыя апаратчыкі карыстаюць зь любой нагоды, каб іх абліць брудам. Уважаю, што адзінае, чаго ім не хапае, — гэта вольных сродкаў масавай інфармацыі. І свабоды слова.
Пра сьвет і пра людзей
Як Вы ўспрымалі Савецкі Саюз у гады яго існаваньня?
СССР мы ўспрымалі як турму народаў.
А БССР?
БССР была адным з гэтых паняволеных народаў. Нашым адзіным жаданьнем было бачыць Беларусь вольнай і незалежнай. Ня верылі, што маскоўскі рэжым да тае ступені здолеў перамыць мазгі народу.
Вы жылі ў Даніі, Францыі, Гішпаніі і Канадзе. Назавіце па адной адметнай якасьці кожнай нацыі.
У Даніі мяне найбольш уразіла павага людзей адны да другіх. У Францыі — крытычны погляд на сьвет. У Гішпаніі — гонар. У Канадзе — узаемадапамога ў бядзе.
Вашыя самыя любімыя месцы ў Парыжы, у Мадрыдзе і ў Атаве.
Цяжка абмежавацца адным месцам… У Парыжы заўсёды хочацца пасядзець каля Fontaine de Medicis, у Мадрыдзе — прайсьціся па парку Retiro, у Атаве — праехацца ўздоўж каналу Rideau. Заўсёды вельмі добра сябе адчуваю ўва ўсіх мастацкіх музэях: у Люўры і ўва ўсіх іншых галерэях і музэях у Парыжы, у музэях Прада і Каралевы Сафіі ў Мадрыдзе, у Мастацкай галерэі ў Атаве.
Вам давялося жыць у Гішпаніі на мяжы 1950–60-х, пры Франка. Як адчувалася там ягоная дыктатура?
У Гішпаніі я жыла ад 1959 да 1969 году. Тады ўжо дыктатура не адчувалася так, як у саракавыя ці пяцідзясятыя гады. Мы пачуваліся вольна. Ніхто за намі не сачыў, ніхто не правяраў пашпартоў. Людзі наракалі, але калі мы ім казалі, што Франка стары і хутка памрэ, дык нават журналісты выказвалі думку, што будзе жыць сто год. Чынавенства паводзіла сябе добра, і беднасьці ў канцы шасьцідзясятых у Гішпаніі не было.
У Францыі сапраўды найлепшая кухня?
У маім дзяцінстве і юнацтве ў нас не было сродкаў хадзіць па рэстарацыях. Кухня ў Францыі сапраўды добрая, калі сумленны кухар і ёсьць грошы на прысмакі.
Што Вам даюць падарожжы?
Перадусім азнаямленьнне з рэштай чалавецтва. Пакуль што ня бачыла краіны, якая не была б цікавай.
Ці згодныя Вы з прагнозам, што хрысьціянская Эўропа зьнікне пад экспансіяй ісламскай цывілізацыі?
Ня зьнікне. Прынамсі ня зьнікне з прычыны экспансіі ісламскай цывілізацыі.
Як Вы ставіцеся да фэмінізму?
Паняцьце „фэмінізм“ даволі складанае. Калі пытаньне пра тое, ці, на маю думку, жанчыны і мужчыны роўныя, — дык абсалютна.
Што маглі б зрабіць у палітыцы жанчыны такога, на што ня здатныя мужчыны?
Жанчыны больш цэняць жыцьцё. Думаю, што знайшлі б спосаб не дапусьціць, каб канфлікты ператвараліся ў войны.
На Ваш погляд, у лепшы ці ў горшы бок зьмянілі сьвет новыя інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналёгіі (інтэрнэт, сацыяльныя сеткі)?
Разам з новымі тэхналёгіямі чалавецтва набыло і безьліч новых праблемаў. Магчыма, варта было пачаць з разьвіцьця маральных і людзкіх якасьцяў чалавека… Часам думаецца, што вярнуліся мы да Адама і Евы.
Пра Беларусь і беларусаў
Самае прыгожае месца ў Беларусі, на Ваш погляд.
На маю думку, няма ў Беларусі месца, якое адно можна назваць найпрыгажэйшым. Кожны куточак яе для мяне мілы. Ад Браслаўскіх вазёраў да Палесься, ад Белавескай пушчы да Віленшчыны, ад Полацку і да Воршы.
Ці спадзеяцеся зноў прыехаць у Беларусь?
Жылі мы з мужам усё жыцьцё надзеяй, што вернемся ў Беларусь. А тата дык нават адмовіўся эміграваць за акіян, бо, казаў, “з Францыі будзе лягчэй вярнуцца дахаты”.
Калі б у Вас зьявілася магчымасьць наведаць толькі тры месцы ў Беларусі — што б гэта было?
Вельмі цяжкое пытаньне. З аднаго боку, хацелася б ізноў пабачыць Засульле, Стоўпцы, Баранавічы, наведаць Ішкалдзь, пабываць у вельмі мне мілай малой бацькаўшчыне майго мужа — на Смаргоншчыне… Але адначасна — яшчэ не была ў Полацку, у Наваградку, на Палесьсі! Хацелася б наведаць кожны горад, кожнае мястэчка, кожную вёсачку Беларусі.
Якім якасьцям беларусаў могуць пазайздросьціць іншыя нацыі?
Згаджаюся з Максімам — месцу, якое займае прыгаство ў жыцьці нашага народу.
А якіх якасьцяў беларускага нацыянальнага характару пажадана было б пазбыцца?
Не хапае ў нас салідарнасьці.
Якая краіна, на Ваш погляд, можа быць найбольш надзейнай хаўрусьніцай Беларусі?
Пакуль Беларусь ня стане на ногі — ніякая. Затое маю вялікія надзеі на эўрапейскую будучыню Беларусі.
Ці верыце Вы ў тое, што калі-небудзь Расея будзе падтрымліваць сувэрэнітэт Беларусі?
Не.
Што дапамагае Вам верыць у будучыню Беларусі?
Усё жыцьцё верыла, што наш цудоўны край калісьці станецца паўнавартаснай эўрапейскай дзяржавай. Гэта была нейкая глыбокая, магчыма, генэтычная ўпэўненасьць…. Заўсёды верыла: калі беларусы зразумеюць, што ад іх залежыць будучыня свае зямлі, ды перастануць верыць хлусьлівай прапагандзе “братняга народу” — адзінаю мэтаю якога ёсьць адабраць у іх волю ўзяць свой лёс у свае рукі — тады забудуцца, што “іхная хата з краю”!
Ці верыце вы, што ў Беларусі нейкі асобны, адметны шлях, альбо ёй давядзецца прайсьці тым жа шляхам, што і яе эўрапейскім суседзям?
Упэўненая, што наш край можа стацца другой Даніяй, Швайцарыяй ці Ісьляндыяй.
Якой Вы ўяўляеце Беларусь праз 100 гадоў?
Дзякуючы здольнасьцям і працавітасьці беларускага народу краіна нашая, як Данія, будзе ў 2118 годзе адной з найбольш разьвітых дэмакратыяў Эўропы. Безумоўна, спадзяюся, што да таго часу народ наш зразумее, што ад яго залежыць будучыня краіны.
І яшчэ пра сябе
Што б Вы зьмянілі ў сваім жыцьці, калі б можна было пражыць яго зноў?
Калі б мела магчымасьць пражыць жыцьцё зноў, зьмяніла б сваё дзяцінства. Хацела б пазнаць дзяцінства без вайны. І пражыць жыцьцё ў “ціхай і ветлай” незалежнай дзяржаве Беларусі.
Ці баіцеся Вы сьмерці?
Не.
Як Вы думаеце, што застанеца пасьля Вас?
Спадзяюся, што толькі добрыя ўспаміны :-) Але пра гэта ня мне казаць.
Самая галоўная выснова з жыцьця, якую вы хацелі б перадаць беларусам — і сучасьнікам, і тым, хто будзе пасьля?
За мае больш як восемдзесят гадоў жыцьця давялося мне шмат перажыць, шмат пабачыць, шмат чаго асэнсаваць і часам нават знайсьці адказы на дасюль незразумелыя загадкі жыцьця.
Як і іншыя беларусы замежжа, я ўсё жыцьцё спадзявалася, што дачакаемся волі і дабрабыту любімага краю. Моцна перажывала чарнобыльскую бяду і падзеі пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Асабліва цяжка было бачыць, як наш разумны, інтэлігентны народ, заміж каб брацца за адбудову свае незалежнае дзяржавы, ня толькі дазволіў дыктатару зьдзекаваццца з усяго беларускага, але і зусім абыякава ўспрыняў намаганьні выбранага ім прэзыдэнта зноў перадаць незалежную Беларусь маскоўскай імпэрыі.
З часам толькі зразумела, што “анямелы народ” ня быў здольны рэагаваць. Але “анямелым” яго зрабіла чужая імпэрыя. Каб выжыць, трэба было маўчаць. А тымчасам акупацыйная ўлада актыўна прамывала беларускаму народу мазгі, стварала культ “братняга народу”. Такім чынам здолела спазьніць ледзь не на стагодзьдзе адраджэньне шматвяковай нацыі.
Праўда, народ выжыў, і ня толькі выжыў, але і выпрацаваў надзвычайныя здольнасьці дастасоўвацца да абставінаў. На жаль, ня ўзьняўся на наступную прыступку лесьвіцы. Разьвіцьцё ўсяго, што вышэй за матэрыяльнае забесьпячэньне, дасюль ня сталася ў нашых людзей прыярытэтам жыцьця. Падазраю нават, што дасюль шмат маіх суродзічаў не разумеюць, што такое сапраўдная свабода, свабода слова, чаму іншыя народы так цэняць людзкія правы, чаму кара сьмерцю непрымальная для цывілізаванага чалавека, чаму грамадзтву для сужыцьця патрэбная салідарнасьць.
Падняўшыся яшчэ на адну прыступку лесьвіцы, людзі зразумелі б, што чалавеку ня так патрэбныя грошы, як любоў і павага сваіх і чужых, што аддаваць — большае задавальненьне, чым атрымоўваць. І што прысьвяціць сваё жыцьцё будоўлі ўласнага беларускага дому — важней, як пакласьці колькі рублёў на рахунак у банку.
Дык гэта можа і ёсьць галоўнай высновай майго жыцьця. Памятайма, аднак, што толькі зьяднанымі і салідарнымі мы збудуем наш беларускі дом. Толькі калі шчодрасьць, шляхотнасьць пачуцьцяў і ўзаемапавага стануць для нас большымі каштоўнасьцямі, чым асабістыя амбіцыі ды матэрыяльныя здабыткі, мы зоймем пачэснае месца ў сям’і разьвітых народаў сьвету.