Стывэн Гокінг, бліскучы фізык, які памёр у сераду ва ўзросьце 76 гадоў у Кембрыджы, ніколі не атрымліваў Нобэлеўскай прэміі. Але яго кніга «Кароткая гісторыя часу» зрабіла яго зоркай далёка па-за межамі сваёй галіны навукі.
Каб лепей зразумець, чым жыў гэты чалавек, прасьцей за ўсё зьвярнуцца да яго шматлікіх інтэрвію. Пра жыцьцё, сьмерць, Бога, гумар і будучыню.
Пра сьмерць
«Я жыў з пэрспэктывай раньняй сьмерці на працягу апошніх 49 гадоў. Я не баюся сьмерці, але я не сьпяшаюся паміраць. У мяне ёсьць так шмат таго, што я хачу спачатку зрабіць».
Жыцьцё пасьля сьмерці
«Я лічу, што мозг, як кампутар, які перастане працаваць, калі яго кампанэнты выйдуць са строю. Няма ні раю, ні замагільнага жыцьця для зламаных кампутараў; гэта казачная гісторыя для людзей, якія баяцца цемры».
Місія ў жыцьці
«Мая мэта простая. Гэта поўнае разуменьне сусьвету, чаму ён менавіта такі і чаму ён увогуле існуе».
Бог
«Няма ніякага бога. Я атэіст».
Вядомасьць і інваліднасьць
«Адваротны бок маёй знакамітасьці тое, што я не магу пайсьці нікуды у сьвеце, каб застацца непазнаным. Для мяне недастаткова насіць цёмныя акуляры і парык. Інвалідны вазок выдае мяне».
Аб прыняцьці рызыкі
«Я хачу паказаць, што людзі не павінны быць абмежаваныя фізычнымі недахопамі, калі яны захоўваюць свой дух».
Недасканаласьць
«Без недасканаласьці вы ці я наўрад ці існавалі б».
Эўтаназія
«Ахвяра павіненна мець права скончыць сваё жыцьцё, калі хоча. Але я думаю, што гэта было б вялікай памылкай. Якім бы дрэнным жыцьцё не здавалася, заўсёды ёсьць тое, што вы можаце зрабіць і дасягнуць посьпеху. Пакуль ёсьць жыцьцё, ёсьць надзея».
Навуковае адкрыцьцё
«Я б ня стаў параўноўваць гэта з сэксам, але яно цягнецца даўжэй».
Адсутнасьць «Нобэля»
«Нобэль» даецца толькі за тэарэтычную працу, якая была пацьверджана назіраньнем. Вельмі, вельмі цяжка назіраць за рэчамі, зь якімі працаваў я».
Інтэлектуальная самарэкляма
«Людзі, якія хваляцца сваім IQ, — лузэры».
Важнасьць пачуцьця гумару
«Жыцьцё было б трагічным, калі б не было сьмешным».
Пра начное ТВ
Джон Олівэр, вядучы камэдыйнай праграмы «Last Week Tonight»: «Вы заявілі, што можа існаваць бясконцая колькасьць паралельных сусьветаў. Ці азначае гэта, што ёсьць сусьвет такі, дзе я разумнейшы за вас?»
Хокінг: «Так. А таксама сусьвет, дзе вы добра жартуеце».
Пра падлеткавыя эмоцыі і смутак
«Мая парада любой забітай горам маладой дзяўчыне — зьвярнуць пільную ўвагу на вывучэньне тэарэтычнай фізыкі. Таму што ў адзін цудоўны дзень цалкам можна даказаць множнасьць сусьветаў. Гэта ў межах магчымасьці, што недзе па-за межамі нашага ўласнага сусьвету ляжыць зусім іншы сусьвет. І ў гэтым сьвеце Зайн усё яшчэ сьпявак у One Direction. Гэтая дзяўчына можа заўважыць, што ў гэтым іншым сусьвеце яна і Зайн шчасьлівая сям’я».
Пра жанчын
«Жанчыны. Яны поўная таямніца».
Пра Брэксіт
«Я займаюся найскладанейшымі матэматычнымі пытаньнямі кожны дзень, але, калі ласка, не прасіце мяне дапамагчы з Брэксітам»
Людзі
«Мы проста „прасунутая“ парода малпаў на дробнай плянэце каля вельмі сярэдняй зоркі. Але мы можам зразумець сусьвет. Гэта робіць нас нечым вельмі асаблівым».
Веды
«Самым вялікім ворагам ведаў зьяўляецца ня невуцтва, а ілюзія ведаў»
Чорныя дзіркі
«Яны названыя чорнымі дзіркамі, таму што яны зьвязаны з чалавечым страхам быць зьнішчаным або паглынутым. У мяне няма страху быць кінутым у іх. Я іх разумею. Я адчуваю сябе ў пэўным сэнсе іх гаспадаром».
Дэпрэсія
«Чорныя дзіркі ня чорныя, як іх малююць. Яны не зьяўляюцца вечнымі турмамі, як калісьці думалі. Усё можа выйсьці з чорнай дзіркі і, магчыма, у іншы сусьвет. Так што, калі вы адчуваеце, што вы ў чорнай дзірцы, не здавайцеся — выйсьце ёсьць».
Штучны інтэлект
Штучны інтэлект можа быць «найгоршай падзеяй у гісторыі нашай цывілізацыі».
Зьмена клімату
«Зьмена клімату зьяўляецца адной з самых вялікіх небясьпек, з якімі мы сутыкаемся, і мы можам яе прадухіліць».
Чужыя
«Калі іншаплянэтнікі калі-небудзь наведаюць нас, я думаю, што вынікі будуць вельмі падобныя да таго, як Хрыстафор Калюмб упершыню высадзіўся ў Амэрыцы, што не скончылася добра для карэнных амэрыканцаў».
Магчымасьць кантакту з іншаплянэтнікамі
«Я думаю, што гэта было б катастрофай. Іншаплянэтнікі, верагодна, будуць далёка наперадзе нас. Гісторыя разьвітых рас і сустрэч больш прымітыўных людзей на нашай планеце ня вельмі шчасьлівая. А яны былі аднымі і тымі ж відамі. Я думаю, што мы павінны трымаць галаву нізка».
Адпраўка чалавека на Марс
«Глупства. Робаты будуць рабіць усё лепш і нашмат таньней, таму што вы не павінны вяртаць іх назад».
Чаму людзі павінны пакінуць Зямлю
«Мы бяжым у космас, і адзінае месца, куды мы можам пайсці — іншыя сьветы. Прыйшоў час, каб дасьледаваць іншыя сонечныя сыстэмы. Распаўсюд чалавецтва — можа быць адзінае, што ратуе нас ад саміх сябе. Я перакананы, што людзі павінны пакінуць Зямлю».
Сэнс жыцьця
«Глядзіце на зоркі, а ня ўніз, пад ногі. Паспрабуйце зразумець, што вы бачыце і падумаць пра тое чаму сусьвет існуе. Будзьце зацікаўленыя. І якім цяжкім жыцьцё б ні было, заўсёды ёсьць чым заняцца і дасягнуць посьпеху».